Пружанский районный исполнительный комитет

Пружанский районный исполнительный комитет
burger
Главная // Новости

Пазнаёміцца з Каракіяй можна на новай выставе ў «Пружанскім палацыку»

23/04/2024 16:32

У Пружанскім палацыку адкрылася цікавая выстава: «Амто (здравствуй), Корякия!». Гэта частка даволі вялікай уласнай калекцыі Людмілы Каюравай.

Дарэчы, наведвальнікам палацыка экспазіцыя будзе даступна ажно да 2 чэрвеня. Схадзіце, папоўніце свой багаж ведаў, дакраніцеся да культуры, быту, мастацтва маленькага народа, што пражывае на даволі вялікай тэрыторыі Камчацкага краю, — вы не пашкадуеце.

Калекцыянер Людміла Каюрава — унікальная жанчына, якая нарадзілася і вырасла ў Каракскай акрузе Расійскай Федэрацыі, палюбіла яе культуру, насельніцтва. Частка яе вялікай калекцыі вандруе па музеях Расіі і Беларусі за сродкі Людмілы Каюравай і яе мужа Аляксандра Суворава.

Як расказала Людміла Віктараўна, Каракская акруга ўваходзіць у склад Камчацкага краю і займае паўночную палову паўвострава Камчатка, прылеглую да яго частку мацерыка і востраў Карагінскі. Амываецца водамі Ахоцкага і Берынгава мораў. Плошча — каля 300 тысяч квадратных кіламетраў. Колькасць жыхароў на такой тэрыторыі — крыху больш за 15 тысяч. Давайце параўнаем з нашай Беларуссю, меншай па плошчы (207,6 тысяч кіламетраў), але з насельніцтвам каля 10 мільёнаў чалавек!

Але перш чым расказаць пра выстаўленыя экспанаты, пра сваю малую радзіму, Людміла Каюрава прымала віншаванні з днём нараджэння і адкрыццём выставы ад консула-саветніка Генеральнага консульства Расійскай Федэрацыі ў Брэсце Андрэя Кулікова. Ён таксама ўручыў Людміле Віктараўне падзячнае пісьмо ад генеральнага консула за дабрачынную дзейнасць, прапаганду культуры малых народаў Расійскай Федэрацыі. З прывітальным словам да Людмілы Каюравай і яе мужа Аляксандра Суворава звярнулася кіраўнік спраў Пружанскага райвыканкама Іна Валянцюк.

Затым прысутныя змаглі завочна пабываць на далёкай Камчатцы, дакрануцца да культуры, мастацтва, быту малога паўночнага народа. А Аляксандр Сувораў нават выканаў пад каракскі бубен невялікую песню маладога паляўнічага.

Аказалася, што пра кожную рэч, якая экспануецца на выставе, Людміла Віктараўна можа расказваць гадзінамі. Тут і вырабы з косці маманта і маржа, кітовага вуса, дрэва, скуры северных аленяў, вышыўкі, адзенне жаночае і мужчынскае, скруткі сабаліных шкурак — так званы ясак.

Як расказала Людміла Каюрава, каб не шкуркі каштоўных пушных жывёл, то невядома, дзе б завяршылася Расійская дзяржава. Справа ў тым, што дзякуючы каштоўнасці пушніны (плаціўся ясак, шкуркі экспартаваліся за мяжу, за іх плацілі золатам) адкрываліся новыя землі, якія аказаліся багатыя не толькі на собаля, але і на карысныя выкапні.

Паверце, перад кожным экспанатам можна прастойваць вельмі доўга, разглядваць яго прыгажосць і марыць пабываць на Камчатцы. Для мяне гэта даўняя мара, якая крыху ажыццявілася дзякуючы выставе. Але ўпэўнены, што некалі мне выпадзе шчасце апынуцца і на самім паўвостраве, падзівіцца на яго сопкі, вулканы, наведаць даліну гейзераў, а галоўнае — акунуцца ў культуру і быт народаў, якія там пражываюць.

У невялікім матэрыяле ўсё немагчыма расказаць пра цудоўную выставу. Наведайце яе самі і ўсё ўбачыце на свае вочы. Пасля Пружан экспазіцыя перамесціцца ў Бярозу.

Віктар Ільюшчанка

Фота Кацярыны Масік

http://www.budni.by/paznayomicca-z-karakiyaj-mozhna-na-novaj-vystave-ў-pruzhanskim-palacyku-mnoga-fota/

 

К списку новостей

Интернет-ресурсы

Полезные ссылки