На пачатку красавіка начальнік Пружанскага РАУС Ігар Амельянчук атрымаў права па выслузе гадоў выйсці на заслужаны адпачынак. І вось у актавай зале райаддзела міліцыі прайшла цырымонія провадаў Ігара Аляксеевіча на пенсію. Урачыстасць сабрала ўсіх жадаючых павіншаваць ужо былога кіраўніка з гэтай знамянальнай у яго жыцці падзеяй.
Ігар Амельянчук праслужыў на Пружаншчыне амаль 13 гадоў, спачатку працаваў у райаддзеле намеснікам начальніка, а ў 2020 годзе ўзначаліў мясцовых праваахоўнікаў. Здаецца, тэрмін невялікі для глабальных спраў, але Ігар Аляксеевіч паспеў неаднаразова адзначыцца на гэтым полі дзейнасці.
У прыватнасці, пад яго кіраўніцтвам наш РАУС у чарговы раз быў прызнаны лепшым у вобласці з атрыманнем пераходнага кубка і новага аўтамабіля. Шэраг службаў і асобныя супрацоўнікі з 2020 года неаднаразова адзначаліся на абласным узроўні сярод высокіх прафесіяналаў. Ды і сам начальнік пружанскай міліцыі адзначаўся кіраўніцтвам рэспублікі: Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь Ігар Аляксеевіч быў двойчы ўзнагароджаны медалямі «За бездакорную службу» ІІІ і ІІ ступеняў.
— Сумна развітвацца з такім прафесіяналам, — зазначыў старшыня райвыканкама Міхаіл Грышкевіч. — Але я ўпэўнены, што Вашы талент і адданасць справе не трапяць у «цень», а будуць запатрабаваны і ў цывільным жыцці.
Старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Кудравец успомніў першыя дні службы Ігара Амельянчука на Пружаншчыне, калі яшчэ не было вядома, што чакае наперадзе.
— І прыемна, што багаж Вашых дасягненняў атрымаўся даволі важкі, у тым ліку і для нашага рэгіёна, — падкрэсліў Мікалай Пятровіч.
Для свайго, ужо былога кіраўніка супрацоўнікі райаддзела падрыхтавалі відэавіншаванне, у якім выказвалі падзяку, жадалі дабра і поспехаў у цывільным жыцці. Прыемныя словы выказалі калегі з іншых сілавых структур, пракурор раёна Аляксандр Вярбіцкі і начальнік райаддзела Следчага камітэта РБ Максім Басак падзякавалі за канструктыўную сумесную працу.
Таксама не абышлося і без памятных падарункаў ад калег, раённага савета ветэранаў органаў унутраных спраў, начальніка аддзела Дэпартамента аховы Сяргея Ільяшэвіча і протаіерэя Ігара Мрыхіна.
Падчас цырымоніі была адзначана і жонка Ігара Амельянчука Аксана, якой за нялёгкую справу падтрымання сямейнага быту міліцыянера, які значны час праводзіць на службе, быў уручаны медаль «Жонцы афіцэра».
Зразумела, падобнае развітанне з калегам утрымлівае ў сабе часцінку суму, тым не менш, атмасфера мерапрыемства была прыўзнятай, у зале панавалі ўсмешкі, дапамагалі ў гэтым і вясёлыя выступленні артыстаў мастацкай самадзейнасці.
Больш таго, практычна ўсе выступоўцы нагадвалі Ігару Амельянчуку, што пенсія — гэта «не курорт на бязлюдным востраве». Ён застаецца ў нашым грамадстве, а яго вопыт і прынцыпы не губляюць каштоўнасці і ў цывільным жыцці і павінны быць перададзены маладому пакаленню. А значыць, ветэрану МУС хопіць неадкладнай работы.
Алег Сідарэнка.
Фота Кацярыны Масік і Алега Сідарэнкі