Пружанский районный исполнительный комитет

Пружанский районный исполнительный комитет
burger
Главная // 80 лет освобождения Беларуси от немецко-фашистских захватчиков

Аўтапрабег у рамках спецпраекта «Сёстры Хатыні» прайшоў праз вёску Байкі Пружанскага раёна

22/04/2024 11:42

«Захоўваць памяць пра генацыд беларусаў — наш свяшчэнны абавязак». Менавіта гэты дэвіз стаў лейтматывам патрыятычна-выхаваўчага праекта «Сёстры Хатыні», які рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне «Патрыёты Беларусі» запусціла сумесна з нацыянальным тэлеканалам АНТ напярэдадні 80-годдзя вызвалення Беларусі.

У рамках яго актывісты вырашылі ажыццявіць аўтапрабегі, каб наведаць месцы ва ўсіх рэгіёнах краіны, дзе ў гады Вялікай Айчыннай вайны фашысцкія карнікі спальвалі беларускія вёскі разам з мірным насельніцтвам. Ды не проста пабываць у гэтых святых для нашага народа месцах, а разам з журналістамі тэлеканала стварыць цыкл відэаматэрыялаў пра кожную «сястру Хатыні» і паказаць усяму свету, якую цану Беларусь заплаціла за мірнае неба, і ці пагадзіцца наш народ зноў жа на такія страты.

І першай кропкай удзельнікі праекта свядома абралі вёску Байкі Пружанскага раёна.

Як паведаміў старшыня РГА «Патрыёты Беларусі» Мікалай Зарубіцкі, дагэтуль падобны аўтапрабег ужо праязджаў па дарогах нашага раёна, падчас яго актывісты і пачулі трагічную гісторыю в. Байкі.

— Таму мы аднагалосна вырашылі адразу з Хатыні прыехаць на пружанскую зямлю, бо гісторыя гэтай вёскі не менш гераічная, — паведаміў Мікалай Мікалаевіч.

Дэлегатаў патрыятычнай акцыі ў чацвер, 11 красавіка, Пружаншчына сустрэла сонечным надвор’ем. Трэба адзначыць, што гэта дата выбрана невыпадкова і мае трагічную гісторыю: у 1945 годзе менавіта ў гэты дзень вязні Бухенвальда паўсталі супраць наглядчыкаў канцлагера. Сусветным супольніцтвам было вырашана ў гэту дату штогадова адзначаць Міжнародны дзень вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў. Амаль 80 гадоў так і было. Кіраўнікі дзяржаў, народы якіх пацярпелі ад нацызму, збіраліся каля Бухенвальдскага мемарыяла і ўшаноўвалі памяць ахвяр. Але ў апошнія гады традыцыя была парушана, у Еўропе зноў стаў адраджацца нацызм, які прапаведуе ідэалогію падзелу чалавецтва на дзве часткі — «звышчалавекі» і «недачалавекі». На Захадзе ўжо перастаюць успамінаць гэты дзень, у прыватнасці, сёлета 11 красавіка на чарговым саміце ЕС абмяркоўвалася пытанне аб паскоранай мілітарызацыі краін-членаў Еўрасаюза.

Вось толькі наша краіна мэтанакіравана прытрымлівалася і будзе далей захоўваць мірныя традыцыі. Пацвярджэннем чаму з’яўляецца і цяперашняя сустрэча «Патрыётаў Беларусі» на ўездзе ў Пружанскі раён з боку Івацэвіцкага. Аўтакалона рухалася да нас з Мінска.

Каля брацкага пахавання ў Байках актывістаў віталі прадстаўнікі райвыканкама, раённага Савета дэпутатаў, Ружанскага сельвыканкама, працоўных калектываў і грамадскіх арганізацый. Адкрыў мітынг старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Кудравец. Мікалай Пятровіч зазначыў сімвалізм падобнай сустрэчы ў такі дзень, а яшчэ розны ўзрост тых, хто сабраўся ля помніка, — ад малых да старых. Што пацвярджае сувязь паміж пакаленнямі, перадачу гістарычнай памяці.

Закладваць у такую спадчыну толькі праўду заклікаў прысутных пракурор раёна Аляксандр Вярбіцкі, які таксама расказаў пра папярэднія вынікі расследавання крымінальнай справы пра генацыд беларускага народа ў часы акупацыі. Доўжыцца расследаванне ўжо тры гады, на працягу якіх выкрыта нямала жудасных фактаў, якія раней не былі вядомы, у тым ліку і на Пружаншчыне.

З асабістым зваротам да моладзі звярнулася ўдзельніца аўтапрабегу, заслужаная артыстка Беларусі Алёна Ланская. Яна заклікала нашых нашчадкаў не забываць вось такія памятныя традыцыі свайго народа. Менавіта на іх цяперашнія дзеці навучацца выяўляць няпраўду.

Настаяцель храма святых апосталаў Пятра і Паўла г.п. Ружаны протаіерэй Аляксандр Сень правеў ліцію па душах пахаваных тут бязвінна забітых фашыстамі мірных жыхароў. Пасля чаго была наладжана ўрачыстасць па ўсталяванні каля мемарыяла шыльды з QR-кодам, дзякуючы чаму брацкае пахаванне ў в. Байкі цяпер уключана ў рэспубліканскі праект «Захаваем гісторыю».

http://www.budni.by/aўtaprabeg-u-ramkax-spepraekta-syostry-xatyni-prajshoў-praz-vyosku-bajki-pruzhanskaga-rayona-fota-i-videa/

 

К списку новостей

Интернет-ресурсы

Полезные ссылки