Пружанский районный исполнительный комитет

Пружанский районный исполнительный комитет
burger
Главная // Новости

Надзённыя пытанні пра электраацяпленне: разбіраемся разам

22/08/2023 08:42

Некалькі гадоў таму ў нашай краіне стаў набываць папулярнасць абагрэў жылых дамоў з дапамогай электрычнасці. Энергетычная галіна гэты трэнд убачыла адразу і, як расказвае выконваючы абавязкі начальніка аддзела збыту энергіі філіяла «Пружанскія электрасеткі» Мікалай Улезла, літаральна з першых дзён, як пачаўся рост попыту на падобную паслугу, прапанавала зразумелы і просты алгарытм рэалізацыі такой задумкі.

— На сённяшні дзень толькі на Пружаншчыне электраацяпленне свайго жылля ўладкавала больш за 440 абанентаў, — паведамляе Мікалай Леанідавіч. — І пятая частка электраэнергіі, якая выкарыстоўваецца раённымі спажыўцамі, выдаткоўваецца менавіта на гэтыя мэты. Цікава тое, што пераважная большасць — гэта жыхары сельскай мясцовасці, што абумоўлена даступнасцю электрычнасці літаральна ў любым кутку нашага рэгіёна.

Сапраўды, у параўнанні з газаправодам, лініі электраперадач праходзяць праз усе вялікія і малыя населеныя пункты Пружанскага раёна. Але не толькі ў гэтым заключаюцца перавагі электраацяплення.

Чым выгадны такі спосаб абагрэву жылля?

1. Даступнасць. Яна заключаецца не толькі ў магчымасці падключыцца да электраацяплення ў любым месцы, але і адсутнасці іншых шматлікіх абмежаванняў. У прыватнасці, значна менш патрабаванняў прад’яўляецца да характарыстык памяшкання. Пераважная большасць з тых, хто ўжо карыстаецца электраацяпленнем, не ўкладвалі сродкі ў падрыхтоўку памяшкання для ўстаноўкі электраабсталявання. Увогуле ўстройствы абагрэву можна размяшчаць у любым прыстасаваным месцы, а не толькі ў спецыяльнай кацельні. Дарэчы, электракатлы настолькі ціха працуюць, што іх можна ставіць нават у спальні, і нішто не будзе перашкаджаць салодкім снам.

Больш за тое, схема электраацяплення прапануе розныя тэхналагічныя рашэнні па ахопе дома сістэмай абагрэву. Напрыклад, калі ў памяшканні ўжо ўстаноўлены водныя радыятары, то іх можна ўключаць у агульную сетку. Калі ж іх няма, то яшчэ танней будзе ўстанавіць канвектары, пракласці «цёплую падлогу» або заняцца мантажом цеплапомп.

І, нарэшце, даступнасць электраацяплення заключаецца яшчэ і ў яго простай эксплуатацыі. Спецыяльнае навучанне ў кантралюючай арганізацыі на карыстанне электрапрыборамі праходзіць не трэба. Гэта звязана з тым, што ўстройствы, якія генерыруюць цяпло з дапамогай электрычнасці, бяспечныя, і тут няма неабходнасці манціраваць комін для выдалення прадуктаў гарэння, як у выпадку з газавым катлом

2. Менш выдаткаў на падключэнне. Гэта тычыцца не толькі розніцы ў кошце газавага і электрычнага катлоў, але і ў каэфіцыенце карыснага дзеяння гэтых агрэгатаў. Выбіраючы паміж імі, варта ўлічваць яшчэ адну акалічнасць. Карыстацца газавым катлом можна 12 гадоў з даты выпуску абсталявання, што пазначаецца ў інструкцыі да прыбора. Каб падоўжыць перыяд карыстання яшчэ на 8 гадоў, давядзецца штогод праходзіць платную дыягностыку. І калі закончацца адведзеныя на эксплуатацыю два дзесяцігоддзі, агрэгат, нават калі да яго работы няма прэтэнзій, абавязкова мяняецца. З электракатламі падобных абмежаванняў па часе выкарыстання няма, галоўнае, каб агрэгат быў спраўны і адпавядаў нормам бяспекі.

Калі ўзяліся за калькулятар, то ўлічыце і дзяржаўную матэрыяльную падтрымку тых грамадзян, хто вырашыў перайсці на абагрэў жылля з дапамогай электрычнасці. Аднаўленне выдаткаў на электраацяпленне, прыгатаванне ежы і падагрэў вады прадугледжана Указам № 127, згодна з якім кампенсуецца да 20 % ад кошту выкананых работ (але не больш за 40 б. в.). Указам № 375 уводзіцца дадатковая льгота для малазабяспечаных і іншых сацыяльна ўразлівых катэгорый грамадзян у выглядзе вяртання да 40 % адпаведных выдаткаў (але не больш за 80 б. в.)

3. Укладзеныя грошы хутка вернуцца падчас эксплуатацыі. І хуткасць акупнасці кожны можа выбраць самастойна. У прыватнасці, энергетыкі ўлічылі розныя ўмовы пражывання — як у гарадской, так і сельскай мясцовасці — і вызначылі тры катэгорыі абанентаў з магчымасцю падключэння да электраацяплення.


1) Электраэнергія для патрэб ацяплення і гарачага водазабеспячэння з далучанай (сумарнай) магутнасцю электранагравальнага абсталявання больш за 5 кВт. Калі ўсё абсталяванне, якое выкарыстоўваецца абанентам, перавышае ўстаноўлены ліміт, то аплата вядзецца па дыферэнцыяваным тарыфе па двух часавых перыядах — з 23.00 да 6.00 – 0,1434 руб. за 1 квт.г і ў астатні час — 0,2664 руб. за 1 квт.г.

