Пружанский районный исполнительный комитет

Пружанский районный исполнительный комитет
burger
Главная // Новости

На экскурсіі ў Палацы Незалежнасці пабывалі 15 актывістак «Беларускага саюза жанчын» з Пружанскага раёна

18/08/2023 15:19

Гэтую экскурсію яны запомняць на ўсё жыццё! Актывісткі Беларускага саюза жанчын з Пружанскага раёна ў гэты аўторак пабывалі ў знакавым будынку нашай краіны — Палацы Незалежнасці.

Будынак-сімвал беларускай дзяржаўнасці, дзе адбываюцца лёсавызначальныя для краіны і не толькі падзеі і дзе працуе Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка, наведала дэлегацыя, у складзе якой было больш за 100 чалавек. Гэта прадстаўніцы самых розных сфер, а таксама пераможцы конкурсу «Жанчына года» за розныя гады.

У склад дэлегацыі ўвайшлі і 15 актывістаў Пружанскай раённай арганізацыі ГА «Беларускі саюз жанчын».

У гэты дзень увасобіліся мары многіх з іх. Раней жанчыны маглі бачыць Палац Незалежнасці толькі па тэлевізары ці ў інтэрнэце, а падчас экскурсіі атрымалі магчымасць пабываць там.

Экскурсанткі наведалі шматлікія залы палаца, даведаліся пра іх афармленне і тое, якія падзеі адбываліся ў гэтых сценах.

— Мы прайшлі па шматлікіх залах, дзе праходзяць найважнейшыя сустрэчы, саміты, нарады, а таксама наведалі зімовы сад і музей падарункаў. Уразіла зала ўрачыстых цырымоній: цудоўная мармуровая аддзелка сцен і падлогі, — расказвае пра экскурсію адна з прадстаўніц Пружаншчыны, бібліятэкар перасоўнай бібліятэкі Наталля Пілюцік. — Увогуле ж наведванне галоўнай у Беларусі пляцоўкі афіцыйных дзяржаўных мерапрыемстваў выклікала, як цяпер модна казаць, «ваў-эфект».

На памяць пра запамінальную падзею жанчыны сфатаграфаваліся з прэс-сакратаром Прэзідэнта Наталляй Эйсмант, якая і правяла экскурсію.

Дадому група вярнулася з масай уражанняў, якімі цяпер жанчыны дзеляцца з калегамі, сябрамі і знаёмымі.

Сваімі эмоцыямі і думкамі падзяліліся экскурсанткі і з чытачамі «Раённых будняў».

Тэрэса Панамар, настаўніца Шарашоўскай СШ:

— Экскурсія была вельмі інфармацыйнай. Мы даведаліся пра гісторыю стварэння Палаца Незалежнасці і пра кожную з яго залаў: як называецца, для чаго выкарыстоўваецца. Напрыклад, мяне як гісторыка зацікавіла, што «нармандская чацвёрка» падчас перамоў 2015 года па ўрэгуляванні пытанняў ва Украіне збіралася ў Зялёнай зале. Уразіла магчымасць прысесці на канапу, дзе сядзела тагачасны канцлер Германіі Ангела Меркель. Так, у адрозненне ад музеяў, дзе дазваляецца толькі глядзець на экспанаты, у палацы можна і ўсё памацаць, і ўсюды пасядзець. І галоўнае, усё тут зроблена рукамі беларускіх майстроў, у тым ліку і неверагодна прыгожая пінская мэбля, і вялізная свяцільня ад Лідскага прадпрыемства «Каскад»! А ў Зале падарункаў дастойнае месца ўжо заняў каравай са збожжа новага ўраджаю, уручаны Аляксандру Лукашэнку на пачатку жніўня падчас яго паездкі на Брэстчыну.

Перад пачаткам навучальнага года ўжо сустракаюся са сваімі вучнямі. І не толькі задаю ім пытанне, як правялі лета, але магу і сама расказаць пра ўражанні і эмоцыі ад паездкі ў Мінск. Пра тое, што расійскаму ўраду знакавы Крэмль «дастаўся ў спадчыну», а беларускія будаўнікі за два з паловай гады пабудавалі новы Палац Незалежнасці, які таксама стаў своеасаблівым сімвалам краіны, яе славутасцю. Месцам, дзе вяршыцца наша гісторыя.

Ангеліна Маруфенка, дырэктар музея-сядзібы «Пружанскі палацык»:

— Мне вельмі даўно хацелася пабываць у Палацы Незалежнасці. Гэта было, здавалася б, недасягальнай марай. Але дзякуючы Беларускаму саюзу жанчын і актыўнай рабоце, мне гэта ўдалося.

Пабываць там, дзе кожны дзень працуе Прэзідэнт, у тых памяшканнях, дзе прымаюцца лёсавызначальныя рашэнні, якія датычацца гісторыі сваёй краіны, сусветнай гісторыі, — неацэнна. Вялікія падзеі становяцца бліжэйшымі, пачынаеш лепей разумець бягучы парадак свету, а галоўнае — сваю краіну. І, ведаеце, не пакідае адчуванне ўпэўненасці і спакою.

З першых мінут, калі толькі ўваходзіш у Залу ўрачыстых цырымоній, дзе адбываецца мноства важных мерапрыемстваў, захоплівае дух, і ў гэтым стане ты знаходзішся ў палацы на працягу ўсёй экскурсіі. Тут зараджаешся імкненнем да новых дасягненняў і вяршынь.

Нездарма прэс-сакратар Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Наталля Эйсмант, пажадала яшчэ не раз вярнуцца ў Палац Незалежнасці, але ўжо не ў якасці экскурсантаў, а ў якасці ўзнагароджваемых. Безумоўна, было цікава ўбачыць Наталлю Мікалаеўну асабіста, яна вельмі энергічны, прыемны ў зносінах чалавек.

Наведванне Палаца Незалежнасці — незабыўная падзея, якая падарыла магчымасць яшчэ раз адчуць гонар за сваю краіну, надоўга застанецца ў маёй памяці.

На здымку: дэлегацыя ад Пружанскага раёна разам з Наталляй Эйсмант у Палацы Незалежнасці.

Падрыхтавалі старшыня праўлення Пружанскай раённай арганізацыі ГА «Беларускі саюз жанчын» Наталля Чарэшка, а таксама Ірына Сядова і Уладзіслаў Шпарла

http://www.budni.by/na-ekskursii-ў-palacy-nezalezhnasci-pabyvali-15-aktyvistak-belaruskaga-sayuza-zhanchyn-z-pruzhanskaga-rayona/

 

К списку новостей

Интернет-ресурсы

Полезные ссылки