З 2020 года ў раённым судзе было разгледжана 514 крымінальных спраў, звязаных з абразай службовых асоб. Рэзкі рост колькасці падобных судовых пасяджэнняў звязаны з тым, што ў сваіх заўвагах грамадзяне, імкнучыся пакрытыкаваць каго-небудзь, пераходзяць межы прыстойнасці. Вызначаюцца апошнія вельмі проста. Калі крытыка, згодна з тлумачальнымі слоўнікамі, выступае ў якасці меркавання, ацэнкі пераваг ці недахопаў той ці іншай асобы, яго працы або дасягненняў, то абраза, ганьба мае іншыя мэты – напасці на каго-небудзь, пакрыўдзіць, прынізіць. У такім выпадку айчыннае заканадаўства дае магчымасць пацярпеламу аднавіць справядлівасць.
Трэба прызнаць, што падобныя крымінальныя справы перасталі быць рэдкасцю з-за пашырэння доступу ў інтэрнэт, які ў некаторых грамадзян стварае лжывае пачуццё ананімнасці: маўляў, дастаткова схавацца пад прыдуманым нікам і можна ганьбіць з віртуальнай прасторы каго заўгодна: суседа, сваяка, міліцыянера, чыноўніка і нават прэзідэнта. І хаця аўтары выказванняў называлі свае словы крытыкай, на самай справе ніякіх заўваг у іх «сачыненнях» не было. А было там звычайнае жаданне «выліць бруд» на выконваючых свае абавязкі пасадоўцаў. А гэта ўжо трактуецца як крымінальнае злачынства, якое разглядаецца арт. 369 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Чаму менавіта крымінальнае? Справа ў тым, што кожны чыноўнік нясе пэўную адказнасць за выкананне сваіх абавязкаў, а чым вышэйшая пасада, тым большая адказнасць. І любая затрымка, перашкода можа сапсаваць працу адказнага работніка, паўплываць на яе канчатковы вынік. Таму дзяржава гарантуе службоўцам абарону іх правоў з мэтай стварэння належных умоў для выканання абавязкаў. А калі гэта перашкода з’яўляецца звычайнай падножкай, жаданнем насаліць, сапсаваць настрой і такім чынам сарваць работу? Тады гэта ўжо злосны намер, а з улікам таго, што адбываецца негатыўны ўплыў на ўсё наша грамадства, то, відавочна, злачынны.
Менавіта так трактаваліся ўчынкі двух пружанцаў, якія за свае выказванні былі прыцягнуты да крымінальнай адказнасці. Абодва вырашылі выказаць «крытыку» ў дачыненні да прадстаўнікоў беларускай улады. Эксперты адразу прызналі выказванні абразай, кіруючыся тым, што ніякіх канструктыўных заўваг у іх не ўтрымлівалася. Ды ўвогуле не можа ненарматыўная лексіка выступаць у ролі спосабу крытыкавання.
Больш за тое, падчас судовага пасяджэння высветлілася, што дзейнасць чыноўнікаў, якіх абразілі падсудныя, ніякім чынам не тычылася канкрэтна кожнага з іх. Проста абодва наткнуліся на адзін з telegram-каналаў, дзе ліўся бруд на дзейнасць урадавых пасадоўцаў, і гэтая брыдкая хваля зацягнула іх. Хаця яны і спадзяваліся, што аўтарства застанецца ўтоеным.
Падчас вынясення прыгавору суд улічыў грамадскую цяжкасць зробленых учынкаў. Акрамя таго, да ўвагі былі ўзяты сацыяльныя партрэты грамадзян, якія падпалі пад абвінавачванне. Адзін з іх – малады жыхар раёна, які мае працу і добрую характарыстыку як член грамадства. У выніку ён быў прыгавораны да абмежавання волі тэрмінам у 2 гады без накіравання ў папраўчую ўстанову. Другі – бацька двух непаўналетніх дзяцей. Вось толькі замест выканання сваіх сямейных абавязкаў паспеў займець судзімасць за хуліганства. У выніку за свае дзеянні гэты грамадзянін быў прыгавораны да 2 гадоў і 6 месяцаў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Гэты падсудны абскардзіў рашэнне раённага суда ў вышэйшай інстанцыі, аднак прыгавор быў пакінуты без змяненняў. Вынесеныя рашэнні суда ўжо ўступілі ў законную сілу.
Гэтыя дзве гісторыі – яскравае пацвярджэнне таго, што і ў інтэрнэце нішто не знікае, не пакідаючы слядоў. Аўтарства таго ці іншага ўчынку аднавіць з выкарыстаннем сучасных праграмных сродкаў магчыма. І за віртуальнае злачынства давядзецца адказваць рэальна.
Вадзім Мазоль, старшыня раённага суда