Пружанский районный исполнительный комитет

Пружанский районный исполнительный комитет
burger
Главная // Новости

Тавары харчовыя і розныя. Ці зручна рабіць пакупкі жыхарам Ружаншчыны?

17/08/2023 12:02

Мы, пружанцы, прывыклі, што ў невялікім райцэнтры апошнім часам сканцэнтравалася значная колькасць гандлёвых кропак. У гараджан ёсць выбар: рабіць пакупкі ў магазінах райспажыўтаварыства, атаварвацца ў дыскаўнтарах, наведваць супермаркеты, фірменныя ці прыватныя крамы… І нават нягледзячы на падобную разнастайнасць, можна сутыкнуцца з нараканнямі на асартымент, цану, якасць тавараў, сустрэць чародку пружанцаў у гандлёвых цэнтрах і на рынках суседніх Кобрына і Бярозы.

Але ў любым выпадку жыхар райцэнтра мае магчымасць штодзень скарыстацца паслугамі магазіна ў крокавай даступнасці. Падобных зручнасцей пазбаўлены многія вясковыя жыхары, якім даводзіцца прыстасоўвацца да графіка работы аўтамагазінаў, ездзіць па пакупкі ў іншыя населеныя пункты. Мы пацікавіліся, як абстаяць справы з гандлёвым абслугоўваннем у даволі аддаленым ад райцэнтра кутку — Ружанскім сельсавеце. І меркаванні пачулі самыя розныя.

Старшыня мясцовай ветэранскай арганізацыі Аляксандр Раўнейка ацаніў становішча гандлю ў Ружанах з пункту гледжання чалавека сталага ўзросту.

Новы фірменны магазін Бярозаўскага мясакамбіната ў Ружанах.

— Што тычыцца гандлю прадуктамі харчавання ў нашым гарадскім пасёлку, то, мне здаецца, у цэлым варта адзначыць яго са станоўчага боку, — кажа Аляксандр Уладзіміравіч. — Мы з жонкай пенсіянеры, і нас у асноўным задавальняе асартымент і кошт тавараў штодзённага попыту ў крамах спажывецкай кааперацыі і іншых гандлёвых кропках. Па пятніцах у пасёлку працуе рынак, а сёлета адкрыўся доўгачаканы фірменны магазін Бярозаўскага мясакамбіната, дзе можна купіць у тым ліку і ахалоджаныя мясныя вырабы, гэта вельмі добра. У той жа час падставы для заўваг ёсць. Напрыклад, чамусьці ў мясцовых магазінах не працуе сістэма сацыяльных скідак. Магчыма, я не ўсё ведаю і недзе скідкі даюць, але тады варта шырэй інфармаваць пра гэта пенсіянераў і людзей іншых сацыяльна ўразлівых катэгорый.

Выдатна, што ў сталоўцы ААТ «Ружаны-Агра» прадаецца ўласная мясная прадукцыя, паўфабрыкаты. Але, думаю, што выкажу меркаванне ружанцаў, калі скажу: настаў час адкрыць у пасёлку фірменны магазін сельгаставарыства. Такі ёсць ужо ў Слоніме, я быў там і па-добраму пазайздросціў суседзям: асартымент больш шырокі, чым у нас.

Калі казаць пра тавары нехарчовыя, то праблемна пенсіянерам купіць на месцы недарагое адзенне, абутку амаль зусім няма. Хацелася б бачыць у мясцовых магазінах беларускія тавары ад такіх вытворцаў як «Купалінка», «Світанак» і іншых.

У магазіне Бярозаўскага мясакамбіната ў Ружанах.

Што тычыцца бытавога абслугоўвання, то ў Ружанах працуюць усяго адзін ці два прыватныя цырульнікі і па графіку прыязжае майстар з Пружан. І заўсёды збіраюцца чэргі, бо ў вёсках сельсавета цырульнікаў наогул няма. А для таго, каб зрабіць фота на дакументы, наогул трэба ехаць у райцэнтр або ў Слонім. Няма такой паслугі, як тэрміновы рамонт абутку. Была дзяўчына, якая займалася рамонтам адзення, але яна цяпер у дэкрэтным адпачынку. Думаецца, што на падобныя пытанні варта звярнуць увагу.

