Пружанский районный исполнительный комитет

Пружанский районный исполнительный комитет
burger
Главная // Новости

Без іх прадукцыі не выходзіць ні адзін беларускі аўтобус, трактар ці грузавік! «Пружанскі завод радыёдэталей» нарошчвае магчымасці і ўпэўнена глядзіць у будучыню

24/09/2023 14:45

Сваё прафесійнае свята — Дзень машынабудаўніка — у апошнюю нядзелю верасня ў чарговы раз адзначае калектыў Пружанскага завода радыёдэталей.

Сёння без прадукцыі гэтага прадпрыемства, якое з’яўляецца адным з вядучых у нашым рэгіёне, не выйдзе з канвеера ні адзін беларускі аўтобус, трактар або грузавік. Адчувальны ўклад ПЗР у эканоміку ўсёй краіны адзначаецца нават на высокім узроўні. Ці захавае дасягнутыя пазіцыі завод у бягучым годзе? Якія перспектывы бачацца ў бліжэйшым будучым? З гэтых пытанняў і пачалася наша гутарка з дырэктарам прадпрыемства Андрэем Каласеем.

Дырэктар ААТ «Пружанскі завод радыёдэталей» Андрэй Каласей.

— У 2022 годзе, нягледзячы на знешнія складанасці, што былі штучна створаны для эканомікі краіны, нашаму заводу ўдалося выканаць усе запланаваныя і даведзеныя паказчыкі ў поўным аб’ёме. Трэба адзначыць, што гэта далося нам без перанапружвання сіл і сродкаў дзякуючы мэтанакіраванай аптымізацыі вытворчасці і падрыхтоўцы калектыву. І пацвярджэннем таму з’яўляюцца сёлетнія папярэднія дасягненні. У прыватнасці, з пачатку бягучага года тэмп росту аб’ёмаў вытворчасці прамысловай прадукцыі ўжо перавысіў 131%, а павелічэнне экспартнага складальніка на сённяшні дзень склала 120% да аналагічнага леташняга перыяду. І гэта непасрэдна адбіваецца на заработнай плаце, якая, паводле статыстыкі, у параўнанні з мінулагодняй узрасла амаль на 25%. Таму, упэўнены, што і 2023 год закончым з дасягненнем усіх вытворчых паказчыкаў.

На заводзе асвоілі выпуск прыборных дошак для трактароў МТЗ. Прадукцыю дэманструюць работнікі механазборачнага цэху № 1 Вольга Локцева і Таццяна Архуцік.

— Андрэй Васільевіч, штогод падчас падвядзення вынікаў раённай эканомікі і ў іншых справаздачах праходзіць інфармацыя пра асваенне заводам новага віду прадукцыі. А то і не аднаго. Ці захаваецца сёлета гэта традыцыя?

Мяркуючы па аб’ёме задач, якія выконвае аддзел кадраў завода, можна смела сказаць, што гэтая служба прадпрыемства «вырашае ўсё!». Са сваімі шматлікімі абавязкамі выдатна спраўляюцца юрысконсульт Анастасія Канцэвіч, начальнік Таццяна Кавальчук і інспектар па кадрах Таццяна Віцько (злева направа).

— Безумоўна, бо наша прадпрыемства лічыцца адным з важкіх звёнаў таго прамысловага ланцужка, які скаваны агульнымі патрабаваннямі па імпартазамяшчэнні. У такім ключы штогод распрацоўваецца стратэгія далейшай дзейнасці і развіцця завода: напрыклад, летась мы пачалі выпуск сямі камплектуючых для жгутоў аўтатрактарнай і бытавой тэхнікі. Варта адзначыць, што ў дадзенай сітуацыі «выпуск» азначае глабальную работу па распрацоўцы праекта, складанні тэхналагічнай карты, наладжванне абсталявання і падрыхтоўку работнікаў, якія будуць працаваць на адпаведнай лініі. І нам гэта па сілах.

