Жалобнай датай для пружанскай гісторыі з’яўляецца 22 красавіка 1944 года. Менавіта ў гэты дзень 80 гадоў назад ва ўрочышчы Пясчына каля горада нямецкімі акупантамі было растраляна 19 жыхароў Круглага, Купліна, Смалян, Алішавіч – удзельнікаў падполля і членаў іх сем’яў. Астанкі антыфашыстаў з ушанаваннямі былі перанесены на могілкі вёскі Круглае ўлетку 1944 года.
Работнікі Пружанскага аўтаклуба разам з Ліноўскім сельвыканкамам 22 красавіка арганізавалі каля брацкай магілы мітынг. Да прысутных на памятным мерапрыемстве звярнуліся старшыня Ліноўскага сельвыканкама Таццяна Мардань, начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Аляксандр Момлік, настаяцель храма Праабражэння Гасподня г.Пружаны Ігар Мрыхін і старшыня первічнай арганізацыі сярэдняй школы № 3 г.Пружаны грамадскага аб’яднання «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі» Станіслаў Шэйко. Некалькі духоўных музычных твораў выканаў вакальны харавы калектыў педагогаў дзіцячай школы мастацтваў імя Р.Р.Шырмы г.Пружаны.
На мітынгу прысутнічалі мясцовыя жыхары, вучні і педагогі сярэдняй школы № 3, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый і інш. Падчас мітынгу каля брацкай магілы «смалянскіх» падпольшчыкаў была ўсталявана шыльда ў рамках рэалізацыі праекта ГА «БРСМ» «Лічбавая зорка».
https://kultura.pruzhany.by/pamyatny-mityng-u-kruglym/