Васіль Рыпінскі, в. Далкі:
— Стацыянарнага магазіна ў нашай вёсцы няма ўжо даўно, два разы на тыдзень прыязджае аўталаўка, але тым, хто працуе, нязручна пад-стройвацца пад яе графік. Можна было рабіць пакупкі ў магазіне в. Ласасін, але і яго закрылі.

Ганна Раманюк, в. Ласасін:
— Я жыву ў ваенным гарадку, але мы часта карысталіся і паслугамі магазіна ў Ласасіне. Цяпер з‘явіліся нязручнасці: даводзіцца чакаць аўталаўку. Вось вы ў горадзе, калі абед гатуеце і раптам не хапае нечага, можаце хуценька збегаць дакупіць, а мы такой магчымасці пазбаўлены.

Валянціна Паляшук, стараста в. Ласасін:
— Мне здаецца, што тавараў у магазіне было не больш, чым у аўтакраме: тут і каўбасы, і малочныя вырабы, і хлеб у дастатковым асартыменце, а калі што дадаткова патрэбна, прадавец прымае заказ і прывозіць у наступны раз. Тым больш што засталося ў вёсцы тры дзясяткі жыхароў, усе пенсіянеры, ды не кожны сам да магазіна дайсці можа. Наведваюць дзеці, прывозяць усё патрэбнае. А паштовая машына прыязджае нават часцей за аўталаўку, можна зрабіць заказ на прадукты і іншыя тавары вадзіцелю-паштальёну, і ён у хату пакупкі занясе.

Сталовая ААТ «Ружаны-Агра» ў гарадскім пасёлку.

Святлана Кульба, загадчыца Калазубскага сельскага клуба-бібліятэкі:
— Калазубы нашы ў асобным радку стаяць: акрамя магазіна, у аграгарадку ёсць сталоўка ААТ «Ружаны-Агра». Тут і мясная прадукцыя ў добрым асартыменце, і хлеб свой выпякаюць, і шмат іншага прадаецца. Так што, лічу, праблем з абслугоўваннем у нас няма. Не было б іншых…

Таццяна Юдчыц, стараста вёсак Загалічы, Далкі, Навасады, Бярэзніца:
— Усе «мае» вёскі абслугоўваюцца аўтакрамай, якая прыязджае два разы на тыдзень. Жывуць тут у асноўным пенсіянеры, ім прасцей падстроіцца пад графік. Сама я працую ў магазіне ў Варанілавічах, так што многія прыязджаюць да мяне па неабходныя тавары. А яшчэ дамовіліся з гаспадаркай, каб раз на месяц гандлявалі ў вёсках сваёй прадукцыяй. І з сёлетняга лютага мясныя вырабы ад «Ружаны-Агра» завозяць у Загалічы, Далкі і Бярэзніцу. Узгадняем дзень і час прыезду машыны, абвяшчаю людзей — і яны чакаюць. У мінулым месяцы, дарэчы, гаспадарка прадала ў нас тавару на 1750 рублёў, так што, думаю, усім гэта выгадна і зручна.

Працуе аўталаўка.

Сяргей Давідзенка, стараста вёсак Воля і Карасі:
— Гэтыя вёскі невялікія, жыхары ў асноўным — пенсіянеры, абслугоўвае аўталаўка, але недалёка адсюль і да магазінаў у Байках, Ружанах. Нараканняў не чуў.

Надзея Уласко, стараста в. Поланск:
— Магазін у нашай вёсцы працуе. Але вёска немалая, а летам прывозяць дзяцей, прыязджаюць дачнікі, і не вельмі зручна, што ў суботу час працы гандлёвай кропкі да абеду, а нядзеля — выхадны. Так што тыя, хто маладзейшы ды на машынах, пераважна выязджаюць па пакупкі ў іншыя месцы. Тым больш што ў нашым магазіне, бывала, то цукру на працягу некалькі тыдняў няма, то запалак. На час адпачынку прадаўца заязджала ў вёску аўтакрама, дык там нават большы быў асартымент. І яшчэ пытанне хочацца задаць: чаму не даюцца сацыяльныя скідкі?

