Пружанский районный исполнительный комитет

Пружанский районный исполнительный комитет
burger
Главная // Новости

Захаванне гістарычнай праўды: работа працягваецца

22/06/2023 14:05

Больш за два гады таму Генеральнай пракуратурай Рэспублікі Беларусь была ўзбуджана крымінальная справа па факце генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

За мінулы час праведзена важкая работа па ўстанаўленні месцаў пахавання забітых гітлераўцамі мірных людзей і ваеннапалонных, зборы архіўных звестак. Аднак, як зазначае пракурор раёна Аляксандр Вярбіцкі, гэта толькі агучаная вяршыня таго «айсбергу» работ, што была праведзена пракурорскай службай.

— Паралельна пракуратурай раёна праводзіліся кантрольна-наглядныя мерапрыемствы адносна захавання патрабаванняў дзеючага заканадаўства па ўвекавечванні памяці аб тых падзеях і ахвярах вайны ў рамках адпаведнай Дзяржаўнай праграмы, — расказвае Аляксандр Міхайлавіч. — Асаблівая ўвага надавалася і надаецца дзяржаўнаму ўліку і ўтрыманню ў належным стане вайсковых пахаванняў і брацкіх магіл ахвяр вайны, арганізацыі і правядзенню пошукавых работ, а таксама свабоднаму доступу да адпаведнай інфармацыі.

— 22 чэрвеня спаўняецца 82 гады з пачатку самай крывавай для нашага народа трагедыі — Вялікай Айчыннай вайны. Час прайшоў значны, многае забываецца, амаль што не засталося жывых сведкаў тых падзей, таму з‘яўляюцца спробы перапісаць гісторыю. Наколькі сучаснае пакаленне ў стане захаваць каштоўную памяць, каб не дапусціць паўтарэння бяды?

— Трэба адзначыць, што ў нашай краіне — і на Пружаншчыне ў прыватнасці, падобных псеўдагістарычных спроб не будзе. З гэтай мэтай вядзецца значная асветніцкая работа, мерапрыемствы па ахове памяці. Хаця ёсць і некаторыя недахопы, на якія акцэнтуе ўвагу пракуратура раёна.

Сёння на дзяржуліку ў Пружанскім раёне знаходзяцца 58 вайсковых і 14 брацкіх пахаванняў, а таксама 40 памятных знакаў ваеннай гісторыі. Аналіз выканання мерапрыемстваў Дзяржпраграмы паказаў, што пастаўленыя задачы вырашаюцца, але не ў поўнай меры. У прыватнасці, праверкі паказалі, што патрабуецца добраўпарадкаванне элементаў вайсковых могілак №172 у в. Слабудка, брацкага пахавання №198 ахвяр фашызму ў г.п. Шарашэва, пастамента памятнага знака партызанскаму атраду імя В.П. Чкалава брыгады «Савецкая Беларусь» паблізу ад в. Козі-Брод і памятнага знака на месцы гібелі генерал-маёра танкавых войскаў Б.С. Бахарава каля в. Шакуны. Некаторыя заўвагі выклікаў стан помніка загінулым землякам у аг. Мурава. Шэрагу сельвыканкамаў былі вынесены прадпісанні аб неадкладным прыняцці мер і гэтыя работы пачалі выконвацца.

— Некалькі гадоў таму ПМК-21 абнавіла помнік у в. Вашчынічы і на новай пліце былі дапісаны новавыяўленыя імёны і прозвішчы людзей, забітых акупантамі. Магчыма, і ў пералічаных Вамі памятных месцах атрымаецца не толькі абнавіць шыльды і надпісы, але і папоўніць іх новымі звесткамі?

— Такое патрабаванне таксама ёсць, хаця і выконваецца пакуль не поўнасцю. У чым пераканаліся нашы работнікі падчас маніторынгу. Устаноўлены шэраг неадпаведнасцей паміж шыльдамі на помніках і тымі звесткамі, што маюцца ў архіўных запісах.

