Пружанский районный исполнительный комитет

Пружанский районный исполнительный комитет
burger
Главная // Новости

«Пружаны Фэст» — свята, якое ўскалыхнула горад і дакладна запомнілася!

18/07/2023 15:27

Падрыхтоўчыя работы ў Пружанах напярэдадні святкавання 590-гадовага юбілею горада аказаліся сапраўды маштабнымі. Магчыма, абнаўленне было праведзена не ў такім аб’ёме, як да рэспубліканскіх «Дажынак», што адзначаліся ў нашым райцэнтры 20 гадоў таму. Але ж горад істотна змяніўся і цяпер. Пра ўсе крокі яго добраўпарадкавання «раёнка» пісала раней. На гэты ж раз раскажам у самых яркіх падрабязнасцях пра сам дзень юбілейнага святкавання. Здаецца, узровень яго арганізацыі перавысіў маштабнасць мерапрыемстваў 20-гадовай даўнасці.

Ад конкурсаў — да рыцарскага лагера

Усе інтэрактыўныя пляцоўкі, якія размясціліся ў цэнтральнай частцы горада, былі накіраваны на стварэнне атмасферы радасці, весялосці. Кожная арганізацыя-стваральнік святочных зон прыкладала ўсе намаганні, каб уздымаць настрой у гараджан і гасцей Пружан.

На вуліцы Савецкай, якая ў дзень юбілею горада стала пешаходнай, ужо з поўдня можна было задаволіць усе шэсць органаў пачуццяў чалавека. Тут можна было паспытаць розных прысмакаў ад малочнага камбіната, хлебазавода, кансервавага завода і нават харчовых прадпрыемстваў вобласці, у тым ліку і мясной прадукцыі Брэсцкага мясакамбіната. Былі арганізаваны і шматлікія конкурсы, віктарыны, працавалі аніматары. Мяркую, што адпачывальнікі зрабілі не адзін дзясятак сэлфі, у тым ліку і каля экспазіцыі лясгаса з паляўнічымі трафеямі.

У парку разгарнулася самая вялікая пляцоўка пад назвай «Горад, у якім жывуць шчаслівыя дзеці». На ёй праводзілася нямала забаўляльных праграм — ад навучальных мерапрыемстваў работнікаў МНС да пеннай дыскатэкі. Выпрабаванні на трапнасць, спрыт і ўстойлівасць вестыбулярнага апарата давалі шанец займець памятны падарунак, а палаткі з напоямі і ежай — не выходзіць адсюль да самага вечара. Нямала гледачоў прыцягнуў і рыцарскі лагер, які арганізавалі ўдзельнікі клубаў «Волат» (г. Мінск) і «Шатландскі клан Мак-Вітан» (г. Гомель). Клінковы бой мяняўся канцэртам фолк-гурта «Карамор», пад заліхвацкія гукі валынкі і барабана якога многія прымяралі на сябе амуніцыю сярэднявечных воінаў.

Час віншаванняў і сюрпрызаў
Перад афіцыйным адкрыццём «Пружаны Фэст» адбыўся парад калясак, у якім прынялі ўдзел дзевяць канкурсантаў. Прыгожа аздоблены транспарт немаўлят здзіўляў сваёй крэатыўнасцю. Нацыянальныя, казачныя матывы і проста яскравыя ўпрыгажэнні прыцягвалі вока. У суправаджэнні мультыплікацыйных роставых лялек удзельнікі парада рушылі на гарадскую плошчу, дзе пачалося афіцыйнае адкрыццё фестывалю.

Першым з віншавальнымі словамі выступіў старшыня райвыканкама Міхаіл Грышкевіч. Ён адзначыў усе гістарычныя моманты, якія перажыў наш горад, перыяды росквіту і трагедыі. Са слоў Міхаіла Міхайлавіча ўсім стала відавочна, што юбілей Пружан — цалкам заслуга мясцовых жыхароў, сіламі і жаданнямі якіх горад узнімаўся з попелу, прырастаў мікрараёнамі і станавіўся з кожным годам усё больш утульным, камфортным і прыгожым.

Таму лагічным было наступнае ўзнагароджанне лепшых працаўнікоў, Граматы і Пісьмы падзякі якім уручалі і сам кіраўнік раёна, і старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Кудравец, старшыня абласнога Савета дэпутатаў Юрый Наркевіч, а таксама старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Таццяна Гаманчук.

