Пружанский районный исполнительный комитет

Пружанский районный исполнительный комитет
burger
Главная // Новости

Педагог Шчарчоўскай СШ Марыя Бугаева расказала, навошта настаўніку магістратура і аспірантура

15/08/2023 10:38

Быць навукоўцам і настаўнікам адначасова — магчыма і рэальна! Гэта ў чарговы раз даказала педагог Шчарчоўскай СШ, настаўніца рускай мовы і літаратуры Марыя Бугаева.

Кола інтарэсаў гэтай дзяўчыны па-сапраўднаму шырокае. Па-першае, Маша піша цудоўныя, можна сказаць, асаблівыя вершы, і нават выпусціла ўласны зборнік «Renaissance. РеНЕссанс». Па-другое, хаця па сваёй значнасці і складанасці яго можна паставіць на больш высокую прыступку, — навукова-даследчая дзейнасць.

Трапіўшы на работу ў Шчарчова, Марыя Бугаева захапіла даследаваннямі і алімпіядамі сваіх вучняў. Многія з іх — уладальнікі дыпломаў, прычым розных узроўняў. Як і сама Марыя. Але спыняцца на дасягнутым педагог не збіралася. У 2020-м яна… зноў вярнулася на родны філалагічны факультэт БрДУ імя А.С. Пушкіна. На гэты раз — у якасці магістранткі спецыяльнасці «Літаратуразнаўства» (рускае).

— Каб атрымаць званне магістра, акрамя здачы экзаменаў і залікаў, патрэбна абарона дысертацыі. Разам з маім навуковым кіраўніком Людмілай Садко мы вырашылі даследаваць творчасць Таццяны Талстой. У рамках напісання дысертацыі я вывучала жанрава-стылёвую парадыгму твораў гэтага аўтара ў кантэксце развіцця рускай прозы канца мінулага стагоддзя. Абарона прайшла добра, а перад ёй мы з навуковым кіраўніком вырашылі падаць работу на Рэспубліканскі конкурс навуковых прац студэнтаў, — расказвае Марыя.

Гэты конкурс праводзіўся ў Беларусі ўжо ў 29-ы раз. Удзельнічаюць у ім студэнты, магістранты і аспіранты з усёй краіны. Канкурэнцыя вельмі сур’ёзная, пры гэтым журы ацэньвае не толькі якасць самой работы, але і навуковыя публікацыі па тэме, засяроджвае ўвагу на спісе літаратуры. Словам, кожны бал ад камісіі адыгрывае вялікую ролю.

Работа Марыі Бугаевай была ацэнена вельмі высока, а таму магістрант атрымала званне лаўрэата гэтага прэстыжнага конкурсу. Дарэчы, яно было прысвоена аўтарам яшчэ 53-х з больш чым трох тысяч прадстаўленых прац. Урачыстае ўзнагароджанне адбылося ў Беларускім дзяржаўным эканамічным універсітэце. Узнагароду Марыі Бугаевай уручыў Старшыня Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь, кандыдат ваенных навук Сяргей Шлычкоў (на здымку разам з Марыяй Бугаевай).

Сама Марыя падкрэслівае: такога выніку цяжка было б дасягнуць без дапамогі выкладчыкаў і, у першую чаргу, навуковага кіраўніка. І гэта той выпадак, калі студэнт у асобе педагога знаходзіць не проста таго чалавека, з кім піша навуковыя працы, а сапраўднага дарадчыка, можна сказаць, старэйшага таварыша.

— Вельмі ўдзячна дацэнту кафедры рускай літаратуры і журналістыкі БрДУ Людміле Міхайлаўне Садко за дапамогу і падтрымку. Прычым не толькі па вучобе, але і ў творчасці, і ўвогуле па жыцці. І вельмі ганаруся, што мой навуковы кіраўнік быў узнагароджаны Ганаровай граматай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. Гэта сапраўды заслужана, — адзначыла лаўрэат конкурсу.

У асабістым партфоліа шчарчоўскай настаўніцы — шэраг педагагічных узнагарод і ўзнагарод вучняў, за плячыма — магістратура. На пытанне, навошта патрэбна было навучанне ў ёй, Марыя адказвае рашуча: «Для паглыблення ўласных ведаў, пашырэння кругагляду, навучанню новым методыкам выкладання. А ўвогуле, хто ведае, як складзецца жыццё?»

Што ж далей? Маша, не вагаючыся, кажа: «Аспірантура!» Так, ужо з лістапада яна зноў збіраецца ў родны ўніверсітэт. На гэты раз для таго, каб вывучаць літаратуру на яшчэ больш паглыбленым узроўні і займацца напісаннем ужо кандыдацкай дысертацыі.

Сапраўды, вучыцца ніколі не позна, а засвойваць новае чалавек можа на працягу ўсяго жыцця. Як і дасягаць вынікаў. Застаецца толькі пажадаць Марыі поспехаў, навуковых адкрыццяў і ўвасаблення ў жыццё ўсіх планаў!

Уладзіслаў Шпарла. Фота з асабістага архіва Марыі Бугаевай

http://www.budni.by/pedagog-shcharchoўskaj-ssh-maryya-bugaeva-raskazala-navoshta-nastaўniku-magistratura-i-aspirantura/

 

К списку новостей

Интернет-ресурсы

Полезные ссылки