Пружанскі Лядовы палац даўно даказаў, што тут на самым высокім узроўні праходзяць спаборніцтвы рэспубліканскага ўзроўню. У «партфоліа» — турніры па фігурным катанні, хакеі, прымала калісьці арэна нават спаборніцтвы па айсштоку, ну а «Залатая шайба» і «Каласок», «Белавежская пушча» і «Зорачка», першынство Беларусі і Кубак Беларускага саюза канькабежцаў па фігурным катанні ўжо даўно на слыху ў жыхароў раёна.
Рэспубліканскі турнір па хакеі МУС Беларусі сёлета праходзіў упершыню ў краіне. Нядзіўна, але пачэсна, што гонару прымаць яго групавы этап быў удастоены менавіта наш Лядовы палац. Нагадаем, што адначасова спаборніцтвы праводзіліся і ў г. Шклове Магілёўскай вобласці, дзе паралельна з Пружанамі вызначалі пераможцаў адборачнага этапу.
На працягу трох дзён, з 7 па 9 лютага, у нашым Лядовым палацы было сапраўды горача — як на лёдзе, так і на трыбунах. Нягледзячы на буднія дні, сябры і калегі хакеістаў, а таксама шматлікія пружанцы прыходзілі, каб пабалець за сваіх фаварытаў. Вызначыцца, за каго перажываць, было не так і проста: у заходняй канферэнцыі змагалася 6 каманд. Гэта прадстаўнікі УУС Брэсцкага, Гродзенскага і Мінскага аблвыканкамаў, каманды ўнутраных войскаў МУС Беларусі, Дэпартамента выканання пакаранняў і Дэпартамента аховы Беларусі.
Лідары турніру пачалі вымалёўвацца пасля некалькіх згуляных матчаў. Так, ужо ў першы дзень каманда ўнутраных войскаў разграміла Дэпартамент выканання пакаранняў — 13:0, а зборная Дэпартамента аховы была мацнейшай за каманду УУС Мінскага і Гродзенскага аблвыканкамаў — 12:0 і 22:2 адпаведна. Пераможная тэндэнцыя гэтых каманд захавалася і ў наступныя дні.
Канкурэнцыю зборным склалі хакеісты з Дэпартамента выканання пакаранняў. Яны, да прыкладу, «усухую» перамаглі УУС Мінаблвыканкама — 11:0, былі мацнейшыя і за УУС Гродзенскага аблвыканкама — 17:7. Такім чынам, ужо на другі матчавы дзень стала зразумела, што менавіта гэтыя тры каманды — асноўныя канкурэнты за права пазмагацца ў фінале ў Баранавічах 28 лютага.
Але ж каманды тры, а месцаў у фінале толькі два. Так атрымалася, што апошняя сустрэча заключнага дня спаборніцтваў і з’яўлялася вырашальнай у гэтым пытанні. Справа ў тым, што каманда ўнутраных войскаў ужо перамагла ва ўсіх 5 матчах, у якіх удзельнічала. На рахунку ж двух Дэпартаментаў да пачатку сустрэчы было па 3 пераможныя сустрэчы. Ці трэба казаць, што гульня выдалася вельмі эмацыянальнай?!
На перапынак пасля другога перыяду каманды Дэпартаментаў сыходзілі з роўным лікам — 2:2, але ў апошні момант ахоўнікі здолелі сабрацца і ўсяго за трэці тайм адправілі ў вароты саперніка яшчэ 4 шайбы. Выніковы лік 3:6 на карысць Дэпартамента аховы абазначыў тое, што ў фінал у заходняй канферэнцыі выйшлі каманды ўнутраных войскаў і Дэпартамента аховы (на здымку ўверсе), а вось зборная Дэпартамента выканання пакаранняў стала на групавым этапе ў Пружанах трэцяй.
Трэба адзначыць, што па выніках кожнага матча вызначаўся лепшы ігрок. У апошняй сустрэчы заходняй лігі ім прызнаны Кірыл Церашкоў, які іграе пад нумарам 17 — «легенда № 17» (Дэпартамент аховы МУС). Нягледзячы на перанесеную некалькі дзён таму траўму, Кірыл выйшаў на лёд і зрабіў усё для перамогі зборнай.
Падчас перапынкаў арганізатары не давалі засумаваць балельшчыкам і праводзілі для іх розныя конкурсы прама на лёдзе. Таксама моладзь актыўна фатаграфавалася з хакеістамі.
У цэлым жа І Рэспубліканскі турнір па хакеі МУС Беларусі ў Пружанах не толькі зарадзіў станоўчымі эмоцыямі ўдзельнікаў і балельшчыкаў, але і яшчэ раз даказаў, што займацца спортам і сачыць за здароўем важна прадстаўніку кожнай прафесіі, незалежна ад узросту.
Уладзіслаў Шпарла
Фота Кацярыны Масік