Пружанский районный исполнительный комитет

Пружанский районный исполнительный комитет
burger
Главная // 2024 - Год качества

Дырэктар ААТ «Жураўлінае», член Савета Рэспублікі, дэлегат VII Усебеларускага народнага сходу Аляксандр Пішч: «У прыярытэт стаўлю рост дабрабыту жыхароў раёна і развіццё сельгасгаліны»

04/05/2024 15:19

 Жыццё ў нас адно. І пражыць яго трэба годна, сумленна, з адчуваннем еднасці са сваім народам. Толькі ў гэтым выпадку зможаш адчуваць сябе чалавекам, сапраўдным грамадзянінам сваёй краіны. Будзеш бачыць не толькі сябе і свае клопаты — будзе табе і павага, і ўдзячнасць. А быць патрэбным таксама можна па-рознаму: для членаў сям‘і, сусудзяў, калег па працы. А можна быць добрым і чуйным кіраўніком арганізацыі і нават прымаць удзел у вырашэнні надзённых пытанняў усёй дзяржавы.

Чаму б і не, калі ёсць сілы і жаданне тварыць дабро дзеля сваіх суайчыннікаў?! Вось, напрыклад, у дырэктара ААТ «Жураўлінае» Аляксандра Пішча, які 4 красавіка 2024 года быў абраны членам Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь восьмага склікання ад Брэсцкай вобласці, запалу ісці толькі наперад і дасягаць пастаўленых задач хопіць не на аднаго чалавека.

Аляксандр Іванавіч балаціраваўся на выбарах ад двух раёнаў: Пружанскага і Кобрынскага. Тайным галасаваннем на пасяджэнні мясцовых Саветаў дэпутатаў яго кандыдатура была падтрымана аднагалосна. Тым самым, быў прызнаны чалавекам, у якога словы не разыходзяцца са справай, якому можна даверыцца, які бачыць перспектывы далейшага развіцця роднай Беларусі. А гэта ўжо падстава для таго, каб пагутарыць з цяпер ужо сенатарам, які ў гэтыя дні прадстаўляе Пружаншчыну на першым пасяджэнні абноўленага VII Усебеларускага народнага сходу.

— Аляксандр Іванавіч, раскажыце, калі ласка, пра пачатак Вашага жыццёвага шляху.

— Месцам нараджэння пазначаны г. Ляхавічы Брэсцкай вобласці. Было гэта ў 1984 годзе. У гэтым горадзе адбывалася маё станаўленне як грамадзяніна такой прыгожай і гасціннай Беларусі. Пасля сканчэння сярэдняй школы паступіў у Ляхавіцкі дзяржаўны аграрны каледж. Затым была цікавая вучоба ва УА «Віцебская ордэна «Знак Пашаны» дзяржаўная акадэмія ветэрынарнай медыцыны». Пазней, калі ўжо працаваў у Пружанскім раёне, вырашыў для сябе: веды лішнімі не бываюць. Як вынік — дыплом Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.

— Грунтоўныя веды, напэўна, спатрэбіліся і ў працоўнай дзейнасці?

— Не без гэтага, хаця і практыка нікому яшчэ не памяшала. Дарэчы, сумясціць тэарэтычныя веды з практычнымі я змог упершыню на Пружаншчыне, у ААТ «Руднікі», куды ў 2006 годзе быў накіраваны пасля Віцебскай акадэміі на пасаду галоўнага заатэхніка. І ўсё, раён стаў другой малой радзімай, месцам, якому шчыра жадаю росквіту.

З 2010 па 2016 гады працаваў ва ўпраўленні сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама. Але заўсёды прываблівала непасрэднае дачыненне да працы на зямлі. Таму адразу прыняў прапанову заняць пасаду дырэктара ААТ «Радзіма», якое ўзначальваў да 2018 года. Вялікім гонарам для мяне было ў свой час кіраваць перадавым сельгаставарыствам «Агра-Калядзічы». З кастрычніка 2022 года стаў кіраўніком аднаго з вядучых прадпрыемстваў Брэсцкай вобласці — ААТ «Жураўлінае».

— Упэўнены, што займаць пачэснае месца ў верхняй палаце Парламента давяраюць толькі людзям, якія дамагліся са сваёй камандай значных вынікаў у працоўнай дзейнасці…

— Напачатку працы складана дамагчыся адразу вялікага рэзультату. Але, набраўшыся вопыту, ты бачыш правільныя шляхі рэалізацыі сваіх задум, стараешся як мага больш зрабіць і для гаспадаркі, і для краіны ў цэлым. Напрыклад, ААТ «Агра-Калядзічы» ў раённых спаборніцтвах у 2019 годзе за дасягненне высокіх паказчыкаў у вытворчасці зерня і найбольшую прадукцыйнасць збожжавых культур заняло другое месца. А дзякуючы росту паказчыкаў па надоях у разліку на адну карову ў тым жа годзе гаспадарка была занесена на раённую Дошку гонару. У рэспубліцы ў тым жа 2019 годзе быў складзены Топ-20 буйнейшых вытворцаў малака, і ААТ «Агра-Калядзічы» размясцілася на 11-м месцы. 2020 год прынёс новыя прыемныя сюрпрызы: сельгаставарыства па малочнай галіне ўжо было занесена на абласную Дошку гонару. Не мінула гаспадарку і рэспубліканская ўзнагарода: у 2021 годзе з рук Кіраўніка дзяржавы была атрымана Падзяка, разам з якой ААТ «Агра-Калядзічы» дадаткова атрымала падарунак — трактар «Беларус 1221.3», а напачатку 2022-га па выніках года Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка падпісаў Указ № 153 «Аб занясенні на рэспубліканскую Дошку гонару пераможцаў спаборніцтваў за 2021 год», сярод якіх «за дасягненне высокіх паказчыкаў у сферы сацыяльна-эканамічнага развіцця сярод арганізацый сельскай гаспадаркі» было выдзелена ААТ «Агра-Калядзічы».

