17 ліпеня — адначасова радасная і жалобная дата ў гісторыі нашага раёна. У гэты дзень роўна 80 гадоў таму Пружаншчына была вызвалена ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Цаной перамогі сталі жыцці людзей, якія ахвяравалі сабой дзеля нашчадкаў, дзеля міру на гэтай зямлі. У гонар іх каля брацкай магілы на гарадскіх могілках у Пружанах прайшоў мітынг памяці.
Намеснік старшыні Пружанскага райвыканкама Руслан Супрыновіч нагадаў пра колькасць загінулых падчас наступальнай аперацыі «Баграціён»: з двух бакоў загінула больш за адзін мільён чалавек.
— Гэта трагедыя для ўсіх нас. Кожны кавалак нашай зямлі паліты крывёю. І наша з вамі задача зрабіць усё, каб падобныя падзеі не мелі паўтарэння. Прыходзячы да такіх памятных мясцін, мы заўсёды ўспамінаем сумныя старонкі нашай гісторыі, аддаём даніну павагі нашым продкам, — адзначыў Руслан Васільевіч.
Прысутныя ўшанавалі памяць ахвяр вайны мінутай маўчання. Настаяцель Спаса-Праабражэнскага храма протаіерэй Ігар Мрыхін адслужыў памінальную ліцію, а ўдзельнікі мерапрыемства памаліліся за загінулых воінаў, якія аддалі сваё жыццё за нашу шчаслівую будучыню. Завяршылася мерапрыемства ўскладаннем кветак да брацкай магілы.