Больш за 40 гадоў Аляксандр Мікалаевіч Юзэфовіч жыве ў аграгарадку Харава, і яго лёс моцна пераплёўся з гэтай мясцовасцю. Ураджэнец Пружанскага раёна, ён усё жыццё прысвяціў рабоце на зямлі, прайшоў шлях ад трактарыста да галоўнага інжынера і кіраўніка гаспадаркі. Апошнія пяць гадоў займаецца грамадскай дзейнасцю — яго абралі старастам. Ён імкнецца зрабіць родны пасёлак больш чыстым, утульным і прыгажэйшым, адстойвае інтарэсы аднавяскоўцаў.
Аляксандр Мікалаевіч — чалавек справы. Ён не з тых, хто чакае, пакуль праблемы вырашацца самі сабой. Разам з жыхарамі актыўна ўдзельнічае ў добраўпарадкаванні Харавы: прыбірае смецце, сочыць за парадкам, дабіўся ямачнага рамонту дарог і наогул стараецца, каб пасёлак выглядаў годна. Яго заўсёды падтрымліваюць аднадумцы — Яўгеній Ляўчук, Мікалай Навінка, Анатоль Жук, якім таксама не ўсё роўна, як выглядае пасёлак. Але ёсць адна балючая тэма, якая даўным-даўно павісла ў паветры і доўгі час застаецца нявырашанай — закінуты вадаём у самым цэнтры, каля скрыжавання вуліц Самайловіча і Піянерскай.
Некалі гэта возера было гонарам Харавы — тут адпачывалі вяскоўцы, бавілі час з карысцю мясцовыя рыбакі. Пасля масавай меліярацыі і асушэння балот нават вады ў калодзежах стала значна менш. Вось і возера пачало мялець: вада пачала адступаць, а потым зусім прапала. Вадаём зарос чаротам, дно заілілася, і без умяшання тэхнікі проста не абысціся.
— Усягота трэба на 2-3 дні экскаватар і бульдозер, — кажа Аляксандр Мікалаевіч. — Мы, мясцовыя жыхары, гатовы ва ўсім дапамагчы, але без спецтэхнікі самім нам не справіцца. Парадак на беразе мы таксама падтрымліваем сваімі сіламі: высеклі старыя дрэвы, хмызнякі, тэрыторыю навокал пакасілі. Няўжо так складана выдзеліць тэхніку на пару дзён і закрыць пытанне, тым больш у Год добраўпарадкавання? Пакуль чакаем…
Стараста не раз звяртаўся ў вышэйстаячыя органы з адной адзінай просьбай — проста дапамагчы. Зварот бралі «на аловак» і на гэтым усё заціхала. Гэтай вясной стараста звярнуўся паўторна, аднак у адказ атрымаў фармальны ліст, маўляў, яго просьбу накіруюць кіраўніцтву філіяла «Айчына» ААТ «Белавежскі», на балансе якога знаходзіцца былы вадаём. Але з таго часу прайшло ўжо два месяцы, а «воз і цяпер там жа». Ці то пошта дрэнна працуе, ці то банальныя просьбы простых людзей зноў застаюцца нячутнымі?
Страціўшы надзею дабіцца адказу ад улады, стараста звярнуўся ў рэдакцыю газеты. Можа публікацыя ў СМІ прымусіць кагосьці паварушыцца? Бо гаворка ідзе не пра мільённы праект, а пра простую, але такую важную для вяскоўцаў справу. Чысты вадаём — гэта не толькі прыгажосць, але і месца адпачынку, паляпшэнне экалогіі, вяртанне рыбы і вадаплаўных. Няўжо людзі, якія ўсё жыццё працуюць на зямлі, гэтага не заслужылі?
Пасля званка ў філіял «Айчына» сітуацыя праяснілася. Аказваецца, што станоўчы адказ на просьбу жыхароў Харавы кіраўніцтвам гаспадаркі быў накіраваны ў сельвыканкам яшчэ вясной, але чаму ён «завіс» тут, на месцы, не зусім зразумела. Яны толькі чакалі званка, каб назначыць дату і час выхаду спецтэхнікі на аб’ект. Дырэктар гаспадаркі Андрэй Голдзінаў гатовы даць усё неабходнае для ачысткі вадаёма з пасільным удзелам мясцовых жыхароў.
Пасля доўгіх гадоў чакання і бясконцых зваротаў — адбылося! Ужо на наступным тыдні ў цэнтр Харавы прыйдзе тэхніка і будуць пачаты доўгачаканыя работы.
З гэтай нагоды хочацца сказаць вялікі дзякуй усім неабыякавым жыхарам, а таксама кіраўніцтву гаспадаркі, якая, як высветлілася, адразу адгукнулася на просьбу. Трэба памятаць, што сапраўдныя змены пачынаюцца з нас саміх, а потым усё астатняе.
Ульяна Рысь. Фота аўтара