Напрыклад, згодна з дадзенымі пашпарта на пахаванне «Брацкая магіла в. Мокрае» №184, там пахавана 53 вядомых, а на шыльдзе ўказаны імёны-прозвішчы толькі 35 асоб. На пліце пахавання «Брацкая магіла в. Паўлава» №190 з 49 вядомых запісана толькі 41 імя.

— А што тычыцца пошукавай работы, якая пастаянна вядзецца на Пружаншчыне?

— Гэта адзін з важных накірункаў дзейнасці ў сферы ўвекавечвання памяці абаронцаў Айчыны і мірных людзей, знішчаных акупантамі. І трэба прызнаць, што патрабаванні арт. 15 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь у нас выконваюцца безумоўна. Аднак хачу звярнуць увагу, што трэба не толькі шукаць і аднаўляць імёны герояў і нявінных ахвяр, але і архіваваць атрыманыя звесткі належным чынам, каб да іх меў доступ кожны жадаючы. Вось з гэтым у нас выяўлены праблемы.

Дадзеныя пра загінулых падчас Вялікай Айчыннай вайны, якія былі ўстаноўлены пры правядзенні архіўна-даследчых работ, уносяцца ў аўтаматызаваны інфармацыйны банк «Кніга Памяці Рэспублікі Беларусь» і раённыя (абласныя) аднайменныя дадаткі. Напрыклад, згодна з рэспубліканскай інфармацыяй, на Пружаншчыне пахаваны 16458 ахвяр, але з іх толькі па 1591 загінулым унесены персанальныя звесткі ў пашпарты пахаванняў і перададзены для ўнясення ў АБД «Кніга Памяці Рэспублікі Беларусь», што складае ўсяго 14%.

Устаноўлена таксама, што ў афіцыйнай крыніцы інфармацыі ёсць некаторыя персанальныя дадзеныя загінулых мірных жыхароў, якія пахаваны на тэрыторыі раёна, але іх імён нельга ўбачыць на плітах. Так, выбарачным вывучэннем пракуратурай раёна тых звестак, што ўтрымлівае кніга «Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Пружанскага раёна», якая была выдадзена больш за 30 гадоў таму, выяўлены адпаведныя недахопы: на стар. 232, 247, 266, 274 пералічваецца шэраг асоб, звесткі пра якіх павінны быць занесены на помнікі ў вёсках Байкі, Краснае, Казлы, Жабін і г.п. Шарашэва. Але там яны адсутнічаюць.

Па шэрагу пахаванняў: Байкі, Краснае, Казлы, Шарашэва, Гарадзечна — адсутнічаюць дапаўненні і ў АБД «Кніга Памяці Рэспублікі Беларусь». Сустракаюцца адваротныя несупадзенні, калі рэспубліканскі банк дадзеных утрымлівае прозвішчы загінулых, але іх няма на помніках. Падобнае выяўлена ў пашпартах «Брацкая магіла в. Нямковічы» №4797, «Брацкая магіла в. Сілічы» №4799, «Брацкая магіла в. Смаляны» №191.

Пералічаныя абставіны сведчаць пра неабходнасць актывізацыі архіўна-даследчай работы, у тым ліку шляхам дэталёвага аналізу звестак з кнігі «Памяць» Пружанскага раёна. Дадам, што рэалізацыя мерапрыемстваў Дзяржпраграмы разлічана да 2025 года і за наступныя гады патрэбна выкараніць усе недахопы, каб даць нашчадкам крышталёва праўдзівую гісторыю. Для чаго дастаткова неадкладна прыняць вычарпальныя меры па ўвекавечванні памяці аб загінулых абаронцаў Айчыны і мірных жыхароў, забяспечыць пастаянны кантроль за эфектыўным і мэтавым расходзе выдзеленых на гэтыя мэты сродкаў, а таксама вывесці архіўна-даследчыя пошукі на павышаны ўзровень дакладнасці.

Гутарыў Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік

http://www.budni.by/zaxavanne-gistarychnaj-praўdy-rabota-pracyagvaecca-intervyu-z-prakuroram-rayonam-alyaksandram-vyarbickim/

 

К списку новостей

Интернет-ресурсы

Полезные ссылки