Пружанский районный исполнительный комитет

Пружанский районный исполнительный комитет
burger
Главная // 2024 - Год качества

Малады вадзіцель, якім ганарацца «Жураўлінае» і Пружаншчына! Аляксандр Крэйдзіч падчас жніва перавёз больш за 4 тысячы тон зерня

14/08/2024 15:42

Лепшых рэзультатаў па перавозцы зерня на жніве-2024 сярод маладых вадзіцеляў дамогся Аляксандр Крэйдзіч з ААТ «Жураўлінае» з вынікам больш чым 4000 тон.

Як вядома, усе не могуць быць дырэктарамі гаспадарак, кіраўнікамі прадпрыемстваў, начальнікамі розных аддзелаў, займацца бізнесам. А нехта ж павінен і кароў даіць, будынкі ўзводзіць, дзяцей вучыць, дарогі будаваць, баранку круціць. Шчасце, што ў Беларусі любая прафесія ў пашане, асабліва рукі, натруджаныя, мазолістыя. Вось і Аляксандр Крэйдзіч ганарыцца сваім абраным працоўным шляхам і нават не ўяўляе сябе на іншым месцы. Ды і навошта бегаць, калі ўсё задавальняе?

Працуе Аляксандр ужо чацвёрты год у ААТ «Жураўлінае» вадзіцелем на «МАЗе 650128». Мог абраць другую спецыяльнасць? Дык у маладога чалавека яна і ёсць: тэхнік-механік па сканчэнні Пружанскага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа. Ды прага бясконцасці дарог, прыгожых беларускіх краявідаў, спадарожнага ветрыку ўсё-такі перамагла. А яшчэ… радаслоўныя карані. Усё сваё сумленнае жыццё адпрацаваў вадзіцелем дзядуля Аляксандра Фама Фаміч. Прыкладам таго, як заслужыць павагу на працы, быць чалавекам справы і слова, з’яўляецца і бацька. Мікалай Фаміч працуе ў гэтым жа сельгаставарыстве і трыццаць гадоў калясіць дарогі нашага раёна. У гэтым выпадку застаецца дадаць: гены пальцам нельга сцерці.

І не трэба. Бо, як адзначае кіраўніцтва ААТ «Жураўлінае», такога працаўніка яшчэ пашукаць. Хоць і малады, але задае імпэту ў працы і старэйшым калегам. Кампанейскі, ніколі не крывіць душой, заўсёды гатовы працягнуць руку дапамогі ды проста ўсмешлівы і шчыры хлопец. Вось так характарызуюць Аляксандра ў гаспадарцы. А такіх слоў, сапраўды, патрэбна заслужыць, бо з пустога цябе ніхто хваліць не будзе.

Дык жа стараецца малады вадзіцель, працуе на поўную сілу. Узяць, напрыклад, корманарыхтоўку і жніво. У мінулым годзе Аляксандр заняў трэцяе месца ў раёне па адвозцы кармоў і падчас уборкі дастаўляў тоны зерня на КЗС спраўна і хутка, адвёз больш чым 2 тысячы тон. Жніво сёлетняе яшчэ больш парадавала хлопца і, зразумела, сельгаставарыства. На ўзроўні вобласці (!) Аляксандр быў чатыры разы ў лідарах: яму пакарыліся 1000, 2000, 3000 і… 4000 тон! Нішто сабе так рэзультат, калі працоўны шлях толькі пачынаецца! З такімі тэмпамі існуе вялікая верагоднасць трапіць і на рэспубліканскія дажынкі ў якасці пераможцы. Добраму чалавеку добрыя пажаданні на будучае. Многа, вельмі многа прыемных слоў за плённую працу на гэтай уборцы гучала ў адрас маладога вадзіцеля, ужо не гаворачы пра падарункі, якія будуць напамінам: працуй на сумленне — і цябе заўважаць.

На гэтым можна было б і скончыць аповед. Але ёсць адна акалічнасць, якую нельга ўпусціць. У сям’і Мікалая Фаміча і Алены Васільеўны Крэйдзічаў з в. Малыя Якавічы, акрамя старэйшага Аляксандра, маецца яшчэ двое сыноў! І сярэдні Андрэй (ці здзіўляцца?) таксама працуе ў ААТ «Жураўлінае», праўда, не вадзіцелем, а інжынерам па гаруча-змазачных матэрыялах. Адзін ганяе — другі запраўляе. А што малодшы Іван? Вучыцца ў СШ № 5 г. Пружаны ў 7 класе. І, мусіць, не будзе адкрыццём, калі ў будучым падчас наведвання вышэйназванага сельгаставарыства карэспандэнты «раёнкі» ўбачаць хлопца за рулём аўтамабіля і пажадаюць яму шчаслівых дарог як па жыцці, так і на працы.

Зорак на небе вельмі многа. Але трэба выбраць толькі адну, якая будзе свяціць табе ўсё жыццё, паказваць правільны шлях, накіроўваць на добрыя справы. Вельмі радасна, што Аляксандр Крэйдзіч сваю ўжо знайшоў.

Вадзім Раўнейка.

На здымках: малады вадзіцель Аляксандр Крэйдзіч пэўна ведае, чаго хоча ад жыцця.

Фота Руслана Басака

https://www.budni.by/alyaksandr-krejdzich-peravyoz-bolsh-za-4-tysyachy-ton/

 

К списку новостей

Интернет-ресурсы

Полезные ссылки