З 1987 года на карысць роднай старонкі працуе выкладчыцай беларускай мовы і літаратуры ў Пружанскім дзяржаўным аграрна-тэхнічным каледжы Лідзія Рэпіха.

Калі чалавек гарыць працай, тады хочацца па іскрынцы перадаць кожнаму свайго запалу, каб мова Беларусі не губляла сваёй актуальнасці і ўслаўляла родную старонку.
Гэта ж як трэба любіць сваю працу, каб, будучы 15 гадоў на пенсіі, і нават думкі не дапускаць, што ўжо хопіць, пара спачыць, час пажыць для сябе. А Лідзія Мікалаеўна яшчэ поўная сіл і энергіі, з якім запалам у вачах яна расказвае аб сваіх працоўных буднях, колькі радасці гучыць у голасе, калі дзеліцца пра сваіх навучэнцаў. І гэтая непадробная шчырасць у размове адразу выклікае прыхільнасць да жанчыны. Прыходзіць усведамленне, што з такімі адказнымі працаўнікамі наша краіна і надалей будзе цвёрда трымаць марку высокаадукаванай нацыі, якая зможа слова за сябе сказаць на роднай мове і не згубіцца ў гісторыі.
Што адметна, у дадзенай навучальнай установе, тады яшчэ сельскагаспадарчым тэхнікуме, вучыўся і бацька гераіні нашага рэпартажу Мікалай Сцяпанавіч. Пасля чаго жыццё сваё прысвяціў працы ў сельскай гаспадарцы, тагачаснаму калгасу імя Суворава на Драгічыншчыне, адкуль і родам Лідзія Рэпіха, з вёскі Сіманавічы. Але лёс распарадзіўся так, што яе мужа Мікалая Віктаравіча ў 1980-ым годзе назначылі натарыусам у Пружанскі раён. Цяпер гэта месца, дзе Лідзія Мікалаеўна не проста жыве, тут прайшлі яе самыя светлыя гады жыцця, выраслі дзеці. Значыць, усё ўдалося, а наперадзе яшчэ чакае так многа нязведанага і прыемнага. Толькі трэба верыць, што ўсё будзе так, як гэтага хочаш менавіта ты сам.
Вельмі задаволена Лідзія Мікалаеўна сваёй працай, на гады не звяртае ўвагі. Маладыя людзі надаюць сіл, энергіі, натхняюць на тое, каб рухацца наперад, праслаўляць беларускае слова, быць з хлопцамі і дзяўчатамі на адной хвалі. Якое ж шчасце перапаўняе, калі чуеш словы падзякі за праведзены ўрок, тады стараешся больш прыкласці намаганняў, каб данесці да маладога пакалення сутнасць патрыятызму, паказаць сваім прыкладам, як трэба любіць абраную справу, жыць ёй. А каб быць для навучэнцаў сяброўкай і дарадцам, выкладчыца беларускай мовы і літаратуры ставіцца да іх, як да роўных, ніколі не павышае голасу, бо гэта ўжо праява слабасці.
З 1990 года Лідзія Рэпіха займаецца пазааўдыторнай работай, стварыла драматычны гурток, дзе займаюцца не толькі навучэнцы каледжа, але і выкладчыкі. У рэпертуары Колас, Купала, Макаёнак і многа іншых беларускіх пісьменнікаў. Гэта наша класіка, якая вучыць дабру і справядлівасці, як патрэбна па сумленні жыць і працаваць. А яшчэ чытанні, віктарыны, вечарыны, дыскусіі. Калі чалавек гарыць працай, тады хочацца па іскрынцы перадаць кожнаму свайго запалу, каб мова Беларусі не губляла сваёй актуальнасці і ўслаўляла родную старонку.
За сумленную працу Лідзія Мікалаеўна неаднаразова ўзнагароджвалася падзякамі, граматамі рознага ўзроўню. Дарагога каштуе нагрудны знак «Выдатнік адукацыі». Гэта значыць, што чалавек абраў для сябе правільны працоўны шлях і жыве па прынцыпе: калі штосьці магу, то ў любым выпадку гэта зраблю, не адкладваючы на заўтра.
Гэтую навучальную ўстанову ў свой час скончылі і сыны Лідзіі Рэпіхі. Андрэй абраў кваліфікацыю «Механізацыя», а Аляксей — «Электрыфікацыя». Сумаваць не даюць пяць любімых унучак. Вельмі хацелася дачушку, вось дзеці і спраўдзілі мары. Цяпер у доме бабулі ніколі не бывае ціха, бо дзяўчынкі з задавальненнем тут бавяць вольны час, радуюць сваімі поспехамі ў вучобе, танцуюць і малююць. І хто ведае, можа, у будучым пойдуць па слядах роднага чалавека і стануць такімі ж выдатнымі выкладчыкамі.
Люблю чытаць, глядзець душэўныя фільмы, працаваць на зямлі, як рабілі дзяды і прадзеды. Гэта пералік таго, чым займаецца Лідзія Мікалаеўна ў свабодную мінуту. У доме на кожным падаконніку радуюць вока кветкі, напаўняюць рознакаляровымі фарбамі і так насычанае жыццё гэтай слаўнай жанчыны. І папугай Рычы патрабуе клопату, а ўзамен адказвае любоўю, размаўляе з гаспадыняй. З добрым чалавекам і пагаварыць можна, да яго цягнецца ўсё жывое, з ім лёгка і прыемна.
Каб толькі было ўсё ціха і спакойна ў краіне беларусаў. Няхай квітнее і далей сельская гаспадарка, дзеля чаго і стараецца ўвесь калектыў каледжа, выпускаючы кваліфікаваных спецыялістаў. Усім дабра і міру жадае Лідзія Мікалаеўна. Далучаемся да гэтых цёплых слоў. Няхай так яно і будзе.
Вадзім Раўнейка
На здымках:
- Выкладчыца беларускай мовы і літаратуры Лідзія Рэпіха не толькі выдатнік адукацыі, яна яшчэ і проста цудоўны чалавек.
- Удзельнікі драматычнага гуртка.
Фота Кацярыны Масік і з асабістага архіва
Лідзіі Рэпіхі
