
Напярэдадні свята Вялікай Перамогі ў Ружанскай СШ імя К. Марача адбылося ўрачыстае мерапрыемства, прысвечанае адкрыццю ваенна-патрыятычнага класа з музейнай зонай.
— У снежні мінулага года на базе аб’яднання па інтарэсах адкрыўся ваенна-патрыятычны клуб «Юны армеец», куды прыйшлі вучні 7-9 класаў з розных катэгорый сем’яў: шматдзетныя, апякунскія, няпоўныя. І тады ў кіраўніка па ваенна-патрыятычным выхаванні Андрэя Саўчанкі ўзнікла ідэя зрабіць класны пакой з музейнай зонай, каб у навучэнцаў на занятках было прасторавае адчуванне важнасці і значнасці таго, што яны робяць і чаму вучацца. Гэтую тэму падхапіла яго жонка, школьны бібліятэкар Галіна Саўчанка. І вось праз некалькі месяцаў, дзякуючы іх намаганням, а таксама дапамозе і падтрымцы дырэктара Ружанскай мэблевай фабрыкі Валерыя Закшэўскага, наша мара здзейснілася. І што вельмі важна — у юбілейны год Вялікай Перамогі.
На ўрачыстым мерапрыемстве прысутнічалі прадстаўнікі аддзела па адукацыі райвыканкама, мясцовых улад, ветэраны Узброеных Сіл, воіны-інтэрнацыяналісты, духавенства, педагогі і навучэнцы. Ганаровыя госці адзначылі вялікі патэнцыял школы ў ваенна-патрыятычным выхаванні і тую работу, якую здзейснілі адміністрацыя, сельвыканкам, каб усё атрымалася. Для сучаснага маладога пакалення вельмі важна разумець каштоўнасць такіх падзей і добра засвоіць, якой цаной нам дастаўся гэты мір, чыстае неба і магчымасць спакойна жыць, вучыцца і радавацца кожнаму дню.
Прайшоўшы па калідорах школы з мноствам дзвярэй, мы абавязкова зойдзем у кабінет з надпісам «Ваенна-патрыятычны клас». Там хаваецца не проста навучальны пакой, а музейны куток з назвай «Дарогамі памяці», прысвечаны ваеннай гісторыі нашай краіны і Пружанскага раёна. Тут нібы трапляеш у іншае вымярэнне, дзе адразу спыняецца час. Экспазіцыі расказваюць аб героях мінулага, чый подзвіг у імя Айчыны бессмяротны. Адметна, што экскурсаводамі з’яўляюцца самі школьнікі, якія бездакорна ведаюць гісторыю, з якой падзяліліся з гасцямі мерапрыемства.
У музеі размешчаны 4 зоны, і кожная па-свойму ўнікальная. Першая — прысвечана Брэсцкай крэпасці, яе абаронцам, а таксама Зэльвенскай бітве. У цэнтры — панарама артылерыйскага бою, асабістыя рэчы салдат: пілотка, пляшкі, кацялок, падсумак, сапёрная рыдлёўка, гільзы і шмат іншага.
Трэцяя зона прысвечана раённаму партызанскаму руху. Тут створана ўнікальная інсталяцыя ў выглядзе зямлянкі з маскіровачнай сеткай, а таксама фатаграфіі партызанскіх атрадаў.
Чацвёртая зона пад назвай «Памяць Афгана» адлюстроўвае больш сучасную гісторыю і звязана з лакальнымі войнамі, у якіх прымалі ўдзел і нашы землякі. Цэнтральнае месца займае панарама бою, а крыху ніжэй фатаграфіі з імёнамі воінаў-інтэрнацыяналістаў, ураджэнцаў Пружаншчыны, якія выканалі свой інтэрнацыянальны абавязак і, на жаль, не ўсе вярнуліся жывымі.
Фота Кацярыны Масік