Да свайго 85-гадовага юбілею Пружанскі раён падыходзіць з выдатнымі паказчыкамі ў сферы эканомікі, аграпрамысловага комплексу, культурнай і медыцынскай галінах.
2024 год багаты на знакавыя падзеі ў жыцці гараджан. Гэта датычыцца ў першую чаргу аховы здароўя, паколькі здароўе кожнага чалавека паасобку — паказчык моцнай нацыі ў цэлым і дабрабыту грамадзян.
Сёлета ў цэнтральнай раённай бальніцы на сродкі, выдаткаваныя з абласнога і раённага бюджэтаў, а таксама дзякуючы спонсарам закуплена новая машына хуткай дапамогі, праведзена рэканструкцыя і мадэрнізацыя прыёмнага аддзялення, адкрыты кабінет КТ. Гэта сур’ёзны рывок у плане якасці і даступнасці медыцынскага абслугоўвання ў раёне, што дазваляе ў кароткія тэрміны своечасова дыягнаставаць захворванне, папярэдзіць развіццё ўскладненняў і адразу пачаць лячэнне.
— Вядома, любую хваробу лепш папярэдзіць, чым лячыць. Калі раней з непацверджанымі дыягназамі мы адпраўлялі пацыентаў у вобласць, то зараз гэта робім на месцы. Штодзень у кабінеце КТ мы прымаем каля 10 пацыентаў, — адзначыў намеснік галоўнага ўрача па медыцынскай частцы Віктар Шаўчэня. — Істотна абнавілася самае мабільнае аддзяленне ЦРБ — аддзяленне хуткай дапамогі. Закуплены дадатковыя апараты ЭКГ, інфузаматы, электракардыёграфы.
На гэтым добрыя справы не заканчваюцца. Адміністрацыя ЦРБ выказвае падзяку ААТ «Пружанскі малочны камбінат» за аказаную спонсарскую дапамогу ў набыцці УГД-апарата экспертнага класа. Гэта сучаснае абсталяванне вельмі неабходна для выяўлення захворванняў на ранняй стадыі, высокай дакладнасці дыягностыкі пацыентаў са складанай клінічнай карцінай, а таксама для паляпшэння кантролю ў працэсе лячэння.
— Мы вельмі задаволены набыццём апарата. Гэта выводзіць абследаванне пацыентаў на якасна новы ўзровень. Даследаванні на новым УГД-апараце дазваляюць атрымаць высокадэталёвыя выявы нават драбнюткіх структур унутраных органаў, а значыць, выявіць раннюю паталогію. Акрамя гэтага, апарат абсталяваны мноствам іншых функцый: расшыфроўка невыразных сімптомаў, атрыманне трохмерных малюнкаў у рэальным часе ў выпадку цяжарнасці, ацэнка анамалій у дробных сасудах галаўнога мозга, маніторынг захворвання падчас перадаперацыйнай падрыхтоўкі і іншыя, — падкрэсліў Віктар Міхайлавіч.
Пастаянным спонсарам ЦРБ з’яўляецца ААТ «Пружанскі завод радыёдэталяў», дзякуючы якому ўстановай набыты 10 персанальных камп’ютараў з перыферыйнымі прыладамі для стацыянарных аддзяленняў. Закупка ПК дазволіць весці ў электронным выглядзе гісторыі хвароб пацыентаў, што значна скароціць час доктара на запаўненне анкет і суправаджальнай дакументацыі.
Убаку ад добрых спраў не застаецца і СТАА «Штоц Агра-Сэрвіс Брэст». Адміністрацыя ЦРБ таксама дзякуе кіраўніцтву прадпрыемства за аказаную дапамогу і падтрымку ў набыцці высокачастотных электрахірургічных інструментаў у аперблок. Спецыяльныя заціскі для лігавання буйных сасудаў памяншаюць страту крыві пацыента, а таксама скарачаюць час правядзення складаных і працяглых аперацый.
Ірына Велясевіч
Фота аўтара