Днямі ў Параслянскай СШ адбылося ўрачыстае адкрыццё стралковага ціра, які стане пачаткам новай старонкі ў навучальнай установе раёна, сімвалам яркіх падзей, новых дасягненняў і перамог.

Так гістарычна склалася, што лёс Параслянскай школы цесна звязаны з Узброенымі Сіламі. Некалі тут размяшчаўся ваенны гарадок, аэрадром і самы вялікі авіяцыйны полк. Мінулі гады… Ужо даўно няма аэрадрома, ніводнай вайсковай часці, але традыцыі патрыятызму і ваеннага выхавання працягваюць жыць у нашых сэрцах і ў сценах школы.
— У нас даўно склалася традыцыя, паводле якой мясцовыя дзеці займаюцца кулявой стральбой і ўдзельнічаюць у спаборніцтвах, — падкрэсліў кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні Юрый Дронь. —Кожны юнак яшчэ са школы павінен рыхтаваць сябе да службы ў арміі — гэта яго канстытуцыйны абавязак. Падрыхтоўцы да гэтага садзейнічаюць ваенна-прыкладныя віды спорту —гэта патрабуе высокай дысцыплінаванасці, фізічнай сілы, стрыманасці… І зараз, з адкрыццём абноўленага ціра пасля сур’ёзнай рэканструкцыі, нашы навучэнцы змогуць займацца і адточваць сваё майстэрства ў камфортных умовах на сучасных трэнажорах.
Гурток па кулявой стральбе функцыянуе каля 20 гадоў. За гэты час навучэнцы неаднаразова станавіліся прызёрамі раённых і абласных спаборніцтваў, паказвалі бліскучыя вынікі і паспяхова выконвалі нарматывы спартыўных разрадаў па кулявой стральбе.
— Рэканструкцыя ціра доўжылася на працягу трох гадоў. Спачатку вяліся рамонтныя работы самога памяшкання, а затым праводзіўся закуп неабходнага абсталявання. Ідэя рэканструкцыі належыць нашаму ваенруку Юрыю Мікалаевічу, які ўзняў гэтае пытанне на сесіі раённага Савета дэпутатаў. Яго просьба была падтрымана мясцовымі ўладамі і Брэсцкай абласной арганізацыйнай структурай ДТСААФ. І вось зараз можна ўпэўнена сказаць — мара ператварылася ў жыццё. Мы адкрылі не адзін, а два ціры: электронны лазерны і пнеўматычны, дзякуючы чаму магчымасці ў гурткоўцаў значна пашырацца, —расказала дырэктар Параслянскай СШ Вольга Матвіенка.
Перарэзаць чырвоную стужку і даць старт новаму спартыўнаму аб’екту было даручана начальніку аддзела па адукацыі райвыканкама Аляксандру Момліку, дырэктару школы Вользе Матвіенка і начальніку Брэсцкай абласной арганізацыйнай структуры ДТСААФ Мікалаю Арсеновічу.
— Праяўляць клопат аб падрастаючым пакаленні — гэта задача ДТСААФ як абласной структуры, так і першасных арганізацый у раёнах, — падкрэсліў Мікалай Мікалаевіч. — Мы развіваем тэхнічныя, авіяцыйныя і ваенна-прыкладныя віды спорту. Акрамя заняткаў на нашай базе, па дагаворах супрацоўніцтва, мы дапамагаем установам адукацыі развіваць стралковы спорт па ўсёй Брэсцкай вобласці. З нашага боку — гэта законная сістэма набыцця пнеўматычнай зброі, камплектаў куль, мішэнных установак, забеспячэнне бесперапынных трэніровак. Нашы пярвічкі на месцах два разы на год праводзяць раённыя спаборніцтвы па кулявой стральбе, дзе ўдзельнікі паказваюць бліскучыя вынікі, пацвярджаючы сваё майстэрства на абласным Кубку і далей на рэспубліцы. Расклад заняткаў у цірах распісаны на год наперад — гэта яшчэ раз пацвярджае зацікаўленасць навучэнцаў і запатрабаванасць гэтага віду спорту.
У гэты святочны для школы дзень на ўрачыстай лінейцы, прысвечанай 80-годдзю Перамогі, таксама ўспаміналі мужных воінаў, ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, ураджэнцаў раёна, якія аддалі свае жыцці дзеля міру на зямлі. Пасля вучні наведалі брацкую магілу аднавяскоўцаў у в. Парасляны, якія загінулі ў барацьбе з фашызмам у гады Вялікай Айчыннай вайны. Успаміналі воінаў Чырвонай арміі, якія аддалі свае жыцці пры вызваленні Пружанскага раёна ў ліпені 1944 года.
Ірына Велясевіч
Фота аўтара