Дзякуй за працу, пружанцы! Такі лейтматыў гучаў на працягу ўсёй урачыстасці, прысвечанай Першамаю, што адбылася на гарадской плошчы ў аўторак. Сапраўды, нават такое свята магчыма дзякуючы руплівым рукам кожнага пружанца. Таму менавіта людзі працы і сталі галоўнымі героямі мерапрыемства, у якім прынялі ўдзел прадстаўнікі ўсіх працоўных калектываў, грамадскіх арганізацый раёна.
Першым з віншаваннямі не толькі да прысутных на мерапрыемстве, але і да ўсіх жыхароў раёна са святочнай сцэны звярнуўся старшыня райвыканкама Міхаіл Грышкевіч, які падкрэсліў, што святкаванне Першамая ў кантэксце Міру і Працы поўнасцю адлюстроўвае сутнасць нашага нацыянальнага менталітэту.
— Беларусы — мірная нацыя, якая будуе сваю будучыню толькі на сваёй зямлі, сваімі рукамі, не патрабуючы ад суседзяў нічога лішняга,— зазначыў Міхаіл Міхайлавіч. — Наадварот, мы можам дапамагчы навакольным краінам вынікамі руплівай працы, навучыць гаспадарлівасці і павазе жыццёва важных традыцый.
За стварэнне і захаванне слаўных традыцый старшыня райвыканкама Міхаіл Грышкевіч падзякаваў ветэранам працы, якія і будавалі нашу рэальнасць.
Продкі перадалі нам і добрую эстафету, звязаную са штогадовым ушанаваннем лепшых работнікаў на Дошцы гонару. Сёлета яе раённы варыянт істотна абнавіўся, з нагоды чаго адбылася цырымонія ўручэння пасведчанняў арганізацыям і асобным працаўнікам, якія былі ўдастоены высокай адзнакі сваёй работы. Сярод сельскіх выканаўчых камітэтаў узорнай была названа работа Ліноўскага сельвыканкама, лідарамі ў прамысловасці прызнаны ААТ «Пружанскі завод радыёдэталяў», а ў аграпрамысловым комплексе — ААТ «Жураўлінае». Таксама з рук старшыні райвыканкама ганаровыя пасведчанні атрымалі кіраўнікі ПМК-21, амбулаторыі агульнай практыкі аграгарадка Клепачы, СШ №1 імя ЧБВА, дзіцячага садка №3 г. Пружаны, Ружанскіх цэнтра культуры і вольнага часу і бібліятэкі, а яшчэ ўзорнага ансамбля эстраднага танца «Рубікон» гарадскога Палаца культуры.
За вялікі асабісты ўклад у эканоміку Пружаншчыны і высокія прафесійныя дасягненні на раённую Дошку гонару былі занесены 25 работнікаў розных вытворчых і сацыяльных галін — вадзіцелі, механізатары, настаўнікі, трактарысты, жывёлаводы, камунальшчыкі, энергетыкі, будаўнікі, паштавікі, жывёлаводы, даяркі, ляснічыя, прадаўцы, выратавальнікі, медыкі і меліяратары.
Кожны герой цырымоніі адпрацаваў нямала гадоў у сваёй прафесіі, мае шмат дасягненняў, багаты вопыт і практыку. Аднак добрая праца — гэта не толькі ўласная адказнасць і добрасумленнасць. У немалой ступені ёй спрыяюць тыя ўмовы, што падтрымліваюцца ў арганізацыях і на прадпрыемствах. І пільна кантралююцца раённымі ўладамі і прафсаюзнымі пярвічкамі, што пацвярджае штогадовае правядзенне адпаведнага агляду-конкурсу. Сёлетнімі яго пераможцамі з прысваеннем звання «Лепшая арганізацыя Пружанскага раёна па ахове працы» сталі ААТ «Мурава», Брэсцкая абласная доследная станцыя і дзіцячы садок № 3 г. Пружаны. Прадстаўнікам гэтых арганізацый былі ўручаны адпаведныя дыпломы.
Трэба адзначыць, што мясцовыя ўстановы і прадпрыемствы нярэдка вызначаюцца не толькі на раённым узроўні. Сярод лідараў у розных галінах таксама штогод гучаць пружанскія арганізацыі. Сёлетняя статыстыка з’яўляецца доказам гэтаму: у прыватнасці, на рэспубліканскую Дошку гонару занесена ААТ «Пружанскі льнозавод».
А СШ № 3 г. Пружаны была ўдастоена статуса «Школа міру», з нагоды чаго старшыня абласнога аддзялення Фонду міру Лідзія Раманюк уручыла адпаведнае пасведчанне дырэктару школы Ганне Кунінец, а таксама дадала друкаваную трылогію — зборнік гістарычных даследаванняў. Варта адзначыць, што «атрад міратворцаў» СШ №3 у складзе 14 чалавек стаў другім у раёне (летась такі статус атрымала Ліноўская СШ), які займеў магчымасць далучыцца да ўдзелу ў спецыялізаваных праектах з адпаведнымі дасягненнямі і адзнакамі.
Урачыстае мерапрыемства працягнуў «парад прафесій», які правялі работнікі ААТ «Агра-Калядзічы», Пружанскага завода радыёдэталяў, Ліноўскай СШ, спартыўных школ і райаддзела па надзвычайных сітуацыях.
Кожны калектыў у песнях і танцах паказаў асаблівасці вытворчасці і навучальнага працэсу, а яшчэ пацвердзіў, што разам з працавітасцю ў іх хапае і творчасці.
Сёлета спаўняецца 120 гадоў з дня ўтварэння прафсаюзнага руху на Беларусі. З гэтай нагоды ў цырымоніі прыняў удзел намеснік старшыні абласнога аб’яднання прафсаюзаў Раман Чуль, які назваў Пружаншчыну адным з перадавых рэгіёнаў Брэстчыны па колькасці трывалых прадпрыемстваў, з даволі развітым сацыяльным партнёрствам. Госць уручыў юбілейны медаль «120 год прафсаюзнаму руху Беларусі» старшыні раённага падраздзялення Таццяне Гаманчук, а таксама ганаровыя граматы прадстаўнікам розных галін.
Працэс узнагароджання лепшых ад раённага аб’яднання прафсаюзаў падтрымала Таццяна Юр’еўна, якая адзначыла працаўнікоў медыцынскіх, навучальных, культурных устаноў, прадпрыемстваў АПК, энергетыкі, харчовай прамысловасці. Пры гэтым варта дадаць, што прафсаюзы падтрымліваюць і маладых спецыялістаў.
Менавіта з такой мэтай у раёне створаны маладзёжны PROF-актыў, які на сцэне прадэманстраваў сваё адзінства не толькі ў справах, але і творчасці.
Алег Сідарэнка.
Фота Кацярыны Масік
http://www.budni.by/dzyakuj-za-pracu-pruzhancy-repartazh-sa-svyata-pershamaya-mnoga-fota/