Пружанский районный исполнительный комитет

Пружанский районный исполнительный комитет
burger
Главная // Новости

У Пружанах прайшоў паказ калекцый дзіцячага адзення дзелавога і спартыўнага стылю

03/08/2023 08:33

Крыху менш чым праз месяц пачнецца вучэбны год. Для многіх гэта вялікая падзея, асабліва для тых, хто пойдзе першы раз у першы клас. Пакуль дзеці атрымліваюць асалоду ад апошніх дзён лета, бацькі школьнікаў задумваюццца над тым, як падрыхтаваць сваё дзіця да школы. У тым ліку і як апрануць яго так, каб адзенне было не толькі прыгожым, але і камфортным, якасным, практычным.

Каб зарыентаваць вучняў і іх бацькоў у разнастайнасці магчымых варыянтаў для выбару школьнай формы, каля магазіна «Дзіцячы свет» у Пружанах у нядзелю прайшоў паказ калекцый адзення дзелавога, а таксама спартыўнага стылю. Мерапрыемства арганізавала Пружанскае райспажыўтаварыства.

Падчас дэфіле былі прадэманстраваны мадэлі беларускіх брэндаў: школьная форма ад ААТ «Славянка», ААТ «Жлобінская швейная фабрыка», ЗАТ «Калінка», ААТ «Дзяржынская швейная фабрыка «ЭЛІЗ», ААТ «Мазырская швейная фабрыка «Надэкс», спартыўнае аддзенне ад ААТ «Бабруйсктрыкатаж» і рукзакі ад ААТ «Галантэя». Таксама на паказе прадставілі школьныя калекцыі брэндаў Panda kids, Mark Formelle і COMINTERN. 

У дэфіле прымалі ўдзел пружанскія школьнікі. Пад бадзёрую музыку прыгожа прыбраныя хлопчыкі і дзяўчынкі ўпэўнена дэманстравалі школьную форму. Ад багацця вырабаў разбягаліся вочы: блузкі, кашулі, вадалазкі, жакеты, штаны, спадніцы, сукенкі, сарафаны, джэмперы, спартыўныя касцюмы, рукзакі… І ўсё гэта мела арыгінальны і сучасны дызайн. Дзякуючы зручнаму і якаснаму крою, адзенне не скоўвала рух юных мадэляў. Кожны прадстаўлены вобраз меў свой асаблівы шарм. У перапынках паміж выхадамі школьнікаў настрой гледачам падымалі сваімі спевамі салісткі ўзорнай эстраднай студыі «Меладзін» гарадскога Палаца культуры Ганна Кавальчук і Кацярына Падлужная. У канцы мерапрыемства ўсе ўдзельнікі дэфіле атрымалі салодкія падарункі.

Як расказала вядучы таваравед гандлёвага прадпрыемства «Дзіцячы свет» Маргарыта Гвай, для стварэння прадэманстраваных вырабаў былі выкарыстаны ў асноўным натуральныя тканіны, пераважна бавоўна. Таксама шмат адзення зроблена з трыкатажу. У некаторых вырабах бавоўна ці трыкатаж выкарыстоўваюцца ў чыстым выглядзе, у некаторых – з дабаўкамі.

– У залежнасці ад памеру адзення можа вар’іравацца яго кошт, – расказала прадавец 6 разраду гандлёвага прадпрыемства «Дзіцячы свет» Людміла Аслопава.  Цана на блузкі – ад 30 да 80 рублёў. Школьныя штаны на хлопчыка каштуюць ад 31 да 78 рублёў. Калі патрабуецца большы памер, як на падлетка, то кошт будзе каля 90-100 рублёў. Пінжакі таксама ёсць як па 97 рублёў (маленькі памер), так і па 166 рублёў (большы памер). Сарафан на дзяўчынку можа абысціся бацькам у 26-80 рублёў, спадніца – у 25-60 рублёў. 

Што сказаць: школьная форма дысцыплінуе і настройвае вучня на працу. Калі адзенне па густу дзіцяці, то школьнік адчувае сябе ўпэўнена, у яго ўзнікае пазітыўны настрой на вучобу. Пажадаем хлопчыкам і дзяўчынкам цікава правесці апошнія дзянькі канікул і пайсці ў школу ў новай прыгожай форме за прыгожымі адзнакамі.

Валерыя Адамчук, студэнтка журфака БДУ. Фота аўтара

http://www.budni.by/u-pruzhanax-prajshoў-pakaz-kalekcyj-dzicyachaga-adzennya-dzelavoga-i-spartyўnaga-stylyu/

 

К списку новостей

Интернет-ресурсы

Полезные ссылки