2) Электрычная энергія для патрэб ацяплення, гарачага водазабеспячэння ў жылых дамах (кватэрах), якія не абсталяваны сістэмамі цэнтралізаванага цепла- і газазабеспячэння, пры наяўнасці асобнага (дадатковага) прыбора індывідуальнага ўліку выдатку электраэнергіі. Калі жыллё не падключана да цепламагістраляў і няма газавага ўводу, то можна наладзіць абагрэў па наступным тарыфе: з 1 студзеня па 31 мая — 0,0398 руб. за 1 квт.г, а з 1 чэрвеня па 31 снежня — 0,0449 руб. за 1 квт.г.

3) Электрычная энергія пры ўмове яе выкарыстання ў тым ліку для патрэб ацяплення, гарачага водазабеспячэння ў жылых дамах (кватэрах), не абсталяваных сістэмамі цэнтралізаванага цепла- і газазабеспячэння, але якія маюць электрапліты пры адсутнасці асобнага (дадатковага) прыбора індывідуальнага ўліку выдатку электраэнергіі.


Такая магчымасць даецца тым, хто карыстаецца для прыгатавання ежы электраплітамі і таксама хацеў бы наладзіць абагрэў жылля электрычнасцю. У такой сітуацыі прадугледжаны два тарыфы. Аднаставачны з 1 студзеня па 31 мая — 0,1025 руб. за 1 квт.г; з 1 чэрвеня па 31 снежня — 0,1057 руб. за 1 квт.г. Ці на выбар дыферэнцыяваны падыход: з 1 студзеня па 31 мая ў перыяд з 23.00 да 6.00 – 0,0718 руб. за 1 квт.г, у астатні час сутак — 0,1333 руб. за 1 квт.г; з 1 чэрвеня па 31 снежня з 23.00 да 6.00–0,074 руб. за 1 квт.г, у астатні час сутак — 0,1374 руб. за 1 квт.г.

Трэба дадаць, што прыведзеныя расцэнкі дзейнічаюць толькі ў тых выпадках, калі ў жылых памяшканнях зарэгістраваны ўладальнікі. У адваротнай сітуацыі прымяняюцца тарыфы, якія забяспечваюць поўнае аднаўленне эканамічна абгрунтаваных выдаткаў.

Як уладкаваць электраацяпленне?

Па-першае, трэба атрымаць дазвол. Гэта звязана з тэхнічнымі магчымасцямі электрасетак. Відавочна, што выкарыстанне электракатлоў адчувальна павялічвае нагрузку на магістральныя лініі, якія раней манціраваліся без разліку на падобную сітуацыю. Па словах выконваючага абавязкі начальніка аддзела збыту энергіі філіяла «Пружанскія электрасеткі» Мікалая Улезлы, зараз рэалізуецца дзяржпраграма мадэрнізацыі электрычнай сістэмы краіны. Згодна з ёю, ва ўсіх рэгіёнах рэспублікі лініі мяняюцца на сучасныя. Тое ж самае адбываецца і на Пружаншчыне, і, каб пералічыць населеныя пункты, жыхары якіх могуць уладкаваць электраацяпленне, не хопіць і газетнай старонкі. Аднак удакладніць наяўнасць такой магчымасці трэба:

  • жыхары райцэнтра і гарадскіх пасёлкаў Ружаны і Шарашэва могуць атрымаць патрэбную інфармацыю падчас звароту ў службу «адно акно» райвыканкама;
  • жыхары сельскіх населеных пунктаў — непасрэдна ў «Пружанскіх электрасетках».

Працэдура ўключае ў сябе не толькі атрыманне тэхнічнага дазволу. Таксама рыхтуецца дазваляльная дакументацыя, распрацоўваецца адпаведны праект на выкананне будаўніча-мантажных работ, праводзяцца электрафізічныя вымярэнні. Складана? Толькі на першы погляд. Усе гэтыя дакументы афармляюцца спецыялістамі разлікова-касавага цэнтра філіяла, які працуе па прынцыпе «аднаго акна» і знаходзіцца па адрасе: г. Пружаны, вул. Шырмы, 13–50. Словам, ад жадаючага трэба толькі заява, а ўсё неабходнае зробяць прафесіяналы.

Супрацоўнікі ПЭС распрацуюць поўную праектна-каштарысную дакументацыю, нават падлічаць, колькі матэрыялаў і абсталявання патрэбна на канкрэтную плошчу. Для ўвасаблення справы ў рэальнасць можна адразу скарыстацца паслугай філіяла на правядзенне вонкавых работ па электрамантажы. Унутраныя работы праводзяцца або самастойна, або з прыцягненнем іншых спецыялізаваных арганізацый. Пры гэтым варта памятаць, што вышэйназваная кампенсацыя будзе даступна толькі пры наяўнасці афіцыйна складзенага акта выкананых мерапрыемстваў.

Як многа часу спатрэбіцца?

Калі неадкладна заняцца вырашэннем гэтага пытання, то першага вераснёўскага пахаладання можна ўжо не баяцца. Як пацвярджаюць тыя, хто скарыстаўся падобнай магчымасцю, увесь працэс доўжыцца не больш за два месяцы. А некаторыя справіліся і таго хутчэй.

Падрыхтаваў Алег Сідарэнка

http://www.budni.by/nadzyonnyya-pytanni-pra-elektraacyaplenne-razbiraemsya-razam/

 

К списку новостей

Интернет-ресурсы

Полезные ссылки