Пружанский районный исполнительный комитет

Пружанский районный исполнительный комитет
burger
Главная // Новости

Гандаль у Ружанах: планка ўзнята высока. Расказваем пра выязное пасяджэнне прэзідыума раённага Савета дэпутатаў

23/08/2023 10:53

На разгляд выязнога пасяджэння прэзідыума раённага Савета дэпутатаў, якое адбылося 17 жніўня, было вынесена адно пытанне — стан гандлёвага і бытавога абслугоўвання жыхароў Ружанскага сельсавета. Члены прэзідыума разам з кіраўнікамі арганізацый раёна, адказных за абслугоўванне грамадзян, наведалі шэраг магазінаў і комплексны прыёмны пункт у г.п. Ружаны, а вынікі ўбачанага і пачутага падвялі на пленарным пасяджэнні.

Перад пачаткам пасяджэння здзейснілі экскурсію ў Палацавы комплекс роду Сапегаў. І не выпадкова. Як адзначыў старшыня Пружанскага раённага Савета дэпутатаў Мікалай Кудравец, Ружаншчына — рэгіён асаблівы, сюды з задавальненнем едуць шматлікія турысты. За мінулы год, напрыклад, музейны комплекс у Ружанах наведала без малога 30 тысяч чалавек. А гэта ж адначасова — і патэнцыяльныя пакупнікі, наведвальнікі прадпрыемстваў грамадскага харчавання. Праз Ружаны праходзяць дарогі на Ваўкавыск, Слонім, Івацэвічы, і зручная, добра развітая сістэма абслугоўвання прыцягвае ўвагу транзітных пасажыраў. І ўсё ж мясцовыя жыхары ўздымаюць шэраг пытанняў падчас выязных прыёмаў, у гутарках.

— Гэта зразумела, — лічыць Мікалай Пятровіч. — Да добрага прывыкаеш хутка, і тое, што запыты растуць, гэта цалкам нармальна. У той жа час варта кіравацца і разумным сэнсам, пытаннямі рацыянальнасці.

Азнаямленне з аб‘ектамі гандлю пачалося ў «Востраве чысціні і смаку», дзе ўдзельнікаў пасяджэння сустрэла загадчыца Аксана Кухта. Магазін быў адкрыты два гады таму. Не надта вялікі па памеры, але на паліцах знайшлося месца і для стандартнага асартыменту тавараў гандлёвых кропак гэтай сеткі, і нават для малочных вырабаў. У дзень магазін абслугоўвае каля 300 чалавек, тавараабарот нядрэнны, але праблема з кадрамі прыкладна такая ж, як і ў іншых крамах: нагрузка ў прадаўцоў даволі значная, а графік работы «два праз два» не ўсім падыходзіць.

Наступны аб‘ект наведвання аказаўся літаральна праз пару дзясяткаў крокаў. У магазіне «Прадукты» райспажыўтаварыства ўтульная зала, зручная выкладка тавараў, прыветныя прадаўцы. 85% тавару — беларускай вытворчасці, у тым ліку прадукцыя, зробленая на Брэстчыне. У магазіне працуе сучасная сістэма аўтападліку тавараў SKU, што выключае ўсялякія памылкі пры разліку, дзейнічаюць акцыі і скідкі (пра іх мы раскажам ніжэй).

Як расказала намеснік старшыні праўлення Пружанскага райспажыўтаварыства Ларыса Жуковіч, магазін нядрэнна спраўляецца са сваімі функцыямі. Хаця і планка ўзнята вельмі высока, і канкурэнцыя значная, за апошні месяц паказчыкі работы палепшыліся.

Далейшы шлях ляжаў праз плошчу, дзе ў будынку былой кулінарыі два месяцы таму адкрыўся фірменны магазін Бярозаўскага мясакансервавага камбіната «Мясны свет».

Загадчыца Кацярына Пракапеня расказала, што попытам карыстаюцца ахалоджаныя і замарожаныя фарш, грудзінка, карэйка, каўбаскі, стэйкі, шашлыкі, прадукцыя на акцыі (у асноўным гэта паўфабрыкаты і кансервы ўласнай вытворчасці камбіната). За дзень у магазіне абслугоўваюць прыкладна 350 пакупнікоў.

