Пружанский районный исполнительный комитет

Пружанский районный исполнительный комитет
burger
Главная // Новости

Як супрацьстаяць вірусам?

20/12/2023 09:31

«Мороз и солнце — день чудесный!» — пісаў А.С. Пушкін. Але не заўсёды зіма бывае даспадобы. Для таго, каб гульні на снезе і зімовыя святы былі ў радасць, варта паклапаціцца аб сваім здароўі. Каб даведацца пра захворванні ў зімовы перыяд і меры іх прафілактыкі, мы звярнуліся да валеолага УАЗ «Пружанская ЦРБ» Алены Крачко.

— Алена Міхайлаўна, зімовыя халады сёлета пачаліся раней звычайнага. Ці павялічылася ў сувязі з гэтым захваральнасць на грып і рэспіраторныя інфекцыі?

— Так, захваральнасць на грып паступова павялічваецца. Але ў параўнанні з мінулым годам лічбы адрозніваюцца нязначна. У нас, як і паўсюдна ў Еўрапейскім рэгіёне, дамінуюць вірусы грыпу А (пераважаюць A (H1N1) і A (H3N2). Выяўлена вельмі нязначная колькасць вірусаў грыпу B.

Але ў асноўным усё ж пакуль цыркулююць негрыпозныя рэспіраторныя вірусы, у структуры хворых на ВРВІ пераважаюць дзеці.

— Наколькі актуальны для нас на дадзены момант каранавірус?

— Каранавірус застаецца актуальным, хаця, на шчасце, далёка не на такім узроўні, як падчас пандэміі. Падобныя хворыя ёсць, так што мерамі прафілактыкі грэбаваць не варта.

— Якія меры прафілактыкі паказалі сваю эфектыўнасць?

— Варта заўважыць, што актыўная вакцынацыя супраць грыпу і COVID-19, а таксама выкарыстанне масак, захаванне сацыяльнай дыстанцыі і г.д. прыводзяць да зніжэння колькасці выпадкаў заражэння не толькі кавідам і грыпам, але і больш «простымі» рэспіраторнымі інфекцыямі. Побач з вакцынацыяй нельга забываць пра такія традыцыйныя меры супрацьстаяння інфекцыям, як загартоўка, правільнае харчаванне, рацыянальны пітны рэжым, адмова ад ужывання алкаголю і курэння, пазбяганне пераахалоджанняў. Важнай умовай прафілактыкі з‘яўляецца і рэгулярнае праветрыванне памяшканняў: вірусы баяцца свежага паветра.

Дарэчы, згодна з рэкамендацыямі Міністэрства аховы здароўя, тэрмін вакцынацыі супраць грыпу падоўжаны да канца снежня. Таму ўсе, хто па нейкіх прычынах хацеў, але не змог прышчапіцца ў кастрычніку-лістападзе, могуць спакойна пайсці ў медустанову па месцы жыхарства і атрымаць прышчэпку супраць грыпу ў снежні.

— Надвор‘е цяпер няўстойлівае, снег можа змяніцца дажджом ці моцным ветрам, а сіноптыкі абяцаюць і вяртанне маразоў. Як абараніць сябе ад пераахалоджання?

— Каб пазбегнуць пераахалоджання, варта апранацца шматслаёва, не выходзіць на вуліцу без верхняга адзення і шапкі, шаліка. У боты ці чаравікі ўкласці цёплыя вусцілкі, надзець ваўняныя шкарпэткі, яны добра ўбіраюць вільгаць і пакідаюць ногі сухімі. Пры прыкметах абмаражэння неадкладна звярніцеся да ўрача!

— Алена Міхайлаўна, як валеолаг, Вы можаце даць і парады па харчаванні ў халодны перыяд. Якая дадатковая вітамінізацыя патрэбна зімой?

— У халодны перыяд года не забывайце пра агародніну і садавіну ў рацыёне. Гэта не абавязкова павінны быць экзатычныя фрукты. Вельмі карысныя замарожаныя ягады (чарніцы, брусніцы, клубніцы і інш.), замарожаная зеляніна (брокалі, зялёная фасоля, шпінат і шчаўе), нашы традыцыйныя мясцовыя караняплоды — буракі і морква, і, вядома, арэхі і сухафрукты. Добры ход — дадаць у рацыён больш запечанай агародніны.

Падчас халоднага сезона жыхары сярэдняй паласы сутыкаюцца з сур’ёзным дэфіцытам вітаміна D. А гэта можа прывесці да эмацыйных зрываў і бескантрольнага паядання булачак і ласункаў: так арганізм спрабуе хутка вярнуць добры настрой. Калі ж вы спажываеце не менш за 400 грамаў агародніны і садавіны ў дзень (не лічачы бульбы), то ўвесь спектр вітамінаў атрымаеце з ежай. Садавіна і агародніна ў такой колькасці прыносяць і іншую карысць для здароўя: змяншаюць рызыку інсульту, хвароб сэрца, анкалагічных захворванняў, у прыватнасці рака тоўстай кішкі.

Узімку, як і ўлетку, не забывайце піць дастатковую колькасць вадкасці (1,5-2 літра ў дзень). Па-першае, гэта важна для добрага метабалізму, а па-другое, кампенсуе наступствы ад радыятараў, абагравальнікаў, якія хоць і ратуюць ад холаду, але сушаць паветра. У халодную пару года важна ўжываць не толькі каву і чай, але і цёплыя травяныя адвары, якія таксама дораць арганізму неабходныя карысныя элементы.

— Пра загартоўванне, напэўна, варта было ўспомніць летам?

— Можна загартоўвацца і зімой. Не варта, зразумела, адразу даваць арганізму экстрэмальныя нагрузкі. Напрыклад, можна выконваць комплекс лячэбнай фізкультуры на свежым паветры, катацца на каньках і лыжах, проста не забывацца пра штодзённыя прагулкі.

Беражыце сябе і сваіх блізкіх! І давайце будзем радавацца кожнаму дню не залежна ад надвор’я.

Гутарыла Валерыя Адамчук, студэнтка журфака БДУ

http://www.budni.by/yak-supracstayac-virusam/

 

К списку новостей

Интернет-ресурсы

Полезные ссылки