Якія новаўвядзенні ў адукацыйным працэсе будуць упершыню апрабаваны ў гэтым навучальным годзе, наколькі школы горада і раёна гатовы прыняць навучэнцаў у свае класы? Пра гэта і многае іншае мы пагаварылі з начальнікам аддзела па адукацыі райвыканкама Ірынай Анатольеўнай Казарэз.
— Ірына Анатольеўна, мы ведаем, што лета для работнікаў адукацыі — гэта не толькі працяглы водпуск, але і сур’ёзная падрыхтоўка да новага навучальнага года. Што зроблена за гэты час ва ўстановах адукацыі горада і раёна?
— У 2024 годзе аддзелам па адукацыі сумесна з падведамаснымі ўстановамі і цэнтрам па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый Пружанскага раёна прадоўжана работа па ўмацаванні і развіцці матэрыяльна-тэхнічнай базы. Выкананы мерапрыемствы, якія забяспечваюць камфортныя і бяспечныя ўмовы для атрымання якаснай адукацыі ва ўстановах адукацыі. На ўсіх аб’ектах работы праведзены ў поўным аб’ёме, акрамя Ліноўскай СШ, дзе падыходзіць да завяршэння капітальны рамонт спартыўных пляцовак (завершаны рамонтныя работы ў спартыўнай зале і кабінеце хіміі). У ходзе падрыхтоўкі надавалася ўвага спартыўным аб’ектам, у якіх былі праведзены касметычныя рамонты з афарбоўкай усяго абсталявання, пытанням арганізацыі харчавання, а таксама санітарнага стану харчблокаў. Праводзіліся запланаваныя мерапрыемствы па аснашчэнні вучэбных класаў камп’ютарным, вучэбным абсталяваннем і мэбляй. На 15 жніўня 2024 года ўсе ўстановы адукацыі гатовы да бяспечнай арганізацыі навучальнага працэсу ў адпаведнасці з зацверджанымі планамі і праграмамі.
— У гэтым годзе, як любая новая справа, навучальны год стартуе з панядзелка. Гэта будзе і святочны, і працоўны дзень адначасова. Якім будзе першы школьны ўрок 2 верасня?
— У гэтым годзе вызначана тэма першага ўрока: «Нам ёсць чым ганарыцца, нам ёсць што берагчы». У Год якасці і 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў размова пойдзе аб дасягненнях у нашай краіне ва ўсіх сферах жыццядзейнасці за апошні час, аб тых каштоўнасцях, якія важна зберагчы для нашай будучыні. Таксама на першы ўрок па жаданні класнага кіраўніка будуць запрошаны асаблівыя госці — вядомыя людзі краю, нашай малой радзімы, якія дасягнулі пэўных вышынь у сваёй сферы і якім ёсць пра што расказаць.
— Пагаворым аб зменах у школьных дзённіках. Якія новаўвядзенні з’явіліся сёлета?
— Крыху змянілася апошняя старонка. Раней быў падзел па гендарным прынцыпе, у канцы дзённіка былі намаляваныя хлопчык ці дзяўчынка, адпаведна бацькі так і куплялі дзённікі. Цяпер гэтых карцінак няма, застаўся толькі тэлефон псіхалагічнай дапамогі, і дзённік стаў агульным для ўсіх. Першая старонка не змяніла свой выгляд, на ёй традыцыйна размешчана дзяржаўная сімволіка: герб і сцяг нашай краіны, а таксама манумент Перамогі. На лістах дзённіка, унізе, быў радок «Подпіс законных прадстаўнікоў», зараз — «Подпіс бацькоў». Усё астатняе засталося ранейшым.
— Ірына Анатольеўна, што тычыцца кадравых змен. Колькі сёлета маладых спецыялістаў папоўняць шэрагі педагогаў? Ці існуе недахоп настаўнікаў і дзе больш: у гарадскіх ці сельскіх школах?
— Да нас сёлета прыйшлі 10 маладых спецыялістаў, у тым ліку і па запатрабаваных спецыяльнасцях: псіхолаг, настаўнік гісторыі, інфарматык-фізік. Але па-ранейшаму ў педагагічным асяроддзі існуе недахоп кадраў, асабліва на вёсцы. Нам і псіхолагі патрэбны, і матэматыкі, і настаўнікі фізкультуры. Безумоўна, кожны настаўнік мае высокую кваліфікацыю і пры вострай неабходнасці можа дадаткова весці гадзіны па сумежнай спецыяльнасці. Зразумела, гэта не норма, але на нейкі час пэўная магчымасць выхаду з сітуацыі.
— І ўсё ж, як зацікавіць маладых спецыялістаў, каб пасля заканчэння ВНУ яны заставаліся працаваць па спецыяльнасці або першапачаткова выбіралі прафесію настаўніка?
— Адзіны выхад у сістэме адукацыі — гэта шлях прафарыентацыі з профільным навучаннем на трэцяй ступені школьнай адукацыі, гэта 10-11-я класы, у прыватнасці, педагагічныя класы. Старшакласнікі ўжо дастаткова сфарміраваны, каб разумець каштоўнасць нашай прафесіі, і, як паказала практыка, гэта прыносіць свае вынікі. Выпускнікі педкласаў паступаюць у педагагічныя ВНУ. У гэтым годзе да нас у СШ № 5 настаўніцай гісторыі прыйшла наша выпускніца з педагагічнага класа гэтай жа школы.
Своеасаблівым інструментам прафесійнай навігацыі з’яўляюцца профільныя класы па пяці напрамках: ваенна-патрыятычныя, спартыўна-педагагічныя, інжынерныя, аграрныя і педагагічныя. За апошнія два гады вучобы ў школе ў юнакоў і дзяўчат ёсць магчымасць зарыентавацца і выбраць прафесію па душы, каб потым працаваць па спецыяльнасці.
— Вядома, што 2024 год у Беларусі аб’яўлены Годам якасці. У сувязі з гэтым якія новаўвядзенні трэба чакаць у вучэбнай праграме?
— У гэтым годзе вельмі важная задача для сістэмы адукацыі — фарміраванне функцыянальнай граматнасці навучэнцаў. Дзеці ў сучасным свеце не павінны завучваць усё на памяць, зубрыць матэрыял, а павінны ўмець з усёй інфармацыі знайсці патрэбнае для сябе і прымяніць у жыцці. Таму з гэтага года на ўсіх ступенях агульнай сярэдняй адукацыі прапануецца комплекс факультатыўных заняткаў з улікам узросту навучэнцаў па гэтай тэме. Сюды ж уваходзіць новы метад навучання — праектаванне. Менавіта ён дазволіць дзецям самім праводзіць даследаванні, рабіць высновы і заключэнні.
— Ірына Анатольеўна, у канцы нашай сустрэчы хочацца падзякаваць Вам за цікавую гутарку і за прадстаўленую магчымасць больш падрабязна пазнаёміцца з навінкамі адукацыйнага працэсу ў новым навучальным годзе. А зараз Ваша віншаванне калегам напярэдадні Дня ведаў.
— У першую чаргу, я хачу пажадаць усім педагогам моцнага здароўя, каб гэты надыходзячы год быў насычаны на яркія, пазітыўныя падзеі. Каб у кожнага нашага вучня прачнулася цвёрдае жаданне вучыцца, спасцігаць штосьці навае, цікавае. Усім міру і дабрыні, няхай блізкія і родныя людзі заўсёды будуць побач і падтрымліваюць вас ва ўсіх пачынаннях. Яшчэ раз са святам!
Гутарыла Ірына Велясевіч (газета "Раённыя будні")