Пабывалі ўдзельнікі мерапрыемства і ў комплексным прыёмным пункце Пружанскага РКБА. Тут па аўторках, чацвяргах, пятніцах і суботах працуе мясцовы цырульнік, а па серадах прыязджае майстар з райцэнтра. Таксама можна заказаць мэблю па ўзорах, здаць у рамонт абутак, які возяць у майстэрню ў Пружаны. Таксама даступныя рытуальныя паслугі, прадаюцца спадарожныя тавары. Дырэктар РКБА Анатоль Гвоздзік зазначыў, што выручка цырульніка складае 2 — 2,5 тыс. руб. у месяц, гэта на ўзроўні гарадскога, на 4,5 — 6 тыс. рублёў прадаецца мэблі.

Раней падобныя кропкі бытоўкі працавалі ў Варанілавічах, Калазубах, але выручкі не прыносілі, так што гэты КПП застаўся адзіны на ўсю Ружаншчыну.

Што тычыцца абслугоўвання, то таксама ў санаторыі «Ружанскі» працуе салон прыгажосці «Першая лэдзі».

Падчас пленарнага пасяджэння інфармацыю па гандлёвым і бытавым абслугоўванні насельніцтва агучыла старшыня Ружанскага сельвыканкама Аксана Юркоўская.

Аксана Уладзіміраўна адзначыла, што пра недастатковасць гандлёвых аб‘ектаў на тэрыторыі сельсавета казаць не варта. Забяспечанасць гандлёвымі плошчамі складае 866,69 кв. м на тысячу жыхароў (для параўнання: у цэлым па Пружанскім раёне гэты паказчык 812,71). Сацыяльныя стандарты выконваюцца. У той жа час большасць насельніцтва сельсавета пражывае ў Ружанах (63,5%), таму менавіта тут сканцэнтравана большасць аб‘ектаў.

Значная частка стацыянарных магазінаў належыць Пружанскаму райспажыўтаварыству, таксама працуюць крамы сетак «Еўраопт», «Дабраном», «Востраў чысціні і смаку», фірменныя магазіны «Пятруха», «Мясны кошык», «Мясны свет». Ёсць і некалькі прыватных магазінаў. Кожную пятніцу шэраг суб‘ектаў гаспадарання гандлюе на рынку. 22 вёскі, якія ўваходзяць у лік маланаселеных, абслугоўваюцца аўтамагазінамі райспажыўтаварыства.

Таксама ў сістэму абслугоўвання ўваходзяць дзве сталоўкі ААТ «Ружаны-Агра» і чатыры аддзяленні РУП «Белпошта», кафэ «Ружанка», кафетэрый на аўтазаправачнай станцыі.

Напярэдадні пасяджэння аддзелам ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама і рэдакцыяй газеты праводзіліся маніторынгі грамадскай думкі. Як адзначыў начальнік аддзела Аляксандр Момлік, у анкетаванні прыняло ўдзел 58 працуючых грамадзян (работнікі Ружанскай сярэдняй школы, гарадской бальніцы, ААТ «Ружаны-Агра» і санаторыя «Ружанскі»), а таксама 10 пенсіянераў — усяго 68 чалавек. У асноўным анкеты запаўнялі жанчыны. Сярэдні ўзрост рэспандэнтаў склаў 45 гадоў.

Амаль усе рэспандэнты лічаць, што харчовых магазінаў у Ружанах дастаткова, асартымент у іх задавальняе 47 з 68 чалавек. А вось што тычыцца магазінаў, якія гандлююць прамысловай прадукцыяй, будаўнічымі матэрыяламі, то станоўча ацанілі іх колькасць 20 апытаных, а асартымент — толькі 15.

Сярод магазінаў, якія падабаюцца, у першую чаргу і са значным адрывам рэспандэнты адзначылі «Хіт! Экспрэс», на другім месцы аказаліся магазіны сістэмы райспажыўтаварыства. Сярод праблем у гандлі, на думку ўдзельнікаў апытання, на першым месцы — адсутнасць ініцыятывы з боку персаналу (29 адказаў), а 10 чалавек адзначылі няўважлівасць або грубасць.

Пра недастатковасць аб‘ектаў грамадскага харчавання выказалася больш за палову рэспандэнтаў. А пры ацэнцы работы па пяцібальнай сістэме кафэ «Ружанка» атрымала 4,17 бала, сталовая ААТ «Ружаны-Агра» — 4,83 бала.

35 чалавек не задавальняе бытавое абслугоўванне, а 44 чалавекі — графік работы аб‘ектаў «бытоўкі».

