Пружанский районный исполнительный комитет

Пружанский районный исполнительный комитет
burger
Главная // 80 лет освобождения Беларуси от немецко-фашистских захватчиков

Людзі і зоркі: «смалянскія маладагвардзейцы»

29/04/2024 11:05


Яшчэ адна памятная дата: роўна 80 гадоў таму ва ўрочышчы Песчына былі расстраляны жыхары вёсак былога Смалянскага сельсавета, члены маладзёжнай падпольнай арганізацыі, якіх праз шмат гадоў трапна назвалі «смалянскімі маладагвардзейцамі».

У памяць людзей, якія аддалі самае дарагое — свае жыцці — у барацьбе з фашызмам, быў наладжаны мітынг каля брацкай магілы на могілках непадалёку ад в. Круглае, дзе пасля вайны перапахавалі 17 чалавек.

Марыя Дзмітруковіч і Вера Панасюк.

Марыя Дзмітруковіч, яе сястра Вера Панасюк, іх бацькі Іван Раманавіч і Дар‘я Іванаўна, сёстры Верынага мужа Надзея Панасюк і Анастасія Галашук з мужам Мікалаем…

Надзея Панасюк і Анастасія Галашук.

Падчас вайны жыхары Круглага, Смалян, Алішавічаў, навакольных хутароў актыўна ўключыліся ў барацьбу з нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Неверагодна, але падпольную групу, якая ў асноўным складалася з моладзі, узначаліла зусім юная дзяўчына, Марыя Дзмітруковіч.

Сакратар Пружанскага падпольнага РК КП(б)Б Сцяпан Пацяруха ўзгадваў яе як выключна смелую, кемлівую камсамолку. Члены маладзёжнага падполля выконвалі заданні партызан: распаўсюджвалі лістоўкі і зводкі Саўінфармбюро, дапамагалі ў дыверсійнай дзейнасці, збіраючы дадзеныя аб ахове чыгункі, руху цягнікоў.

Небяспечных сітуацый здаралася вельмі шмат: штодзень тыя, хто супрацьдзейнічаў акупантам, рызыкавалі сабой, сваімі сем‘ямі. Нават за тое, што збіралі харчаванне для партызан, мылі ім адзенне, дапамагалі з цёплай вопраткай, ужо пагражала расправа. Не раз даводзілася глядзець смерці ў вочы: і тады, калі прыехалі немцы на хутар да Панасюкоў, арыштавалі гаспадара і яго дачку Надзею (цэлую зіму Пётр Міхайлавіч правёў у турме, але выпусцілі, дзякуй Богу). А ў 1944-м, нарэшце, сапраўды натрапілі на след падполля. Усё было, як у авантурным фільме: легкадумнае парушэнне канспірацыі, арышт аднаго з членаў арганізацыі, які на допыце «зламаўся» і пачаў называць прозвішчы. Толькі жыццё бывае намнога больш жорсткім за фільм, які можна проста выключыць…

Падпольшчыкі былі гатовы да такіх падзей, многія паспелі пакінуць дамы, далучыцца да партызанскага атрада. Літаральна аднаго дня не хапіла Марыі з бацькамі, сям‘і Панасюкоў, некалькім іншым падпольшчыкам: іх арыштавалі. Арыштантаў доўга катавалі ў пружанскай турме, асабліва жорстка — Марыю. Нават адзін з ахоўнікаў прызнаўся: лепей бы адразу павялі на смерць, чым такія пакуты.

16 красавіка 1944 года быў Вялікдзень. А на наступны дзень пачаліся расстрэлы, якія працягваліся да 22-га. Зняволеных па чарзе выводзілі ва ўрочышча Песчына і ставілі на край расстрэльнай ямы. Сёстры Марыя з Верай абняліся ў апошні раз… Так іх і знайшлі праз два гады, калі праводзілі эксгумацыю і перапахаванне…

Пра ўсе гэтыя падзеі ўзгадвалі падчас мітынгу старшыня Ліноўскага сельвыканкама Таццяна Мардань, начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Аляксандр Момлік, старшыня пярвічнай арганізацыі БРСМ СШ № 3 Станіслаў Шэйка, сваякі загінулых герояў, якія сабраліся каля брацкай магілы. Прынялі ўдзел у мерапрыемстве і прадстаўнікі філіяла «Айчына» ААТ «Белавежскі», грамадскага аб‘яднання «Белая Русь».

— Мы, пляменнікі, заўсёды шанавалі памяць пра сваіх родных, — адзначыла Людміла Нагорная. — Дзецям, унукам сваім перадаём гэтую эстафету. Праўнучка з Масквы нават прыехала з сям‘ёй.

— Вельмі хочацца, каб не зведалі нашы дзеці жудаснай вайны, — кажа Таццяна Іванова. — Таму і павінны памятаць.

Настаяцель Спаса-Праабражэнскага храма ў г. Пружаны протаіерэй Ігар Мрыхін пры ўдзеле камернага хору пад кіраўніцтвам Ірыны Буланьковай адслужыў ліцію. Да брацкай магілы былі ўскладзены вянкі і кветкі.

Таксама ў рамках рэалізацыі міжнароднага-гісторыка-патрыятычнага праекта «Лічбавая зорка» пры ўдзеле членаў БРСМ СШ № 3 каля месца пахавання была ўстаноўлена шыльдачка з QR-кодам.

Ірына Сядова

Фота Кацярыны Масік

http://www.budni.by/lyudzi-i-zorki-smalyanskiya-maladagvardzejcy/

 

К списку новостей

Интернет-ресурсы

Полезные ссылки