Вельмі кранальным аказаўся момант, падчас якога на сцэну запрасілі сямейныя пары — Мікалая і Разаліі Чарнуха, Ільі і Анастасіі Панасік. Першыя ўзялі шлюб 15 ліпеня 1973 года, а другія — літаральна за пару гадзін да пачатку святкавання. Вядучыя пад гучныя апладысменты гледачоў павіншавалі пары, пажадалі даўгалецця і сямейнага шчасця.

Пасля ўшанавання пар сімвалічна было перайсці да падвядзення конкурсу калясак. І самай крэатыўнай была названа кампазіцыя сям’і Літвінчук, якая атрымала галоўны прыз — дзіцячы веласіпед. Як потым высветлілася падчас гутаркі, Аня разам са сваёй матуляй Таццянай распрацавалі ідэю афармлення каляскі, а рэалізаваў задуманае тата Ігар. У выніку на кветачцы апынулася маленькая пчолка Варвара, якая проста ўразіла журы конкурсу. Хаця і іншыя ўдзельнікі не засталіся без карысных падарункаў, якія абавязкова спатрэбяцца ў працэсе выхавання дзетак.

Запамінальныя пажаданні са сцэны прагучалі ад членаў РГА «Патрыёты Беларусі», якія ўручылі падарунак — карціну ручной работы з дубу, а ў адказ атрымалі збанок, выраблены рукамі майстроў раёна.

Павіншаваць горад і гараджан з юбілеем прыехалі нашы пастаянныя госці — знакамітыя спартсмены Ігар Сігневіч, Максім Недасекаў і Вазген Сафар’янц, якія часта прымаюць удзел у розных гарадскіх святах. І на гэты раз яны правялі экстрэмальнае падняцце саракакілаграмовай гіры на мезенцы!

Другая жа частка свята была прысвечана музыцы, танцам і спевам.

На грандыёзнай сцэне ў парку

Рок з’яўляецца самым драйвовым і «жывым» музычным напрамкам. Гучанне бас-гітары і барабанаў не адно дзесяцігоддзе яднае зусім розных людзей, дорыць моцныя, шчырыя эмоцыі… Пачуццём радаснай узрушанасці быў напоўнены фінальны акорд свята «Пружаны Фэст» — рок-канцэрт на гарадскім стадыёне, які сабраў больш чым 15 тысяч гледачоў.

Арганізатары падарылі нам грандыёзнае свята, якое захаваецца ў памяці на доўгія гады. Маштаб мерапрыемства сапраўды ўражваў, сярод прысутных немагчыма было ўбачыць абыякавых людзей. А як інакш? Упершыню ў гісторыі горад прымаў артыстаў такой велічыні!

Ёсць меркаванне, што творчыя асобы могуць быць фанабэрыстымі і ганарлівымі, але запрошаныя ў Пружаны зоркі падаліся зусім не такімі. Кожны з выступоўцаў шчыра віншаваў наш горад з днём нараджэння, гутарыў з аўдыторыяй, а падчас выканання песень выкладаўся па максімуме.

Зусім «сваімі» падаліся вядучыя канцэрта Уладзімір Богдан і Мар’яна Муранкова, якія так захапляліся горадам, што міжволі ўзнікла пытанне: ці няма ў іх пружанскіх каранёў? Распарадчыкі імпрэзы прафесійна, выдатна вялі ўсю праграму і падтрымлівалі святочны настрой прысутных на працягу ўсяго вечара.

Першымі на сцэну выйшаў сталічны гурт «Goffman». Бацька і сын Алег і Ягор Арловы падаліся вельмі фактурнымі і арганічнымі ў сваім стылі музыкантамі. Іх гоцік-электра-рок-кампазіцыі дакладна знайшлі прыхільнікаў і прыйшліся па душы пружанцам і гасцям горада. Дарэчы, апроч музыкі, Алег Арлоў займаецца маляваннем, а таксама калекцыяніраваннем рэдкіх карцін і музычных інструментаў. На фестывалі ён граў на гітары, якую аднойчы «ўвёў» у лідара групы «Metallicа» Джэймса Хэтфілда. Выконваў з такім запалам, што ажно струна лопнула!

Рок-фестываль працягнула заслужаная артыстка Расіі Вольга Кармухіна. Яна прызналася ў любові Беларусі, падзякавала нашым людзям за гасціннасць і сяброўства. Прыемнай нечаканасцю стала рашэнне артысткі спусціцца да народа, яна абдымалася і віталася за рукі са сваімі фанатамі, а таксама сумесна з гасцямі канцэрта выканала сваю вядомую песню «Шлях».

