Пружанский районный исполнительный комитет

Пружанский районный исполнительный комитет
burger
Главная // 80 лет освобождения Беларуси от немецко-фашистских захватчиков

Загінуў, вызваляючы Пружаншчыну. Пра Барыса Сяргеевіча Бахарава

19/07/2024 14:03

У вызваленні Пружаншчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў прымаў удзел 9 танкавы Бабруйска-Берлінскі Чырванасцяжны ордэна Суворава корпус. Сама яго назва асноўнай частцы пружанцаў ні пра што не скажа. Але ж, думаю, усе ведаюць, што адна з вуліц нашага райцэнтра носіць імя генерал-маёра Бахарава, які кіраваў 9 танкавым корпусам падчас вызваленчай аперацыі «Баграціён» і загінуў у баі на тэрыторыі нашага раёна, непадалёк ад вёскі Шакуны.

Аднойчы спадарожным ветрам занесла мяне ў горад Бабруйск. Сярод іншых выбітнасцей самага буйнога раённага цэнтра Беларусі аказаўся і танк Т-34-85 пад нумарам 300, устаноўлены якраз насупраць мясцовага краязнаўчага музея. Танкамі пружанцаў не здзівіш: у нашым горадзе вельмі шмат разнастайнай ваеннай тэхнікі. Але гэты аказаўся асаблівым. Згодна з легендай, менавіта на ім ваяваў і загінуў падчас упартых баёў за Пружаншчыну камандзір танкавага корпуса. Баявая машына ўстаноўлена ў якасці помніка каля брацкага пахавання генерал-маёра Бахарава і яшчэ пяці герояў.

Вось так лёс Бабруйска перасёкся з лёсам Пружан. Але чаму месцам пахавання быў выбраны менавіта Бабруйск?


Барыс Сяргеевіч Бахараў (дарэчы, націск падае на другое «а») нарадзіўся 10 верасня 1902 года ў горадзе Дзямянску Ніжагародскай губерні. Вайсковую прафесію, напэўна, не выбіраў: яна сама яго выбрала, калі пачалася грамадзянская вайна. Ваяваў супраць Юдзеніча, у 1920-21 гадах прымаў удзел у савецка-польскай вайне (цікава, з дакументаў гэтага не бачна, але, можа, і тут праз Пружаны пралягаў яго шлях?). Потым скончыў Ваенную акадэмію імя М.В. Фрунзе і курсы бранятанкавых войскаў, атрымаў назначэнне ў Беларускую ваенную акругу, у 1932-36 гадах служыў у штабе Бабруйскага гарнізона.

Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, палкоўнік Бахараў быў камандзірам 50 танкавай дывізіі. На фотаздымках ён не надта падобны на супергероя: невялікага росту, каржакаваты, у вялікіх акулярах. Але знешнасць падманлівая: Барыс Сяргеевіч вылучаўся зайздроснай адвагай. У баях пад Смаленскам «паказаў прыклад, сваім танкам кінуўся на ўбачаную калону, знішчыў 12 машын, 7 кулямётаў, танкавую гармату. Калі яго танк быў падбіты праціўнікам, пад агнём аўтаматчыкаў пералез на другі і працягваў знішчаць праціўніка».

Нашмат пазней, падчас баёў за вызваленне Беларусі, 9 танкавы корпус, якім камандаваў Б.С. Бахараў, удалым манеўрам замкнуў «Бабруйскі кацёл». За гераізм пры вызваленні гэтага горада корпус і атрымаў ганаровую назву Бабруйскі, а за ўдзел у вызваленні Баранавіч быў узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга.

З Баранавіч баявы шлях 9 тк пад камандаваннем генерал-маёра Бахарава ішоў на Пружаншчыну. Але тут палкаводца чакалі не толькі перамогі… Раніцай 16 ліпеня 1944 года ў раёне вёскі Шакуны генерал-маёр Бахараў загінуў.


Узгадваючы яго заслугі ў вызваленні Бабруйска, а таксама ранейшую службу ў гэтым горадзе, па загадзе камандуючага 1-м Беларускім фронтам маршала Савецкага Саюза К.К. Ракасоўскага Бахарава і пахавалі ў бабруйскім скверы.

Ірына Сядова (Газета "Раённыя будні")

 

К списку новостей

Интернет-ресурсы

Полезные ссылки