Пружанский районный исполнительный комитет

Пружанский районный исполнительный комитет
burger
Главная // Новости

Цяпер не з тоўстай сумкай на рамяні. Што змяніцца ў рабоце пружанскай пошты з 1 жніўня

18/07/2023 14:56

З рабочай паездкай у Пружанах пабывала дырэктар Брэсцкага філіяла РУП «Белпошта» Валянціна Пух. Як не скарыстацца магчымасцю і не пагутарыць з Валянцінай Мікалаеўнай, задаць пытанні, якія хвалююць не толькі карыстальнікаў паслуг паштовай сувязі, але і нас, выдаўцоў раённай газеты? Бо ні для каго не сакрэт, што тыраж раёнкі вельмі цесна звязаны з дзейнасцю паштовай службы. Але з 1 жніўня чакаюцца змены ў рабоце паштальёнаў. Ці дачакаюцца абаненты візіту звыклага дастаўшчыка перыядычнага друку, паштовак, пенсій?

— Валянціна Мікалаеўна, як зараз будзе арганізоўвацца работа аддзяленняў у сувязі з неабходнасцю змянення формы і метадаў дастаўкі паштовай карэспандэнцыі, пенсій і іншага?

— Пружаны — гэта населены пункт, дзе большасць людзей пражывае ў прыватным сектары. Мы назіраем на працягу некаторага часу, што кіламетраж даставачных участкаў паштальёнаў павялічваецца. Вядзецца забудова вокал горада, у новыя дамы яшчэ не ўсе жыхары засяліліся. Некаторыя не паспелі, а можа, і не збіраюцца выпісваць перыёдыку, але карэспандэнцыя ім ідзе.

І з улікам таго, што працягласць даставачных участкаў па Пружанах дасягае і 18-20 кіламетраў, мы зрабілі выснову, што жанчынам, якія выконваюць работу паштальёнаў, фізічна цяжка дастаўляць карэспандэнцыю. У сувязі з тым, што колькасць друкаванай прадукцыі па падпісцы з кожным годам змяншаецца, то мяняецца і структура даставачнага ўчастка — ён павялічваецца, гэта значыць, паштальён затрачвае вялікую колькасць часу, каб выканаць патрэбны аб‘ём работы. Выходзіць, што многія атрымліваюць тую ж газету толькі ўвечары. Забяспечыць дастаўку газеты хаця б у першай палове дня не ўяўляецца магчымым, інакш давядзецца змяншаць стаўку паштальёнаў да 0,2 — 0,3. Пры такой стаўцы хто пойдзе сюды працаваць?

Сучасныя тэхналогіі зрабілі крок далёка наперад, і цяпер даволі добра сябе зарэкамендавала не толькі на тэрыторыі вобласці, але і рэспублікі сістэма мотадастаўкі — з дапамогай аўтамабіля. Зразумела, у такім выпадку працэс дастаўкі значна паскараецца, што дазваляе ахапіць большую тэрыторыю адным чалавекам. Мы рыхтаваліся рэалізаваць гэты праект на працягу года. З эканамічнай пазіцыі праект сябе апраўдвае.

Сёння ў Пружанах мы праводзім чарговую рабочую сустрэчу, у тым ліку з паштальёнамі. Скажу, што мы падышлі вельмі прынцыпова да вырашэння іх працоўнага лёсу. Дэталёва прапрацавалі пытанні далейшага працаўладкавання кожнага з паштальёнаў, у першую чаргу — на сваім прадпрыемстве. Для тых, хто не жадае заставацца тут, знаходзім працоўныя месцы, якія ёсць на тэрыторыі Пружанскага раёна.

У сувязі са змяненнямі спосабу дастаўкі ўводзяцца дадатковыя рабочыя месцы на самім участку, павялічваецца колькасць вадзіцелей. У першую чаргу, разглядаем у якасці вадзіцеляў мужчын, але, калі ў жанчын-паштальёнаў ёсць вадзіцельскае пасведчанне, то прапаноўваем гэтую работу і ім, некаторыя пагадзіліся. Закуплены аўтатранспарт. Горад Пружаны будзе абслугоўвацца аўтамабілямі «Ніва».

Як вядома, нашы людзі прызвычаіліся да таго, што паштальён дастаўляе не толькі газеты, лісты, але і некаторыя спажывецкія тавары. Пры дапамозе аўтатранспарту гэта будзе зрабіць лягчэй і хутчэй.

— Для мяне як кіраўніка рэдакцыі раённай газеты вельмі важна тое, каб новаўвядзенні не прывялі да скарачэння колькасці падпісчыкаў нашай газеты. Ці змогуць супрацоўнікі мотадастаўкі належным чынам арганізаваць падпіску на газету?

— Перад аўтадастаўшчыкамі мы паставілі адпаведныя ўмовы, выкананне якіх будзем адсочваць, каб не толькі захаваць, а, па магчымасці, павялічыць колькасць падпісчыкаў на мясцовую прэсу. Функцыі і задача паштальёна-вадзіцеля не змяніліся, як і патрабаванні, якія прад’яўляліся звыклым нам паштальёнам. Зараз будзе ахоплівацца большая колькасць абанентаў за той самы час, які затрачваўся звычайным паштальёнам. Гэтым самым павялічым і эканамічны эфект ад рацыянальнага выкарыстання працоўнага часу.

— Значыць, абанентам сталага ўзросту, ды і самім работнікам пошты, якія доўгі час працуюць на прадпрыемстве, не трэба хвалявацца з-за новаўвядзенняў?

— Спяшаюся супакоіць усіх. Нічога кардынальна не зменіцца, а абслугоўванне стане больш аператыўным і якасным. Нам бы толькі перажыць гэты пераход да новага, і хутка ўсё стане на свае месцы.

Гутарыў Віктар Ільюшчанка

http://www.budni.by/cyaper-ne-z-toўstaj-sumkaj-na-ramyani-shto-zmyanicca-ў-raboce-pruzhanskaj-poshty-z-1-zhniўnya/

 

К списку новостей

Интернет-ресурсы

Полезные ссылки