Згодна з дзяржаўным планам у Беларусі на 2025-2029 гады рэалізуецца шэраг мерапрыемстваў, накіраваных на ўсебаковае паляпшэнне якасці жыцця, дабрабыт грамадзян, павышэнне эфектыўнасці эканомікі і ўдасканаленне дзяржаўнай і кіраўніцкай дзейнасці. Безумоўна, такія планы цяжка ўспрымаць простым людзям. Грамадству для пераканання патрэбны рэальныя прыклады стварэння камфорту і ўтульнасці. І вось пра гэта чытачы нашай «раёнкі» даведваюцца самыя першыя. У прыватнасці, каля аддзялення Беларусбанка «пад купалам» пасля тэставага рэжыму «на поўную магутнасць» стаў дзейнічаць новы банкамат-рэсайклер, які ўяўляе сабой сучаснае ўстройства. Яно спалучае ў сябе функцыі выдачы і прыёму наяўных грашовых сродкаў, што дазваляе праводзіць плацежныя аперацыі з дапамогай грашовых купюр або пластыкавых картак. Як расказвае дырэктар ЦБП №112 ААТ «ААБ Беларусбанк» Марына Свістун, у такім абноўленым банкамаце кліенты банка могуць самастойна папаўняць свой карт-рахунак, здымаць наяўныя грошы і ўносіць шэраг плацяжоў. У дадатак такое ўстройства стане зручным у карыстанні для індывідуальных прадпрымальнікаў або юрыдычных асоб, якім трэба ўнесці выручку на свой банкаўскі рахунак. Цяпер наведваць аддзяленні банка не трэба, аперацыі папаўнення выконваюцца хутка і кругласутачна, дастаткова загадзя заключыць з установай дагавор. Унесеныя такія чынам сумы трапяць на рахунак пасля занясення: у выхадныя — у першы працоўны дзень, у будні — на працягу гадзіны, калі аперацыя выканана з 8.00 да 17.00, і заўтра, калі аперацыя зроблена пазней. Між тым, як зазначае кіраўніцтва нашага цэнтра банкаўскіх паслуг, гэта не адзіная акалічнасць банкамата-рэсайклера. Новае ўстройства дае магчымасць бескантактнага атрымання наяўнасці. Іншымі словамі, каб зняць грошы ўжо неабавязкова ўстаўляць у банкамат картку, а толькі прыкласці да спецыяльнай панэлі для счытвання. Тое ж самае можна выканаць і пры дапамозе смартфона, калі ён «прывязаны» да карт-рахунка. А яшчэ прадугледжана і ўкараненне безбар’ернага асяроддзя. У прыватнасці, асноўныя кнопкі і аперацыі прадубліраваны шрыфтам Брайля. Фота Кацярыны Масік Раённыя будні

Алег Сідарэнка