Сяргей Цяцерскі, стараста вёсак Шчытна, Верчыцы, Астравок:
— Раней магазін на тры вёскі быў у Шчытне, але цяпер жыхароў абслугоўвае аўталаўка. Працуючых асоб тут пражывае нямнога, а пенсіянераў графік і асартымент задавальняе, хаця сумна, што мы трапілі ў разрад «неперспектыўных». А з «бытоўкай» даводзіцца спраўляцца сваімі сіламі.

Антаніна Жарнасек, стараста в. Блізная:
— Сама я жыву ў Кавалях, тут забеспячэнне прадуктамі зручнае: на дзве вёскі — Кавалі і Юндзілы — магазін, таксама ААТ «Ружаны-Агра» сваей прадукцыяй гандлявала. А ў Блізной чалавек з паўсотні зараз пражывае, прыходзіць аўталаўка, і людзі не заўсёды задаволены асартыментам. Чамусьці немагчыма разлічыцца карткай. Не хапае тавараў прамысловых, накшталт тых жа вёдраў і г.д. Выручае пошта: вадзіцель многае прывозіць і заказ можна зрабіць, а кошт шэрагу тавараў тут нават таннейшы.


А што кажа пра мясцовае гандлёвае абслугоўванне і магчымасці адпачынку моладзь?

Дзмітрый Бакавец, 16-гадовы жыхар аг. Варанілавічы:
— З большага ў нашым аграгарадку ёсць практычна ўсё, што трэба для нармальнага жыцця. Асабліва актыўна праходзіць вольны час моладзі, якой хапае ў вёсцы. Напрыклад, для аматараў здаровага ладу жыцця ёсць спартгарадок у школе. У дадатак — адпаведныя секцыі і гурткі ў самой установе. Для аматараў літаратуры працуе бібліятэка, якая таксама карыстаецца папулярнасцю. А яшчэ ў школе рэгулярна арганізоўваюцца экскурсіі: у Ружаны, Пружаны, Косава, Брэст, Мінск. Нават педагогі самі пытаюць у дзяцей, дзе б ім яшчэ хацелася пабываць. Раз-пораз увечары арганізуюцца дыскатэкі, хаця і не так часта, як хочацца.

Працуе у аграгарадку свой магазін, асартымент якога задавольвае надзённыя патрэбы. Прадаюцца свежы хлеб і іншыя прадукты, садавіна, напоі. Часта прывозяць марожанае. Хаця набор прапаноў разлічаны на паўсядзённы попыт, што-небудзь асаблівага набыць немагчыма. Па некаторыя тавары, напрыклад, мясную прадукцыю гаспадаркі, даводзіцца ездзіць у Ружаны.

Гарадскі пасёлак Ружаны.

Анастасія Стасюкевіч, дзевяцікласніца Ружанскай СШ:
— У нашым пасёлку, апрача магчымасці набыць прадукцыю мясцовага сельгаспрадпрыемства, адкрываюцца мясныя лаўкі. Тут прадстаўлены тавары розных мясакамбінатаў, і выбраць ёсць з чаго. У цэлым, як назіраю, асартымент у магазінах нядрэнны, самае неабходнае ёсць. Калі нечага з прадуктаў не хапае, наведваем рынак, які працуе па пятніцах. Цэны, як і якасць прадуктаў, мяне і маю сям’ю задавальняюць.

А вось для моладзі, мне здаецца, не хапае забаўляльных зон, фудкортаў, якіх-небудзь кафэ, у тым ліку пад адкрытым небам. Не хапае таго, што сёння актыўна з’яўляецца ў горадзе.

Падрыхтавалі Ірына Сядова, Алег Сідарэнка, Уладзіслаў Шпарла. Фота Кацярыны Масік, з архіву рэдакцыі, Аксаны Юркоўскай і з адкрытых крыніц


17 жніўня адбудзецца выязное пасяджэнне прэзідыума раённага Савета дэпутатаў, на якім разгледзяць пытанні гандлёвага і бытавога абслугоўвання насельніцтва на тэрыторыі Ружанскага сельсавета.

http://www.budni.by/tavary-xarchovyya-i-roznyya-ci-zruchna-rabic-pakupki-zhyxaram-ruzhanshchyny/

 

К списку новостей

Интернет-ресурсы

Полезные ссылки