У хуткім часе на сцэну падняўся заснавальнік гурта «Парк Горкага», муж Вольгі Барысаўны Аляксей Бялоў. Легендарная сямейная пара «разварушыла» стадыён. Розныя пакаленні людзей танцавалі пад вядомыя хіты мінулага стагоддзя, голасна спявалі разам з любімымі артыстамі.

May Lian — з выступленнем на радзіме

Неверагодна кранальным стаў зварот да публікі сусветна вядомага гітарыста, ураджэнца Пружан May Lianа.

— Напэўна, гэтае выступленне з’яўляецца самым хвалюючым у маім жыцці, — сказаў Юрый Маілян. — У мяне было выдатнае дзяцінства, якое непарыўна сплецена з гэтым горадам. Цёплыя ўспаміны звязаны з трэцяй школай, дзе я атрымаў добры пасыл у жыццё… Але лепш за мяне скажа мая музыка, перадасць усю паўнату пачуццяў, якія родняць мяне з Пружанамі.

І музыка сказала, перадала, стала чымсьці больш глыбокім, чым проста перабор струн…

На мерапрыемстве прысутнічалі бацькі May Lianа, якія да гэтага часу ніколі не бачылі яго на сцэне ўжывую. Напэўна, таму Юрый быў такі ўзрушаны і засяроджаны.

Пасля віртуознага лірычнага выступлення на сцэну да выканаўцы выйшлі старшыня Пружанскага райвыканкама Міхаіл Грышкевіч і яго намеснік Руслан Супрыновіч. Яны падзякавалі земляку за сувязь з малой радзімай, якую той так трапятліва захоўвае, выказалі захапленне талентам артыста і ўручылі яму памятны падарунак.

Нам таксама удалося пагаварыць з найдасканалейшым гітарыстам. Музыкант паведаміў, што апошні раз прыязджаў у Пружаны шэсць гадоў таму.

— Розніца паміж мінулым і цяперашнім горадам — каласальная, гэта захапленне! У мяне атрымалася крыху прайсціся па вуліцах Пружан, я не пазнаў горад, ён сапраўды крута змяніўся, — адзначыла зорка інструментальнай музыкі. — Я вельмі люблю гэтыя мясціны, бо я тут нарадзіўся, жыў да 17 гадоў, потым з’ехаў, але часта сумаваў і дагэтуль сумую. Часам узгадваю маладыя гады, лепшых шчырых людзей і паглыбляюся ў настальгію… На дзень нараджэння хочацца пажадаць гораду расцвітаць, буйнець і рухацца ў гэтым жа напрамку.

Цёплыя словы віншавання ў адрас райцэнтра гучалі са сцэны і ад экс-саліста гурта «Зямляне» Сяргея Скачкова. Мужчына шмат размаўляў, жартаваў з аўдыторыяй, чым выклікаў павагу і гучныя авацыі людзей. Яго выступленне завяршыла кампазіцыя «Трава у дома», словы якой ва ўнісон спявалі падлеткі і людзі залатога ўзросту.

Шмат ліхтарыкаў суправаджала канцэртнае шоу Уладзіміра Кузьміна.

Прафесійна і якасна артыст і яго каманда выконвалі блюз і джаз. Пад прыемны тэмбр выканаўцы ў паветры лунаў флёр рамантычнага настрою.

Гучны яскравы фінал
Урачыстасць завяршылася прыгожым феерверкам, але і ён не стаў фіналам святкавання. Самыя трывалыя засталіся на дыскатэку пад адкрытым небам, якая скончылася глыбокай ноччу.

Яшчэ раз дзякуй усім, хто прыклаў намаганні для стварэння такога дзіўнага шоу! Спадзяёмся, што падобныя мерапрыемствы стануць для Пружан традыцыйнымі і штогод будуць збіраць аматараў добрай музыкі.

Алег Сідарэнка, Юлія Янушка. Фота Кацярыны Масік

Фотаальбомы са святкавання 590-годдзя Пружан шукайце тут: https://vk.com/album-23306785_294643410 і https://ok.ru/budni/album/964593670280

http://www.budni.by/pruzhany-fest/

 

 

К списку новостей

Интернет-ресурсы

Полезные ссылки