Пружанский районный исполнительный комитет

Пружанский районный исполнительный комитет
burger
Главная // Новости

Прыём грамадзян у Пружанах правёў старшыня Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў Юрый Наркевіч. Падрабязнасці сустрэчы

21/07/2023 14:57

19 ліпеня, у адзіны дзень прыёму жыхароў Брэстчыны членамі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, у Пружанах правёў прыём грамадзян старшыня Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў, член пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Юрый Наркевіч. Сумесна з ім пытанні заяўнікаў фіксавалі старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Кудравец і старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Таццяна Гаманчук.

Асноўнае пытанне, з якім да сенатара звярнулася ініцыятыўная група з аг. Шчарчова, – транспартнае абслугоўванне. Аграгарадок знаходзіцца на адлегласці каля 30 км ад райцэнтра і 65 км ад Брэста, таму пытанне аўтобуснага руху для яго жыхароў досыць актуальнае.

Дэпутаты Шчарчоўскага сельскага Савета лічаць, што колькасць рэйсаў міжгародніх маршрутаў, якімі можна заехаць у абласны цэнтр і іншыя гарады вобласці, недастатковая, а маршруткі прыватных перавозчыкаў не заўсёды спыняюцца па патрабаванні каля Шчарчова.

Як растлумачыў дырэктар філіяла «Аўтапарк №11 г. Пружаны» ААТ «Брэстаблаўтатранс» Анатоль Вакульчык, які таксама прысутнічаў падчас прыёму, па сацыяльных стандартах у аграгарадок Шчарчова павінна быць наладжана 16 аўтобусных рэйсаў у тыдзень, а фактычна праходзіць 36, якія абслугоўваюць розныя перавозчыкі. Асноўнае заданне, якое ставіцца перад аўтапаркам, – наладзіць транспартную сувязь з райцэнтрам, і яно выконваецца, нягледзячы на тое, што шэраг аўтобусных маршрутаў стратны. Патрэбныя сумы даціруе дзяржава, але частку страт даводзіцца перакрываць самому аўтапарку за кошт прыбыткаў ад грузаперавозак. Павялічыць колькасць маршрутаў у дадзенай сітуацыі эканамічна немэтазгодна.

Сенатар прапанаваў паспрабаваць вырашыць пытанне з іншага боку: звярнуцца да гродзенскіх перавозчыкаў, каб прыпынак каля аг. Шчарчова быў «узаконены», стаў для іх абавязковым. Што да мясцовых рэйсаў, то дырэктару філіяла «Аўтапарк №11» было дадзена даручэнне прадумаць магчымыя варыянты рашэнняў з улікам звароту жыхароў Шчарчова.

Таксама шчарчоўскія дэпутаты ўзнялі пытанне якасці дарожнага пакрыцця на вуліцах аграгарадка. Юрый Наркевіч адказаў, што правядзенне ямачнага рамонту тут магчыма і ўжо ўзята на кантроль.

Юрый Наркевіч пракаментаваў, чаму, на яго думку, на падобныя выязныя прыёмы прыходзіць цяпер невялікая колькасць людзей.

– Сёння да Пружаншчыны я пабываў у Камянецкім раёне. Там на прыём таксама прыйшло няшмат жыхароў. Думаю, гэта звязана з тым, што мясцовая ўлада заўсёды адкрытая для дыялогу, гатова выслухаць і пачуць. На жаль, не з кожнай узнятай праблемай можна разабрацца імгненна: для шэрага рашэнняў патрабуюцца вялізныя грошы. І мы не хочам уводзіць людзей у зман, абяцаць тое, што немагчыма выканаць. У той жа час можна паспрабаваць нейкія альтэрнатыўныя варыянты, спачатку зрабіць тое, што па сілах. І сказаць: так, тут мы маем магчымасць упарадкаваць, заасфальтаваць, вырашыць нейкія пытанні.

Што да Пружан, то ў вас сапраўды многае вырашаецца. Я шмат часу праводжу ў раёне і як сенатар, і як дэпутат абласнога Савета, – падкрэсліў Юрый Іосіфавіч. – Пытанні ўзнікаюць, але нейкіх прынцыповых, глабальных праблем у вас не бачу, у цэлым раён працуе ўстойліва, асабліва маеце поспех у сельскай гаспадарцы. Да свайго 590-годдзя дайшлі з добрымі вынікамі, шмат зроблена і ў плане навядзення парадку, добраўпарадкавання. І свята сваё адзначылі годна, як гэтага і заслугоўваюць жыхары Пружаншчыны.

У той жа час, як расказаў старшыня Пружанскага раённага Савета дэпутатаў Мікалай Кудравец, работа члена Савета Рэспублікі ў раёне прыносіць відавочныя вынікі.

– Пры дапамозе сенатара насамрэч зроблена нямала, – адзначыў Мікалай Пятровіч. – Можна прывесці самыя нядаўнія прыклады. Жыхары аг. Сухопаль таксама звярталіся да Юрыя Наркевіча з транспартнай праблемай. Як вынік – па яго даручэнні аўтобус Брэст-Гродна зараз заходзіць у аграгарадок. У жніўні гэтага года Лінова збіраецца адзначаць сваё 555-годдзе. Дзякуючы Юрыю Іосіфавічу было прафінансавана асфальтаванне вуліц аграгарадка, работы гэтыя ўжо завяршаюцца. Да свята паспяваем.

Яшчэ адзін прыклад – Магілёўцы. Можа, і не надта глабальнае пытанне стаяла, але для гэтага населенага пункта важнае, – арганізацыя летняга вольнага часу дзяцей. Клуба цяпер тут няма. Што рабіць? Арганізавалі штотыднёвую дыскатэку ў школе. Тут жа, у Магілёўцах, ужо зроблены першыя крокі па будаўніцтве дзіцячай пляцоўкі.

Мы ўдзячныя Юрыю Іосіфавічу за дапамогу «звонку» і спадзяёмся, што і далейшая сумесная праца на карысць нашых грамадзян, нашых выбаршчыкаў будзе плённай.

Ірына Сядова

 

К списку новостей

Интернет-ресурсы

Полезные ссылки