
З Галінай Лушчонак мы, як модна зараз казаць, «перасякліся» падчас архіерэйскага богаслужэння з нагоды 10-гадовага юбілею храма іконы Божай Маці «Нечаканая Радасць» у Новых Засімавічах. Але шчыра паразмаўляць у той дзень не атрымалася: у царкоўнага старасты было столькі спраў, што, здавалася, адначасова яна знаходзіцца і ў самім храме, і ў царкоўнай лаўцы, і ў трапезнай.
ЗАВЯРШЫЛІСЯ юбілейныя мерапрыемствы — і амаль адразу пачалася падрыхтоўка да аднаго з галоўных хрысціянскіх святаў — Нараджэння Хрыстова: навядзенне парадку ва ўсіх куточках, упрыгожанне храма.
— Галіна Паўлаўна, як вы паспяваеце жыць у такім тэмпе? — пытаюся ў жанчыны.
— Прывыкла за столькі гадоў, — сціпла ўсміхаецца яна. — Ды зараз ужо і не так шмат у мяне нагрузкі: я ж пенсіянерка, а дзеці выраслі, раз‘ехаліся, не трэба штодзень думаць, як накарміць-дагледзець вялікую сям‘ю.
Тым не менш, спраў хапае, стараста ў царкве — той жа загадчык гаспадаркі, у распараджэнні якога не толькі ўпрыгожанне храма, але і шмат іншых арганізацыйных і адміністрацыйных пытанняў.
— Галіна Паўлаўна ўсё памятае, усё ведае, нават часам мне нагадвае, што варта зрабіць, — ацэньвае работу сваёй памочніцы настаяцель храма ў Новых Засімавічах іерэй Сергій Сысаляцін. — Ды і тое сказаць, больш за 20 гадоў яна пры царкоўных справах, пачынала яшчэ ў 2004-м, калі ў вёсцы толькі ствараўся праваслаўны прыход. Так што вельмі заслужана атрымала Падзяку Брэсцкай епархіі за руплівую працу ў славу Святой Царквы.
ЦІКАЎЛЮСЯ ў жанчыны, што падштурхнула яе да падобнай дзейнасці? Глыбокія традыцыі веры, набожнасць?
— Не забывайце, што наша пакаленне імкнуліся выхаваць атэістамі. Я ўжо ў даволі сталым узросце ўсур‘ёз пачала задумвацца пра веру, пра Бога, — прызнаецца яна. — Сама я родам з вёскі Казлы. Калі ў школу хадзіла, царква наша ў Мокрым яшчэ закрыта была. Толькі ў 2000-м годзе яе аднавілі, дзякуючы ініцыятыве і падтрымцы Пятра Пятровіча Пракаповіча, дарэчы, нашага сваяка. Дакладную дату не назаву, але недзе ў той час пачалося маё ўвацаркаўленне.
ВЕДАЮ ЛЮДЗЕЙ, якія нагружаюць сябе грамадскімі абавязкамі, каб заняць вольны час. Але гэта таксама не пра Галіну Лушчонак. Напачатку «нулявых» нават такога паняцця, як адпачынак, у маці семярых дзяцей не было. Хатнія клопаты, якія ніколі не заканчваюцца. Праца прадаўцом у вясковым магазіне, а пэўны час у дадатак яшчэ паўстаўкі ў якасці загадчыцы мясцовага кафэ. Дача ў Параслянах з агародам у 17 сотак і той-сёй жыўнасцю… Тут бы на абед і сон час знайсці.
— Ды прасцей трэба разглядаць, — разважае мая суразмоўца. – Усё ў гэтым жыцці робіцца невыпадкова. І шляхі нашы Богам наканаваны, хоць і ёсць у нас магчымасць выбару. Значыць, трэба было мне ў гэты бок пайсці, гэтую справу рабіць. А час на ўсё знаходзіцца, было б жаданне.
Пра тое ж наканаванне кажа і ў адказ на пытанне, як адважылася на такі жаночы подзвіг як нараджэнне семярых дзяцей.
— Які ж гэта подзвіг? Дзеці — такая радасць, дзеля іх і жывём, а цяпер яшчэ дзеля ўнукаў. Цяжка было — так, асабліва калі адначасова тры студэнты ў доме адразу. Але ж я не адна ўвесь гэты груз несла, а разам з мужам. Мы з ім у гэтым плане аднолькавыя, абодва без справы сядзець не ўмеем. Наш Віктар Віктаравіч і зараз яшчэ працуе, хоць і на пенсіі. І агарод па-ранейшаму садзім. Дзеці ўгаворваюць кінуць тую дачу, ды дзе ж уседзіш? Такія ўжо мы, спакой нам толькі сніцца! — жартуе Галіна Паўлаўна.
Дарэчы, мінулы год быў юбілейным не толькі для храма ў Новых Засімавічах: 45 гадоў таму Галіна Паўлаўна і Віктар Віктаравіч пабраліся шлюбам і пасяліліся ў Новых Засімавічах, 25 гадоў таму жанчына атрымала высокую дзяржаўную адзнаку свайго мацярынства — «ордэн Маці».
СЯРГЕЙ, Вольга, Таццяна, Валянціна, Максім, Святлана, Віктар… Розныя прафесіі, розны жыццёвы шлях выбралі дзеці, якія вылецелі з-пад бацькоўскага крыла. Але па-ранейшаму збіраюцца ў Новых Засімавічах, цяпер ужо са сваімі «палавінкамі», прывозяць бацькам унукаў («Дзявятага ўнучка чакаем», — радуецца Галіна Паўлаўна). На жаль, заўчасна пайшоў з жыцця малодшы сын Віктар і гэта — незагойны боль мацярынскага сэрца.
Я ўсё імкнуся дапытацца, ці жыла гэтая працавітая і вельмі адказная жанчына для сябе? І чую ў адказ:
— Ды ўсё гэта і ёсць для сябе! І наша вялікая сям‘я, і хатнія справы (вельмі падабаецца гатаваць, а асабліва займацца выпечкай), і праца, і храм — маё жыццё, мой лёс, выбраны з Божай дапамогай, а значыць, адзіна правільны.
Ірына Сядова. Фота аўтара