Пружанский районный исполнительный комитет

Пружанский районный исполнительный комитет
burger
Главная // Новости

Работнікі Пружанскага раёна газазабеспячэння Яўген Кукса і Юрый Бондар пацвердзілі прафесіяналізм на ўзроўні рэспублікі

29/11/2023 08:17

З перамогай вярнуліся з рэспубліканскага агляду-конкурсу «Лепшая транспартная служба сярод арганізацый газазабеспячэння 2023 года» работнікі Пружанскага раёна газазабеспячэння Яўген Кукса і Юрый Бондар. Разам з калегам з ВУ «Кобрынгаз» яны абаранялі гонар сваёй галіны Брэсцкай вобласці сярод такіх жа прэтэндэнтаў з іншых рэгіёнаў краіны. За першае месца пружанцы атрымалі ганаровую грамату і кубак.

Сваіх пераможцаў днямі ўрачыста павіншаваў і начальнік Пружанскага раёна газазабеспячэння Анатолій Рахавецкі. Як зазначыў кіраўнік арганізацыі, гэтае дасягненне — пацвярджэнне таго, што абслугоўванне насельніцтва і юрыдычных абанентаў на прадпрыемстве падтрымліваецца на высокім узроўні бяспекі, якасці і аператыўнасці.

— Гэты асноўны прынцып разам з культурай зносін дазваляюць максімальна эфектыўна выконваць працоўныя абавязкі, — падкрэсліў Анатолій Георгіевіч. — І прызнацца, мы чакалі такога выніку.

Дагэтуль Юрый Бондар з Яўгенам Куксам ужо неаднаразова спрабавалі свае сілы ў падобных конкурсах. Летась брэсцкая каманда здолела паставіць уласны «рэкорд», але ўзнялася толькі да чацвёртай прыступкі. Сёлета з улікам папярэдніх выпрабаванняў рыхтаваліся больш сур’ёзна, што пацвярджалі вынікі адборачных тураў. Спачатку каманда пружанцаў паказала найлепшы вынік у адпаведных спаборніцтвах сярод структурных падраздзяленняў раённага падпарадкавання. Потым яны ж атрымалі перамогу ў абласным этапе, які сабраў прадстаўнікоў вытворчых упраўленняў. Дзякуючы чаму, патрапілі ў лік прафесіяналаў, якія накіраваліся на рэспубліканскі агляд-конкурс.

Падчас сустрэчы з пераможцамі мы пачалі нашу размову з пытання: «Ці было складана?». На гэта абодва ўдзельнікі адзінадушна адказалі, што ў многім дапамагала тая арганізацыя працы, што створана ў Пружанскім РГЗ.

— Многае ў нас практыкуецца, дзякуючы чаму, усе неабходныя навыкі даведзены да аўтаматызму, — запэўніў Яўген Кукса. — Таму мы проста дэманстравалі тое, што робім кожны дзень. Вось толькі тэорыю дадаткова паўтаралі, каб даваць на пытанні дакладныя фармуліроўкі.

Насамрэч, калі штодзённа адказна ставіцца да сваіх абавязкаў, прытрымлівацца вытворчай дысцыпліны і выконваць працоўныя патрабаванні літаральна «ў палявых умовах», то наўрад ці зможаш памыліцца на дэманстрацыйных выпрабаваннях. У прыватнасці, Яўген Мікалаевіч мае ўжо 35-гадовы стаж працы ў РГЗ, яго напарнік Юрый Яўгенавіч працуе на прадпрыемстве з 1995 года. Такі працяглы стаж многаму навучыў, пацвярджэннем чаму з’яўляецца адсутнасць нараканняў і спагнанняў у гэтых спецыялістаў. Хаця па-ранейшаму абодва імкнуцца далей замацоўваць усе тэхнічныя аспекты сваёй прафесіі. Як для таго, каб бездакорна працаваць, так і для ўдзелу ў падобных конкурсах у наступныя гады.

Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік

http://www.budni.by/rabotniki-pruzhanskaga-rayona-gazazabespyachennya-yaўgen-kuksa-i-yuryj-bondar-pacverdzili-prafesiyanalizm-na-ўzroўni-respubliki/

 

К списку новостей

Интернет-ресурсы

Полезные ссылки