Наўрад ці хто з грамадзян зараз задумваецца пра купанне ў вадаёмах раёна. Калі глядзіш на надвор’е за акном, здаецца, што цяпло пра нас і не ўспамінае. Хаця змены ў прыродзе нярэдка бываюць даволі рэзкімі, таму да чарговага купальнага сезона трэба рыхтавацца загадзя. Тым больш што адказным арганізацыям у плане падрыхтоўкі вадаёмаў і пляжаў трэба зрабіць нямала.
Нагадаем, што рашэннем райвыканкама для адпачынку ля вады будзе ўладкавана 10 зон: у Пружанах — каля вадаёмаў па вуліцах Пушкіна і Савецкай, у аграгарадках Кабылаўка, Клепачы, Лінова, вёсках Носкі, Магілёўцы, а таксама ў г.п.Шарашэва і два месцы — на возеры Паперня каля Ружан.
Як зазначыў старшыня раённага таварыства выратавання на водах (ТВВАД) Юрый Амельянчук, па даручэнні мясцовых улад замацаваныя за гэтымі ўчасткамі арганізацыі павінны да 25 красавіка добраўпарадкаваць пляжы і да з’яўлення там адпачывальнікаў падрыхтаваць адпаведную інфраструктуру. У дадатак будуць арганізаваны восем ведамасных і два стацыянарныя выратавальныя пасты.
Адначасова было прынята яшчэ адно рашэнне райвыканкама, накіраванае на падтрыманне бяспекі грамадзян, згодна з якім на ўсіх іншых вадаёмах раёна купанне забараняецца. Выклікана гэта тым, што летась у месцах, якія не былі прызначаны для купання, патанула тры чалавекі. Падчас рэйдавых мерапрыемстваў супрацоўнікі міліцыі прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці 29 грамадзян, магчыма, тым самым ратуючы ім жыцці. Таму і ў бягучым годзе кантроль за такімі аб’ектамі будуць весці члены ТВВАД, а таксама супрацоўнікі райаддзелаў па надзвычайных сітуацыях і міліцыі.
Алег Сідарэнка