Галоўны санітарны ўрач раёна Кацярына Папко праінфармавала аб выніках праведзенай ацэнкі аб‘ектаў гандлю з пункту гледжання санітарна-гігіенічных патрабаванняў.

Шэраг невялікіх парушэнняў быў выяўлены ў двух магазінах г.п. Ружаны рознай падпарадкаванасці, а таксама трох вясковых, салоне прыгажосці. У вясковых магазінах яны ў асноўным тычыліся ўтрымання маразільнага абсталявання, стану будынкаў і прылеглых тэрыторый.

Па выніках убачанага і пачутага членамі прэзідыума райсавета дэпутатаў зроблена выснова, што насельніцтва Ружанскага сельсавета ў асноўным забяспечана таварамі першай неабходнасці, паўсядзённага попыту, а таксама рознай спецыялізаванай накіраванасці. У той жа час належным чынам вырашаны не ўсе праблемы. У прынятым рашэнні былі дадзены канкрэтныя даручэнні па паляпшэнні работы.

Скідкі і акцыі. Чаму не ўсе пра іх ведаюць?

Аналізуючы вынікі анкетавання, а таксама апытання, праведзенага рэдакцыяй «раёнкі» (яно было апублікавана ў нумары за 16 жніўня), стала бачна, што часам меркаванні людзей адрозніваюцца ад рэальнага стану спраў. Магчыма, шэраг нестыковак мог узнікнуць з-за недастатковага інфармавання. Давайце параўнаем меркаванні і факты пра скідкі і акцыі.

Сярод праблем, якія называла частка суразмоўцаў падчас рэдакцыйнага апытання, было непрадастаўленне сацыяльных скідак або адсутнасць інфармавання пра іх. А амаль трэцяя частка рэспандэнтаў анкетавання (25 чалавек) пазначыла, што аддае перавагу сеткаваму магазіну, таму што тут у тым ліку «дзейнічаюць акцыі і скідкі».

Але насамрэч акцыі і скідкі дзейнічаюць не толькі ў сеткавым магазіне: як паведаміла ў сваім выступленні Аксана Юркоўская, для стымулявання пакупніцкага попыту райспажыўтаварыства штомесяц распрацоўвае акцыённы пакет на харчовыя і нехарчовыя групы тавараў са зніжэннем гандлёвай надбаўкі да 10%.

Працуюць гэтыя акцыі і ў зоне канкурэнцыі аб‘ектаў гандлю Ружанскага сельсавета: у двух пасялковых магазінах «Прадукты» і магазіне «Прамтавары».

У жніўні, напрыклад, акцыі ўстаноўлены на шэраг найменняў малочнай прадукцыі ААТ «Савушкін прадукт» і «Брэсцкае марожанае», кандытарскія вырабы ад «Камунаркі» і «Спартака», каўбасы ад Віцебскай бройлернай фабрыкі, маянэз «Камака», безалкагольныя напоі і піва двух вытворцаў і інш.

На пастаяннай аснове праводзяцца сумесныя акцыі з шэрагам вытворцаў і па рэалізацыі нехарчовых тавараў, у тым ліку ААТ «Галантэя» ЗАТ «Калінка», СТАА «Контэ-Спа» і інш.

Дзейнічае і сістэма 10%-ых сацыяльных скідак для ўразлівых груп насельніцтва на 29 груп тавараў, вызначаных Міністэрствам антыманапольнага рэгулявання і гандлю. Яны даюцца ў магазіне «Прадукты» на плошчы 17 Верасня ў Ружанах, міні-магазінах у в. Байкі, Кавалі, Паўлава, Поланск, аг. Калазубы і Варанілавічы, двух аўтамагазінах.

У магазіне «Прадтавары» на плошчы 17 Верасня мы змаглі ўвачавідкі ўпэўніцца, што скідкі сапраўды даюцца: станоўча на наша пытанне адказалі пенсіянеры Аляксандр Уладзіміравіч і Марыя Сяргееўна, якія ў гэты час прыйшлі па пакупкі, а прадаўцы паказалі ўнушальны стосік заяў-анкет, на падставе якіх пакупнікам шэрага катэгорый выдаецца скідачная картка. Нагадаем: права на яе атрыманне пенсіянерам, інвалідам, бацькам, якія выхоўваюць дзіця-інваліда да 18 гадоў, шматдзетным сем‘ям, атрымальнікам сацыяльнай адраснай дапамогі патрэбна пацвярджаць адпаведнымі дакументамі.

