Пружанский районный исполнительный комитет

Пружанский районный исполнительный комитет
burger
Главная // Новости

Жывыя камяні Антарктыды

11/04/2024 08:33

Пад такой назвай у музеі адкрылася фотавыстава ад Беларускага геаграфічнага таварыства — самастойнай навуковай грамадскай арганізацыі, якая аб’ядноўвае на добраахвотных пачатках грамадзян на аснове агульнасці інтарэсаў у галіне геаграфіі, краязнаўства і іншых сумежных навук. Дарэчы, у гэты годзе таварыства адзначыла сваё 70-годдзе.

 

На выставе прадстаўлена 27 фотаздымкаў беларускага вучонага-біёлага, улюбённага ў Антарктыду, Юрыя Рыгоравіча Гігіняка.

Юрый Гігіняк стаў першым беларускім біёлагам, які трапіў у савецкі час у Антарктыку, першым і адзіным вучоным, які абараніў у БССР дысертацыю па насельніках водных глыбінь гэтага кантынента. Вучоны неаднаразова перасякаў экватар, быў на полюсе холаду, дзе тэмпература апускаецца да 89 градусаў ніжэй за нуль, вывучаў самыя глыбакаводныя месцы на Зямлі.

Юрый Рыгоравіч усё сваё жыццё марыў пабываць у Антарктыдзе. Чатыры гады пісаў лісты ў Ленінград у Інстытут Арктыкі і Антарктыкі, каб узялі яго ў экспедыцыю на шосты кантынент. І вось у 1970 годзе нарэшце адправіўся ў доўгую экспедыцыю ў складзе групы біёлагаў-аквалангістаў. Праца вучонага складалася ў ныранні з аквалангам пад лёд і вывучэнні ўсяго, што жыве там.

Вядома, праца была вельмі небяспечная. Ніхто ў свеце не змог паўтарыць тое, што рабілі тады вучоныя. Ныралі не толькі ў паўднёвы палярны дзень, але і ў паўднёвую палярную ноч. Ды яшчэ рабілі поўнае біялагічнае даследаванне, замкнуўшы ўвесь гадавы цыкл — ад вясны да вясны. Затое яны ўбачылі найбагацейшы свет, у якім на адным квадратным метры можна было сабраць ад чатырох да шасці кілаграмаў жыўнасці: зорак, марскіх вожыкаў, мяккіх каралаў, рыб.

На большасці фатаграфій прадстаўлена тое, што здолеў убачыць вучоны-біёлаг. Гэта не жывыя стварэнні, гэта… камяні! На прадстаўленых фотаздымках заснежаная Антарктыда паказвае нам сваё далёкае мінулае, схаванае пад ледзяным мільёнагоддзем праз каменныя скульптуры, высечаныя ветрам, сонцам і холадам.

На фатаграфіях сустракаюцца і галоўныя жыхары Антарктыды — пінгвіны, якія, аказваецца, зусім не баязлівыя і чалавека падпускаюць ушчыльную.

Пяць экспедыцый на гэты кантынент на працягу 50 гадоў (1970-2020 гг.) дазволілі Юрыю Гігіняку наблізіцца да яе таямніц і прыгажосцяў. А фотавыстава “Жывыя камяні Антарктыды” дазволяць пазнаёміцца з гэтым загадкавым кантынентам наведвальнікам музея.

https://museum.pruzhany.by/zhyvyya-kamyani-antarktydy/

 

К списку новостей

Интернет-ресурсы

Полезные ссылки