22 – 23 мая на базе ўстаноў культуры раёна прайшла рэспубліканская навукова-практычная канферэнцыя «Шарашова і Пружанскі край: этнаграфічная, фальклорная, архітэктурная і мастацкая спадчына рэгіёна».
Яе арганізатарамі з’яўляліся Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацянальнай акадэміі навук Беларусі і Пружанскі райвыканкам.
Правядзенню канферэнцыі папярэднічала вялікая падрыхтоўчая праца – арганізацыйная і навуковая.
Месца правядзення і тэматыка прадстаўнічага мерапрыемства былі абраны не выпадкова. У 2025 годзе ўнікальны па сваей значнасці гарадскі пасёлак адзначае 645-годдзе. Менавіта тут мясцовымі майстрамі былі створаны выдатныя помнікі беларускай культуры XVI – XVIII стст. – рукапіснае Шарашоўскае евангелле, Шарашоўскі іканастас, Шарашоўская званіца і інш. З населеным пунктам была звязана дзейнасць буйнейшага вучонага-славіста XIX ст. Міхаіла Баброўскага. Да сённяшняга дня Шарашова ўражвае даследчыкаў і турыстаў захаванымі аб’ектамі гісторыка-культурнай спадчыны – Троіцкім касцёлам, царквой свяціцеля Мікалая Цудатворцы, драўляным храмам святых апосталаў Пятра і Паўла, традыцыйнай драўлянай забудовай і інш. Гэта абумоўлівае пільную ўвагу да Шарашова гісторыкаў, этнолагаў, фалькларыстаў, мастацтвазнаўцаў.
На працягу двух дзён больш за 40 навукоўцаў і краязнаўцаў з Мінска, Гродна, Брэста, Пружан, Шарашова і Ружан прадставілі вынікі сваіх даследаванняў. Усе жадаючыя змаглі наведаць пленарнае пасяджэнне, якое адбылося ў Шарашоўскай дзіцячай школе мастацтваў, а таксама секцыі і круглы стол у Музеі-сядзібе Пружанскі палацык і Пружанскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя М.Засіма. Неабходна адзначыць, што канферэнцыя выклікала вялікі інтарэс не толькі ў даследчыкаў, але і шырокай мясцовай грамадскасці.