Між іншым, старшыня Велікасельскага сельвыканкама Таццяна Навіцкая расказала, што на днях яна таксама разбіралася з падобным зваротам з в. Ялова. Аказалася, што прадавец аўталаўкі не можа аформіць картку на сацыяльную скідку пенсіянеру, таму што той не атрымаў пенсіённае пасведчанне.

Тавары з акцыённага пакета ад вытворцаў у магазіне па ўсіх правілах былі пазначаны цэннікамі жоўтага колеру з адпаведнымі надпісамі, пазначаны і сацыяльныя групы тавараў. Работнікі магазіна патлумачылі, што звяртаюць увагу пакупнікоў на магчымасць зэканоміць. Тым не менш, хацелася б убачыць інфармацыю пра ўсё гэта на нейкіх яркіх і добра бачных аншлагах, плакатах, размешчаных у полі зроку тых, хто ў магазін уваходзіць. Ларыса Жуковіч адразу ўзгадала пра крэйдавую дошку, якая ёсць у магазіне, і запэўніла, што пытанне вырашыцца.

Падобнае пажаданне прагучала і ў магазіне «Мясны свет», дзе таксама штодзень на шэрагу цэннікаў з‘яўляецца слова «Акцыя».

Праблемы рэальныя або надуманыя?

На што яшчэ звярталі ўвагу жыхары Ружаншчыны?

Большасць удзельнікаў анкетавання, якіх не задавальняе асартымент прамысловых тавараў, адзначыла праблемы з набыццём патрэбнага адзення (28 чалавек) і абутку (26 чалавек). З падобным пытаннем, дарэчы, звярталіся ў мінулым годзе падчас выязнога прыёму старшыні Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў Юрыя Наркевіча, у 2023 годзе — падчас выязнога прыёму старшыні Пружанскага райвыканкама Міхаіла Грышкевіча. Але ці не надуманая гэта праблема? Справа ў тым, што ў магазіне «Прамтавары» па вул. Савецкай у Ружанах існуе журнал для папярэдніх заявак на тавары ад насельніцтва. Патрэбныя рэчы можна заказаць. У той жа час апошні запіс у журнале — заказ на швейныя ніткі — зроблены ажно ў лістападзе 2020 года. І слушна прагучалі лічбы, прыведзеныя Ларысай Жуковіч, што таварныя запасы ў «Прамтаварах», за якія ўжо заплачана пастаўшчыкам, складаюць 165 тысяч рублёў. Гэта раўназначна гадавому абароту магазіна. Ці варта назапашваць даўгі?

Па словах Аксаны Юркоўскай, сёлета падчас сельскіх сходаў і гутарак з вяскоўцамі прагучалі заўвагі аб парушэнні графіка работы аўтамагазіна, таксама аб адсутнасці тут рыбнай прадукцыі і замарожаных кур. Гэтыя пытанні былі накіраваны ў райспажыўтаварыства для вырашэння. Як адзначае Аксана Уладзіміраўна, супрацоўніцтва мясцовай улады з РСТ наладжана, шэраг пытанняў вырашаецца аператыўна.

Прагучалі заўвагі, якія тычыліся малых плошчаў шэрага магазінаў, вырашэння кадравага пытання і павышэння заробкаў работнікаў гандлю, а таксама прапановы наконт больш працяглага часу работы гандлёвых аб‘ектаў, асабліва ў летні перыяд. Але ж і тут варта спачатку падлічыць: ад плошчы залежаць расходы на ўтрыманне будынку, арэнду, ацяпленне, а павелічэнне працягласці рабочага дня не робіць ні рэнтабельнасць магазінаў, ні зарплату прадаўцоў большымі.

Што тычыцца пажадання мець у пасёлку кулінарыю са свежай выпечкай, то варта прыняць да ўвагі тое, што правая палова памяшкання ў «Мясным свеце» пакуль пустуе. Гаспадары нібыта збіраюцца зрабіць тут кафетэрый, але пакуль тэрміны не вызначаюць. У той жа час «Мясны свет» і з‘явіўся на месцы былой кулінарыі, якая не прыносіла даходу.

Падрыхтавала да друку Ірына Сядова. Фота Кацярыны Масік

http://www.budni.by/gandal-u-ruzhanax-planka-ўznyata-vysoka-raskazvaem-pra-vyyaznoe-pasyadzhenne-prezidyuma-rayonnaga-saveta-deputataў/

 

К списку новостей

Интернет-ресурсы

Полезные ссылки