Пружанский районный исполнительный комитет

Пружанский районный исполнительный комитет
burger
Главная // 2024 - Год качества

Выпускае яйкі з селенам і асвойвае новыя накірункі развіцця Аранчыцкая птушкафабрыка

25/11/2024 14:51

Чалавек — для любога прадпрыемства галоўны фактар у дасягненні рэзультату. Менавіта так і разважаюць у ААТ «Аранчыцкая птушкафабрыка».

І ў правільным накірунку мысляць. Усё, што ні зроблена ў гэтым свеце, створана рукамі чалавека, працавітага і адказнага, сумленнага. Наўрад ці наступіць час, калі людзей поўнасцю заменіць тэхніка. У любым выпадку спатрэбіцца ён, шчыры працаўнік, які будзе хварэць душой за свой участак работы, перажываць, калі штосьці не атрымліваецца, прыдумваць нешта перспектыўнае, каб падняць прэстыж роднага прадпрыемства. І мы нядаўна пазнаёміліся з такой жанчынай — гэта інжынер па якасці з птушкафабрыкі Тамара Хільковіч.

Інжынер па якасці Тамара Хільковіч у прадукцыі птушкафабрыкі не сумняваецца.

Знешне звычайны чалавек. Але ж галоўнае ў Тамары Іосіфаўне — непадробная шчырасць у зносінах, гатоўнасць ісці ў нагу з часам, жаданне заўсёды быць патрэбнай людзям, жыць і працаваць толькі на якасць. Апошняму спрыяе і сама пасада, і Год якасці, які сёлета крочыць па нашай краіне.

У 1993 годзе Тамара Хільковіч уладкавалася на птушкафабрыку простай рабочай у сартавальны цэх, потым была прадаўцом у фірменным магазіне, што размяшчаецца на тэрыторыі прадпрыемства. Наступная прыступка кар’ернай лесвіцы — аддзел збыту. І вось з 2014 года Тамара Іосіфаўна — інжынер па якасці. Калі адукацыя вышэйшая ёсць і, галоўнае, старанне ў працы, значыць, трэба падтрымліваць работніка, даваць яму магчымасць прафесійна расці, прымяняць свае веды на практыцы. Так і сталася ў выпадку з Тамарай Хільковіч.

Што да абавязкаў, то іх сапраўды хапае, бо якасць прадукцыі — вельмі важны фактар для любога прадпрыемства. Згадзіцеся, не будуць купляць тое, што не мае ні смаку, ні выгляду. Але гэта не пра аранчыцкія яйкі.

З 2007 года птушкафабрыка атрымлівае сертыфікат адпаведнасці на вытворчасць, захоўванне і транспарціроўку сваёй прадукцыі, і так кожныя тры гады. А на месцы кантролем, канечне, займаецца інжынер па якасці. Тут не можа быць памылак і пралікаў, бо гэта ж імідж прадпрыемства і фінансы ад продажу. На асаблівым кантролі санітарны стан на птушкафабрыцы, у прыватнасці, у вытворчых цэхах. Каб усё было чыста і гігіенічна, сочыць адпаведная камісія, у склад якой уваходзіць і Тамара Хільковіч.

А яшчэ інжынер па якасці займаецца вядзеннем і актуалізацыяй фондаў тэхнічных нарматыўных прававых актаў. Простымі словамі, кожны крок у рабоце птушкафабрыкі замацаваны дакументам. Яйкі павінны быць адпаведнай нормы, без сколаў і чыстыя, іх нават прасвечваюць на аўтаматычнай машыне «МОВА 2500», каб пазбегнуць любых адхіленняў. Не выпадае з-пад увагі нават пітная вада, якая выкарыстоўваецца для ўтрымання птушкі. Зерне, якое завозіцца для кармлення курэй, таксама правяраецца. А ўсяго ж на прадпрыемстве 75 нарматыўных дакументаў. Уявіце толькі, як стараюцца на птушкафабрыцы, каб прадукцыя была самай высокай якасці, каб не даводзілася чуць негатыўныя водгукі ад пакупнікоў. І ў гэтым немалая заслуга ў тым ліку і Тамары Хільковіч.

Заўсёды прыемна, калі твая прадукцыя трапляе на прылаўкі магазінаў не толькі ў сваёй краіне. Для гэтага трэба выканаць патрабаванні Мытнага саюза Еўразійскай эканамічнай прасторы. Што гэта значыць? Рабі мікрабіялагічны аналіз яйка, правярай на радыёнукліды, антыбіётыкі, сальманелёз. За ўсім прасачы, усё пракантралюй, нічога не ўпусці. Як адзначае кіраўніцтва птушкафабрыкі, са сваімі працоўнымі абавязкамі інжынер па якасці спраўляецца на выдатна, у тым, што яйкі купляюць і хваляць, немалы ўклад і Тамары Іосіфаўны.

У бягучым годзе Тамара Хільковіч разам з Беларускім дзяржаўным інстытутам стандартызацыі і сертыфікацыі распрацавалі тэхналагічныя ўмовы для вытворчасці яйка курынага, узбагачанага арганічным селенам. Гэты мікраэлемент дабаўляецца ў корм усім птушкам. Але асобным курам павялічваецца норма селену. Чым карысныя такія яйкі? Па-першае, гэта жыццёва неабходны для чалавека мікраэлемент, ён умацоўвае імунную сістэму, зніжае рызыку захворванняў сэрца, папярэджвае пагаршэнне разумовых здольнасцей, падтрымлівае зрокавую функцыю. Па-другое, станоўча ўплывае на здароўе рэпрадуктыўных органаў, рэгулюе абмен рэчываў. Адны плюсы, ды яшчэ якія! Сто грамаў такіх яек забяспечваюць да 50 % сярэднясутачнай патрэбнасці ў мікраэлеменце дарослага чалавека. Таму для здаровага ладу жыцця, калі ласка, купляйце аранчыцкія яйкі, узбагачаныя селенам! Як адрозніць ад звычайных? На ўпакоўках ёсць адпаведная паметка.

Ці хапае за работай часу на сям’ю? Такі чалавек, як Тамара Хільковіч, паспявае ўсюды. Разам з мужам Мікалаем Фёдаравічам выгадавала дзвюх дочак Лізавету і Кацярыну, цяпер вось радуюць унукі Яўгенія, Кірыл і Данііл. Трымаюць парсючка, курэй нельга разводзіць па кантракце. Але не бяда, бо роднае прадпрыемства штомесяц дае бясплатна не менш за 60 яек. Хапае і на амлет, і на пірагі. Так што жыццё ідзе сваёй чаргой, сумленнае і простае, як і ва ўсіх добрых людзей, якіх вельмі многа ў нашай краіне.

Дык хто ж такая Тамара Хільковіч? Яшчэ адзін яскравы прыклад таго, як трэба жыць і працаваць, любіць усё вакол сябе і ведаць, што твае намаганні недарэмныя. Сапраўды, мы — беларусы, мы — народ такі.

Вадзім Раўнейка

Фота Кацярыны Масік

 

К списку новостей

Интернет-ресурсы

Полезные ссылки