Пружанский районный исполнительный комитет

Пружанский районный исполнительный комитет
burger
Главная // Новости

Пружаны - Мяшчоўск: планы на супрацоўніцтва. Беларускі і расійскі гарады падпісалі пагадненне

19/07/2023 15:03

Нездарма нашы продкі пакінулі нам у спадчыну вельмі мудрыя словы: «Не шукай сяброў далёка, а ворагаў блізка». Калі прытрымлівацца гэтай даўняй парады, то з сябрамі-суседзямі будзеш сустракацца часцей. Адзін аднаму дапаможаш у працы ці падтрымаеш у бядзе. А яшчэ можна разам ладзіць вяселлі або адзначаць юбілеі. І пацвярджэннем гэтаму стаў прыезд на Пружаншчыну дэлегацыі з Мяшчоўскага раёна Калужскай вобласці краіны-суседкі Расіі. Якраз на святкаванне 590-годдзя нашага райцэнтра.

Але ж браты-расіяне прыехалі да нас не проста паўдзельнічаць ва ўрачыстасцях. Самая галоўная мэта — наладзіць цесныя кантакты па супрацоўніцтве паміж нашымі рэгіёнамі. Хаця папярэдне варта было б добра пазнаёміцца.

Менавіта з гэтага і пачалася сустрэча бакоў, якая адбылася ў мінулую пятніцу на базе гасцінічнага комплексу «Мікалаеўскі» ААТ «Жураўлінае». Тут трэба прыгадаць яшчэ адну асаблівасць, якая пацвярджае правільнасць вышэйзгаданай народнай думкі. Справа ў тым, што народы блізкія па духу, культуры, традыцыях, разумеюць адзін аднаго літаральна з паўслова. Таму падчас сустрэчы старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Кудравец і першы намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Глушко не гаварылі доўгіх прамоў, а прапанавалі гасцям традыцыйныя хлеб-соль. Так прынята гасцінна сустракаць сяброў у рускіх і беларусаў. Як кажуць, шчыра і ад усяго сэрца. У такім ключы пайшла далейшая сумесная работа.

Расіяне праяўлялі цікаўнасць да ўсіх славутасцей Пружаншчыны, прычым не толькі турыстычных (такіх як Белавежская пушча, Ружанскі палац Сапегаў), але і эканамічных. У прыватнасці, як выказаўся кіраўнік адміністрацыі Мяшчоўскага раёна Уладзіслаў Палякоў, першымі прымусілі задумацца пра наладжванне партнёрства вартыя ўвагі напрацоўкі санаторыя «Ружанскі».

— У нашым рэгіёне таксама дзейнічаюць турыстычныя кампаніі, якія маглі б прасоўваць пуцёўкі на адпачынак у Ружанах, — зазначыў Уладзіслаў Георгіевіч.

Нямала карысці, на думку бакоў, прынясе і супрацоўніцтва ў сферы сельгасвытворчасці. На прыкладзе шэрага аб’ектаў ААТ «Жураўлінае», якія дэлегацыя наведала ў дзень свайго прыезду, госці пераканаліся ў тым, што пружанскія гаспадаркі — даволі магутныя прадпрыемствы, якія асвоілі шырокі спектр аграпрамысловых накірункаў і могуць пастаўляць багаты асартымент прадукцыі менавіта той наменклатуры, што раней Расія масава імпартавала. Пры гэтым — вышэйшай якасці, без «хіміі» і непрадказальных уздзеянняў. Зноў жа: не шукай сябра далёка.

А наведаўшы Мокраўскую і Кляпацкую школы, госці задумаліся і наконт сумеснай дзейнасці ў галіне адукацыі.

Уражаннямі ад убачанага мяшчоўцы падзяліліся падчас сустрэчы з пружанскай вертыкаллю ўлады. Афіцыйнае мерапрыемства было арганізавана ў суботу з нагоды падпісання пагаднення аб супрацоўніцтве паміж рэгіёнамі. Як зазначыў старшыня райвыканкама Міхаіл Грышкевіч, ужо зараз можна прагназаваць карысць ад узаемадзеяння для абодвух бакоў.

— Ёсць цікавыя накірункі дзейнасці і ў Мяшчоўскім раёне. Нам хацелася б прыцягваць інвестараў, тым больш што Беларусь — сумленны партнёр, — падкрэсліў Міхаіл Міхайлавіч.

Пагадненне было падпісана ў чатырох дакументах. З нашага боку подпісы паставілі Міхаіл Грышкевіч і Мікалай Кудравец. Між тым, супрацоўніцтва ўжо ў бліжэйшай перспектыве пачне рэалізоўвацца. У дагаворы асобным пунктам вызначана неабходнасць неадкладнай распрацоўкі «дарожнай карты» з канкрэтнымі крокамі. Варта спадзявацца, што яны пойдуць на карысць кожнаму жыхару нашага рэгіёна.

Пасля вырашэння ўсіх афіцыйных пытанняў расіяне прынялі ўдзел у святкаванні юбілею Пружан. Падчас адкрыцця «Пружаны Фэст» госці падарылі нашаму гораду карціну з выявай славутасці г. Мяшчоўска — помніка ў гонар подзвігу лётчыкаў авіяэскадрыллі «Мяшчоўскі калгаснік», які пасля вызвалення горада ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў быў пабудаваны за сродкі, сабраныя мясцовымі жыхарамі. Гэта будзе яшчэ адзін напамін пра тое, што аб’ядноўвае нашы народы.

Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік

http://www.budni.by/pruzhany-myashchoўsk-plany-na-supracoўnictva-belaruski-i-rasijski-garady-padpisali-pagadnenne/

 

К списку новостей

Интернет-ресурсы

Полезные ссылки