Пружанский районный исполнительный комитет

Пружанский районный исполнительный комитет
burger
Главная // 80 лет освобождения Беларуси от немецко-фашистских захватчиков

Загінулых ахвяр фашызму ўспомнілі падчас мітынгу каля помніка «Падаючыя крыжы» ў Белавежскай пушчы

07/08/2024 16:42

У першую нядзелю жніўня каля помніка ахвярам фашызму «Падаючыя крыжы» ў Белавежскай пушчы сабраліся прадстаўнікі мясцовай улады, грамадскіх арганізацый, школьнікі, духавенства. На традыцыйным мітынгу «Будзем памятаць» ушанавалі памяць людзей, жыццё якіх было абарвана фашыстамі ў самым пачатку Вялікай Айчыннай вайны.

Ціхі, утульны куток Белавежскай пушчы — дзіўнае месца, дзе хочацца доўга блукаць па лясных сцяжынках, удыхаць чыстае паветра, атрымліваючы асалоду ад шэпту соснаў і елак.

Але кожны раз, набліжаючыся да манумента «Падаючыя крыжы», пачашчаецца пульс і зводзіць дыханне. Менавіта ў гэтым прыгожым і адначасова жудасным месцы ў апошнія дні ліпеня і ў першыя дні жніўня 1941 года фашысты праводзілі карныя аперацыі, каб мясцовыя жыхары не змаглі дапамагаць партызанам. У выніку бесчалавечных дзеянняў нацыстаў загублена 120 мірных жыхароў беларускіх вёсак: Шарашэва, Роўбіцка, Крыніцы, Папялёва, Борак, Белага Ляска і многіх іншых. Большасць з забітых — жанчыны, дзеці і старыя. На мемарыяльнай пліце — дадзеныя 85 загінулых, на жаль, імёны астатніх да гэтага часу невядомыя.

Не ведаючы мінулага, немагчыма пабудаваць будучыню. У сваёй прамове намеснік старшыні райвыканкама Руслан Cупрыновіч заклікаў шанаваць і памятаць слаўны і трагічны шлях нашага народа, берагчы мір на сваёй зямлі, выносіць урокі з мінулага, каб перадаць наступным пакаленням памяць пра страшныя падзеі ваеннага ліхалецця.

— Болем адгукаюцца ў нашых сэрцах імёны, выбітыя на граніце. Яны жывыя, пакуль будзе жыць памяць у нашых сэрцах. Кожны з нас павінен ведаць пра страты, якія панёс наш народ, шанаваць і памятаць тых, хто ўнёс вялікі ўклад у разгром фашызму і вызваленне нашай зямлі ад акупантаў, — зазначыў Руслан Супрыновіч.

Трэба адзначыць, што ў нашай краіне надаецца вялікая ўвага захаванню гістарычнай памяці пра генацыд беларускага народа ў гады вайны. Дзякуючы архіўным крыніцам і па ўспамінах відавочцаў тых страшных падзей зняты дакументальныя фільмы, напісаны кнігі і шматлікія артыкулы, вядзецца мэтанакіраваная ідэалагічная работа ў маладзёжным асяроддзі, фарміруюцца патрыятычныя класы ў школах. І ўсё з адной толькі мэтай — памятаць, шанаваць і берагчы мір на нашай шматпакутнай зямлі.

Як заўсёды, кранальна і пранікліва выступілі на мітынгу праваслаўны і каталіцкі святары, якія адзначылі, што памяць аб ахвярах фашызму таксама заключаецца ў малітве за душы нявінна забітых, бо сіла слоў мае велізарную вагу, калі іх пасыл шчыры і ад чыстага сэрца. Цішыня і трагічны смутак двух народаў — беларускага і польскага — замерлі ў гэтым святым месцы. Колькі б гадоў ні прайшло, ніхто не пасмее сказаць: усё ўжо сказана, хопіць, дастаткова. Усяго сказаць ніколі не атрымаецца, бо няма меры трагізму вайны.

Усе прысутныя на жалобным мерапрыемстве, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, працоўных калектываў, школьнікі, навучэнцы і мясцовыя жыхары ўсклалі да манумента вянкі і кветкі, а таксама ўшанавалі памяць ахвяр фашызму мінутай маўчання. Мы памятаем… Няхай зямля ім будзе пухам, а неба над намі — чыстым і мірным.

Ірына Велясевіч.

Фота аўтара

https://www.budni.by/zaginulyx-axvyar-fashyzmu-%d1%9espomnili-padchas-mityngu-kalya-pomnika-padayuchyya-kryzhy-%d1%9e-belavezhskaj-pushchy-fota/

 

К списку новостей

Интернет-ресурсы

Полезные ссылки