Але не менш працавітыя людзі і ў ААТ «Жураўлінае», з якімі і дасягаем перамог сёння. У 2023 годзе дзякуючы небываламу збору збожжавых і зернебабовых культур гаспадарка стала пераможцай у раёне. Узнагарода чакала і за поспехі ў нарыхтоўцы кармоў. Першае месца сельгаставарыству з выдачай дыплома прысудзіў райвыканкам за дасягненне высокіх паказчыкаў у развіцці аграпрамысловага комплексу па выніках работы за 2023 год.

Яшчэ раз гавару велізарны дзякуй усім, хто працаваў і працуе цяпер не пакладаючы рук на роднай зямлі, укладваючы ў яе сваю душу.

— Ведаю пэўна, што немалая заслуга і кіраўніка ў дасягненні высокіх паказчыкаў. Ці адзначалася асабіста Ваша працоўная дзейнасць?

— Ніколі не імкнуўся да ўзнагарод. Проста так атрымліваецца, што падбіраецца сапраўдная каманда, з якой атрымліваецца выконваць запланаванае, і нават больш. Для такіх людзей і старацца хочацца. А калі па-сур’ёзнаму, то неаднаразова адзначаўся Граматамі райвыканкама. Тройчы атрымліваў дыплом «Лепшы кіраўнік сельгасарганізацыі» ад Брэсцкага абласнога аграпрамысловага саюза. Будучы дырэктарам ААТ «Агра-Калядзічы» быў адзначаны Ганаровай граматай Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь за вялікі ўклад у рэалізацыю сацыяльна-эканамічнай палітыкі краіны.

Вельмі значнай падзеяй у жыцці было атрыманне ў 2023 годзе нагруднага знака «За заслугі ў сельскай гаспадарцы» ад Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання.

— Ці ёсць у Вас, Аляксандр Іванавіч, з кім падзяліцца горам і радасцю, аб кім клапаціцца?

— Падчас вучобы ў Віцебскай акадэміі пазнаёміўся з самай прыгожай на свеце дзяўчынай Аленай і для сябе вырашыў: вось яна, тая самая, з якой хацеў бы стварыць сям’ю. Так і атрымалася. Цяпер жывём у Пружанах і клапоцімся пра трох сваіх дзетак. Старэйшы Уладзіслаў ужо скончыў школу і вучыцца ў Ляхавіцкім дзяржаўным аграрным каледжы, як я некалі, па спецыяльнасці «Біятэхнолаг». Дачка Яна навучаецца ў 10 класе. А самая меншая дачушка Паліна яшчэ наведвае дзіцячы садок. Так што заўсёды прыемна вяртацца дадому, бачыць мілыя твары і шчаслівыя ўсмешкі родных людзей.

— І нельга, канечне, не закрануць наступнае пытанне: якія мэты ставілі для сябе, балаціруючыся ў члены Савета Рэспублікі?

— Разумеючы, што сельская гаспадарка працуе шчыльна з прамысловасцю, прыватнікамі і фермерамі, бачу агульную мэту — забяспечыць харчовую бяспеку нашай краіны, лічу неабходным аказваць падтрымку арганізацыям АПК па ўкараненні эфектыўных метадаў гаспадарання, мадэрнізацыі вытворчасці. Працягваць стварэнне новых прадпрыемстваў і высокааплатных рабочых месцаў, развіваць малы і сярэдні бізнес на тэрыторыі рэгіёнаў. Аказваць падтрымку фермерскім гаспадаркам.

— Якія прыярытэтныя задачы ставіце перад сабой?

— Рост дабрабыту жыхароў раёна, развіццё сельскагаспадарчай галіны як асноватворнай у эканоміцы рэгіёна. Буду імкнуцца рэалізоўваць маладзёжную палітыку, садзейнічаць падтрымцы пенсіянераў. У планах удзел у развіцці праграм па ўмацаванні сям’і, падтрымцы шматдзетных сем’яў, дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, і многіх іншых.

Канечне, пералічанае не складае поўны спіс задач. Буду абавязкова праводзіць сустрэчы з грамадзянамі раёна, падчас якіх пастараюся аказаць кожнаму дапамогу.


Як бачыце, прадстаўляць інтарэсы жыхароў нашага раёна будзе прафесіянал сваёй справы. Пажадаем яму плённай працы, каб рэалізоўвалася ўсё задуманае і сіл хапіла на вырашэнне ўсіх пастаўленых задач.

Вадзім Раўнейка.

Фота Кацярыны Масік.

http://www.budni.by/dyrektar-aat-zhuralinae-chlen-saveta-respubliki-delegat-vii-usebelaruskaga-narodnaga-sxodu-alyaksandr-pishch/

 

К списку новостей

Интернет-ресурсы

Полезные ссылки