Вада, цяпло, святло ў нашых дамах, чысціня і парадак на вуліцах, прыгажосць месцаў адпачынку і многае іншае — штодзённая праца камунальшчыкаў. Менавіта на гэта звярнуў увагу старшыня райвыканкама Міхаіл Грышкевіч у сваім віншавальным выступленні.
— Сімвалічна, што юбілей КУВП «Камунальнік» адзначае ў Год якасці, — зазначыў Міхаіл Міхайлавіч. — Адметна тое, што, нягледзячы на рэжым працы 24/7, калектыў службы ўсё роўна не забываецца пра высокі ўзровень камунальнага сэрвісу, імкнучыся пастаянна павышаць яго. А дадаткова акцэнтуецца ўвага на тое, што рухацца наперад, распрацоўваць новыя працоўныя падыходы трэба з улікам запытаў і пажаданняў пружанцаў.
Старшыня райвыканкама павіншаваў прысутных у зале, а таксама тых, хто не змог прыняць удзел ва ўрачыстасці, выконваючы працоўныя абавязкі. Асобныя словы падзякі выказаў у адрас ветэранаў галіны.
Да яго слоў далучыліся і дырэктар КУВП «Камунальнік» Сяргей Бабрук, і намеснік гендырэктара абласнога прадпрыемства Юрый Міхайлоўскі, і старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Таццяна Гаманчук. Кожны з выступоўцаў выходзіў на сцэну не толькі дзеля цёплых слоў, але і ўручаў граматы, падзячныя лісты заслужаным работнікам. Гэтыя афіцыйныя выступленні былі разбаўлены танцавальнымі і песеннымі нумарамі папулярнага ў Беларусі ансамбля «Свята». Дарэчы, на юбілей артысты прывезлі не толькі вядомыя песні, але і выканалі некалькі прэм’ер, якія пружанскія камунальшчыкі пачулі першымі.