Выхаванец аддзялення па плаванні СДЮШАР № 2 г. Пружаны Цімур Дакімовіч вярнуўся з сапраўдным россыпам узнагарод з міжнароднага турніру па плаванні «Кубак #1рэгіёна».
Адзін з найбольш значных для спартсменаў-плыўцоў вобласці турнір праходзіў у апошнія дні лістапада ў Палацы водных відаў спорту абласнога цэнтра. За ўзнагароды змагаліся больш за 700 спартсменаў з Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі.
Цімур Дакімовіч здолеў не толькі заявіць пра сябе і нашу спартыўную школу, заваяваўшы чатыры медалі, але і ўстанавіць рэкорды спаборніцтваў.
Чэмпіёнам «Кубка #1рэгіёна» Цімур стаў тройчы. Залатыя медалі ён заваяваў на дыстанцыях у 50 м брасам (праплыў усяго за 33,51 сек.), 200 м батэрфляем (пераадолеў за 2 мін. 39,02 сек.) і 100 м брасам (вынік тут — 1 мін. 14, 73 сек.). Адзначым, што на ўсіх названых дыстанцыях пружанскі спартсмен устанавіў рэкорды турніру.
Яшчэ адна ўзнагарода — сярэбраная — у нашага земляка па выніках заплыву на 200 м брасам. Цімур справіўся з дыстанцыяй за 2 мін. 40,58 сек.
Падрыхтаваў спартсмена трэнер СДЮШАР № 2 г. Пружаны Сяргей Каляда.
Уладзіслаў Шпарла
Фота прадастаўлена СДЮШАР № 2 г. Пружаны.