Пружанский районный исполнительный комитет

Пружанский районный исполнительный комитет
burger
Главная // Новости

Пружаншчыну на абласным этапе «Уладара сяла» прадставіць сям’я Сінянскіх.

07/06/2023 07:47

У мінулую суботу ў Ружанах, на тэрыторыі палаца Сапегаў, прайшоў раённы этап сямейнага сельскагаспадарчага конкурсу «Уладар сяла-2023». Ён праводзіцца па ўсёй краіне з адной мэтай: паказаць, што на вёсцы можна годна жыць і працаваць, гадаваць дзетак. Дзяржава стараецца падтрымаць вясковыя сем’і, стварыць спрыяльныя ўмовы для жыцця, даць работу з годнай заработнай платай. І сямейныя пары, якія прынялі ўдзел у сёлетнім конкурсе, паказалі, што для таго, каб будаваць сваё асабістае шчасце, патрэбны падтрымка, узаемаразуменне, павага і згода… Але аб усім па парадку.

Адкрыў свята намеснік старшыні Пружанскага райвыканкама Руслан Супрыновіч. Ён пажадаў удзельнікам конкурсу святочнага настрою, пазітыву і звярнуў увагу на тое, што ўсе — ужо свайго роду пераможцы, бо былі адабраны ад сваіх сельсаветаў для раённага этапу як самыя дружныя, творчыя і вясёлыя сем’і. Прагучаў Дзяржаўны гімн, які заўсёды надае ўпэўненасці кожнаму з нас у тым, што жыццё наша надзейна аберагаецца, мы жывём у спакойнай і прыгожай краіне.
Паказаць сябе, раскрыць сакрэт сямейнага шчасця, падзяліцца творчымі здольнасцямі прыехала сем сем’яў: Пашкевічы Іван і Аліна — з Велікасельскага сельсавета, Кузьміны Аляксандр і Марыя — з Зеляневіцкага, Мокраўскі сельсавет прадстаўляла сям’я Лепчанкі Яўгена і Пашко Алесі, Хараўскі — Амельяновіч Андрэй і Судзенка Наталля, ад Шаняўскога сельсавета прыехалі Куляшовы Дзмітрый і Наталля, а гонар Ружанскага абаранялі дзве сям’і — Сінянскіх Дзмітрыя і Ганны і Канько Віктара і Вольгі.

І куды ж без кампетэнтнага і паважанага журы, якому выпаў гонар выбраць сям’ю, якая будзе прадстаўляць наш раён на абласным этапе сельскагаспадарчага конкурсу. Важную місію выконвалі намеснік старшыні райвыканкама Руслан Супрыновіч, начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Аляксандр Момлік, першы сакратар Пружанскага раённага камітэта ГА «БРСМ» Ульяна Апаляйчук, старшыня Пружанскага раённага аб’яднання прафсаюзаў Таццяна Гаманчук і старшыня Пружанскага раённага аб’яднання Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Вольга Зубкова.

А што там у нас на падворку? Першы конкурс даў
сем’ям магчымасць прадставіць сябе і пачаставаць рознымі прысмакамі і журы, і гасцей, якія не прамінулі свята і прыйшлі падтрымаць знаёмых і родных. І песні пад гітару гучалі, і вершы прыгожыя чыталі, і танцамі здзіўлялі! Малайцы! А ўжо страў было прыгатавана: тут вам і дранікі, і хатнія каўбаскі, караваі, арыгінальныя салаты, бабка, марынаваныя грыбочкі, нават клубніцы свежыя! Усяго не пералічыш! Вось дзе раскрыўся патэнцыял жонак і матуль. З такімі з голаду не памрэш!

Калі разам, то і работа спорыцца. Наступным іспытам на конкурсе было прыгатаванне дранікаў на калодзе. Выглядала ўсё вельмі арыгінальна. Мужчыны, расклаўшы вогнішча, кінуліся дапамагаць сваім каханым церці бульбу на тарцы, пасля чаго разам замешвалі цеста, пяклі дранікі. Ох, і пахі разносіліся па наваколлі! На словах і не перадасі, аж сліна па барадзе цякла. Пасля сервіроўкі стала адпаведна была дэгустацыя. Чый жа дранік смачнейшы? З упэўненасцю скажу, што журы вызначыць гэта было вельмі складана.

Ці пілы і сякеры тупыя, ці рукі крывыя? Вось гэта і вызначалі падчас разразання бервяна на чатыры часткі, іх расколвання і складвання кастрышча. І што вы, паважаныя, думаеце? Сем’і паказалі зладжаную камандную работу мужа і жонкі, справіліся з работай на выдатна. Не забылі, як гэта робіцца, бо час ідзе і ў большасці выпадкаў цяпер мы карыстаемся бензапіламі, а ў некага наогул прыродны газ дома.

А хто ж нарыхтуе сена для нашай кароўкі? Без пытанняў, мужчынская гэта работа. Сёлета, праўда, была ўнесена карэктыва ў касьбу: косы заменены трымерамі, больш сучаснымі прыладамі. Падчас конкурсу журы ўлічвала як хуткасць касьбы, так і акуратнасць.

Хто на руках усё жыццё абяцаў насіць? Напрыканцы конкурсу ўдзельнікам была прапанавана эстафета. Мужчынам была дадзена магчымасць пакатаць сваіх каханых на тачцы вельмі акуратна, не бярвенне ж вязеш, і з ветрыкам. Жанчыны насілі чыгункі з вадой і забівалі цвікі, паказваючы, што ў непрадбачаным выпадку змогуць падмяніць гаспадара, а мужчынам давялося спавіваць ляльку — у сям’і не павінна па сутнасці быць раздзялення абавязкаў. Толькі разам можна дамагчыся поспеху ў любой справе. І апошнім акордам у конкурсе была сарціроўка агародніны і садавіны з завязанымі вачамі. Тут ужо да бацькоў падключыліся і дзеткі, якія падказвалі, у якое вядро што класці. Што ж, падрастаюць будучыя памочнікі мамы і таты, тыя, каму ў далейшым жыць і працаваць дзеля сваёй краіны і ўжо сваіх сем’яў.

І вось ён, кульмінацыйны момант. У каго самая-самая дружная сям’я, хто ж будзе насіць пачэснае званне «Уладар сяла-2023»? На трэцім месцы размясцілася сям’я Канько, другая прыступка за Кузьмінымі, пераможцай раённага сельскагаспадарчага конкурсу стала сям’я Сінянскіх. Ружаншчына святкавала двайную перамогу, можа ганарыцца пераможцамі і Зеляневіцкі сельсавет. Астатнім сем’ям былі ўручаны сертыфікаты ўдзельнікаў. Дарэчы, абласны конкурс будзе праходзіць у Кобрынскім раёне. Верым, што наша Пружаншчына прадстаўлена на высокім узроўні.

Вадзім Раўнейка. Фота Кацярыны Масік

Крыніца: http://www.budni.by/prouzhanshchynu-na-ablasnym-uladara-syala-pradstavic-syamya-sinyanskix/

 

К списку новостей

Интернет-ресурсы

Полезные ссылки