
Чыстыя вадаёмы захапляюць жыхароў і гасцей любога горада. Месцы, дзе плаваюць лебедзі і качкі, робяцца месцам прыцягнення кампаній, якія адпачываюць. Зоны адпачынку ствараюць атмасферу ўтульнасці і гармоніі, садзейнічаюць рэлаксацыі. Бо так прыемна пасядзець з вудай на беразе, атрымліваючы асалоду ад выгляду чыстай вады, назіраючы за жыццём яе насельнікаў.
У апошнія гады клімат у Беларусі спазнае значныя змены. Зімы становяцца мякчэйшымі, ападкі выпадаюць больш інтэнсіўна. Усё гэта ўплывае і на стан вадаёмаў. Рэчкі, асабліва ў мяжы горада, пачынаюць актыўна зарастаць, што прыводзіць да пагаршэння іх экалагічнага стану. Таму вельмі важна своечасова праводзіць «генеральную ўборку» іх рэчышча. Адным з яскравых прыкладаў такіх работ з’яўляецца распачатая чыстка ракі Баба, якая павінна завяршыцца ў канцы лютага. Для насельнікаў ракі — гэта пэўны стрэс. Таму да пачатку нерасту неабходны час для адаптацыі ў новых умовах.
— Работы па ачыстцы рэк у мяжы горада пачаліся ў рамках праграмы па добраўпарадкаванню і экалагічнай бяспецы. Спецыялісты прыбяруць лішнюю расліннасць, расчысцяць рэчышча ад глею і смецця, а таксама ўмацуюць берагі. Гэтыя меры не толькі палепшаць стан ракі, але і зробяць яе больш прывабнай для адпачынку гараджан, асабліва ў цэнтры горада, у раёне вуліц Я. Купалы і Бахарава. Мы дамовіліся з прадпрыемствам меліярацыйных сістэм, паколькі ў іх ёсць спецыялізаваная тэхніка для такіх работ, і сумеснымі намаганнямі прыводзім у парадак гэтыя тэрыторыі. Наступная па чарзе — рака Мухавец, — расказаў дырэктар КУВП «Камунальнік» Сяргей Бабрук.
Нават маленькія рэчкі з’яўляюцца часткай глабальнай экасістэмы, і іх стан напрамую ўплывае на якасць жыцця ўсіх жывых істот, уключаючы чалавека. Зараснікі становяцца ідэальным месцам для размнажэння камароў і іншых насякомых, што стварае дыскамфорт для жыхароў горада. З прыходам цяпла адпачываць у такіх месцах становіцца немагчыма.
Чыстка каналаў і рэк дапамагае аднавіць натуральны баланс, спрыяе паляпшэнню праточнасці вады, што асабліва важна ў перыяд вясенняй паводкі. Гэта таксама прадухіляе забалочванне тэрыторый і зніжае рызыкі падтаплення прылеглых участкаў.