Адзін з асноўных напрамкаў вытворчай дзейнасці ААТ «Пружанскі завод радыёдэталей» — гэта выраб кабельных жгутоў для аўтатрактарнай і бытавой тэхнікі, які запатрабаваны айчыннымі і замежнымі машынабудаўнікамі. Таму вязальны цэх толькі нарошчвае аб’ёмы выпуску прадукцыі. Начальнік цэха Вера Пілюцік і вязальшчык Ала Талакнянік.

У рамках рэалізацыі інвестыцыйнага праекта «Пашырэнне вырабу гнездавых і штыравых калодак і іншых злучальных устройстваў жгутоў для аўтатрактарнай і бытавой тэхнікі» сёлета асвоена чатыры найменні прадукцыі, на стадыі распрацоўкі яшчэ шэсць. Дзякуючы гэтаму мы павялічваем удзельную вагу ААТ «ПЗР» у ёмістасці рынку адпаведнай прадукцыі Рэспублікі Беларусь. Паралельна павялічваем экспартныя пастаўкі ў Расійскую Федэрацыю за кошт укаранення імпартазамяшчальнай прадукцыі.

Тэхналогія вырабу новых відаў прадукцыі нараджаецца ў тэхаддзеле завода. Чарговую навінку абмяркоўваюць (злева направа) інжынер-тэхнолаг Віктар Казлоўскі, інжынер-канструктар Яўген Халецкі, начальнік аддзела Марына Панова і інжынер-тэхнолаг Таццяна Саскевіч.

Увогуле будзем наладжваць выпуск 49 новых відаў прадукцыі, неабходнай машынабудаўнічай галіне. Трэба адзначыць, што падобных вырабаў у нашай рэспубліцы раней не выпускалі і яны завозіліся з-за мяжы.

— Якая атмасфера пануе ў калектыве завода, ці ёсць неабходны для такой насычанай працы патэнцыял?

— Толькі згуртаваная і самаадданая каманда зможа стабільна працаваць на наладжаных лініях і асвойваць новыя віды прадукцыі. Таму ўпэўнена сцвярджаю, што папярэднія поспехі для нашага калектыву будуць папаўняцца наступнымі дасягненнямі. У дадатак павышаную ўвагу ўзроўню жыцця нашых 183 работнікаў надае адміністрацыя. І не толькі ў выглядзе стабільнага росту заработнай платы. Выплачваюцца ўзнагароджванні да юбілеяў і іншых асабістых знакавых дат. У калектыўны дагавор уведзена дадатковая мера абароны ў выглядзе заключэння дагавора добраахвотнага медыцынскага страхавання і дадатковых адпачынкаў — стымулюючых і сацыяльных.

Самыя розныя дэталі вырабляе завод.

А яшчэ мы разам нярэдка бавім вольны час. Толькі ў бягучым годзе для нашых работнікаў былі арганізаваны паездкі ў парк-музей гісторыі «Сула», Лідскі замак, Нёманскі шклозавод. Безумоўна, прымаем удзел у мерапрыемствах, якія праводзяцца абласной арганізацыяй прафсаюза «БЕЛПРАФМАШ» і раённымі грамадскімі аб’яднаннямі.

Якім чынам рэалізоўваць стратэгію далейшага развіцця? Гэта выдатна ведаюць работнікі планава-эканамічнага аддзела — начальнік Таццяна Найбіч і эканамісты Людміла Саладуха і Алена Зарэцкая (злева направа).

І гэту праграму будзем штогод толькі пашыраць, каб наша заводская каманда была самай трывалай і здольнай!

Гутарыў Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік

Крыніца: http://www.budni.by/bez-ix-pradukcyi-ne-vyxodzic-ni-adzin-belaruski-aўtobus-traktar-ci-gruzavik-pruzhanski-zavod-radyyodetalej-naroshchvae-magchymasci-i-ўpeўnena-glyadzic-u-buduchynyu/

 

К списку новостей

Интернет-ресурсы

Полезные ссылки