Напярэдадні знамянальнай даты 80-годдзя Вялікай Перамогі працуючая моладзь Пружаншчыны аб’ядналася ў займальным інтэлектуальна-рухомым мерапрыемстве, арганізаваным аддзелам ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама сумесна з Маладзёжным парламентам. У ходзе падзеі яго ўдзельнікі аддалі даніну памяці героям Вялікай Айчыннай вайны, праверылі свае веды ў гісторыі, а таксама яшчэ лепш пазнаёміліся з мясцінамі нашага горада.
Адкрыццё мерапрыемства адбылося каля помніка «Спаленым вёскам». Начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Таццяна Гаманчук падкрэсліла значнасць гадавіны Перамогі і подзвігаў нашых продкаў, пасля чаго прысутныя ўсклалі кветкі да манумента, выказваючы шчырую павагу і падзяку.
Затым моладзь адправілася ў музей-сядзібу «Пружанскі палацык», дзе іх цёпла сустрэлі выхаванцы і педагогі дзіцячага сада № 5 г. Пружаны з пранікнёным танцавальным нумарам, які сімвалізаваў радасць жыцця пад мірным небам. Шчырасць дзіцячых выступленняў кранула сэрцы кожнага прысутнага, нагадваючы, чаму важна захаваць памяць аб мінулым, дзеля будучыні.
Што ж датычыцца інтэлектуальнай часткі квэста, то ў ёй ўдзельнічалі пяць каманд, у кожнай з якой было па пяць чалавек. Сярод удзельнікаў былі калектывы: КУВП «Камунальнік», УП «Пружанская ПМК-21», ААТ «Пружанскі малочны камбінат», філіял «Пружанскія электрычныя сеткі» РУП «Брэстэнерга» і УАЗ «Пружанская цэнтральная раённая бальніца». Сама гульня складалася з двух тураў. Першы з іх быў праведзены ў рамках патрыятычнага праекта «#1 рэгіён памятае».
Тут удзельнікам неабходна было правільна адказваць на тэставыя пытанні аб падзеях Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі Брэсцкай вобласці. Падчас пяці раундаў кожная з каманд адказала на 26 пытанняў. Самымі дасведчанымі аказаліся прадстаўнікі КУВП «Камунальнік».
У другой частцы мерапрыемства ўдзельнікам ад арганізатараў быў падрыхтаваны квэст пад назвай «Парк у аб’ектыве». У першым раундзе гэтага тура дружынам неабходна было знайсці на тэрыторыі парку шэсць розных аб’ектаў, якія былі намаляваны на прадстаўленым ім малюнку, і побач з кожным з іх зрабіць каманднае сэлфі. Дадзеная частка мерапрыемства зрабіла яго больш энергічным і актыўным. Пасля таго, як усе калектывы справіліся з пастаўленай задачай, яны зноў вярнуліся ў музей і паказалі нядрэнныя веды ў вобласці фільмаў і песень, прысвечаных вайне. Па выніках другога тура лепш за ўсіх справіліся пружанскія энергетыкі.
Пераможцы абодвух тураў атрымалі ад арганізатараў падзеі прыемныя ўзнагароды ў выглядзе дыпломаў і вялікіх пазл-картаў, на якіх намалявана тэрыторыя нашай краіны. Але галоўнае ў такіх мерапрыемствах, як кажуць, не перамога, а ўдзел. Бо ўсе прысутныя зрабілі адразу некалькі важных спраў: ушанавалі памяць нашых герояў, згадалі пра гістарычныя падзеі Вялікай Айчыннай вайны, а таксама атрымалі новыя веды і станоўчыя эмоцыі.
Фота Кацярыны Масік