Пружанский районный исполнительный комитет

Пружанский районный исполнительный комитет
burger
Главная // Новости

Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў

16/02/2024 14:02

У дзень 35-й гадавіны з Дня вываду савецкіх войскаў з Рэспублікі Афганістан у Пружанскім районе адбыліся шматлікія мерапрыемствы.

Пачатак яны ўзялі на плошчы каля гарадскога Палаца культуры. Тут сабраліся воіны-інтэрнацыяналісты, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, прадпрыемстваў, устаноў горада, вучні школ. Калона ў суправаджэнні духавога аркестра пад ваенныя маршы ўрачыста прайшла па вуліцы Савецкай, затым звярнула на вуліцу Тармасава да сквера памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў.

Мітынг «Мы памятаем, мы ганарымся…»


Мітынг памяці з нагоды 35-годдзя з дня вываду абмежаванага кантынгенту з Афганістана пасля звароту да прысутных адкрыў старшыня Пружанскага райвыканкама Міхаіл Грышкевіч.

У сваім выступленні Міхаіл Міхайлавіч у прыватнасці сказаў: «Нягледзячы на тое, што з таго дня, калі воіны Савецкай Арміі пакінулі Афганістан, мінула 35 гадоў, але памяць аб гэтым хвалюе заўсёды. Тыя, хто быў удзельнікам тых баявых дзеянняў, хто страціў сваіх баявых таварышаў, блізкіх, родных, будуць памятаць аб гэтым заўсёды». Далей старшыня райвыканкама прывёў лічбы колькасці прайшоўшых праз афганскую вайну, загінулых.

«Той час называюць «халоднай вайной», але для нашых суайчыннікаў яна ператварылася ў гарачую, — сказаў Міхаіл Грышкевіч. — Савецкае кіраўніцтва імкнулася засцерагчы свае паўднёвыя межы — у выніку краіна была ўцягнута ў крывапралітную вайну, якая расцягнулася на доўгія дзесяць гадоў. Сёння мы абавязаны аналізаваць і ўлічваць урокі афганскай вайны і пры гэтым глядзець праўдзе ў вочы. Вайна яшчэ раз паказала, што ніхто не мае права ўмешвацца ў жыццё іншай краіны. Ні адну ідэалогію нельга прынесці на штыках іншай арміі — гэта сур’ёзны ўрок усяму міралюбіваму грамадству.

Сёння мы схіляем галовы перад памяццю ўсіх, хто не вярнуўся з афганскай вайны. І з павагай адносімся да тых, хто яе прайшоў. Для гэтага ў нашым горадзе зроблена многае. Мы стварылі сквер, пакой Славы воінаў-інтэрнацыяналістаў, а самое галоўнае — алею памяці з імёнамі нашых загінулых землякоў».

Міхаіл Міхайлавіч звярнуўся да ветэранаў баявых дзеянняў, адзначыў, што многія з іх яшчэ ў страі — працуюць на вытворчасці, дапамагаюць у вырашэнні штодзённых задач, на асабістым прыкладзе выхоўваюць любоў да Радзімы ў падрастаючага пакалення. Кіраўнік раёна выказаў словы павагі ўсім, хто прайшоў праз вайну ў Афганістане, хто не зламаўся і знайшоў сябе ў мірным жыцці. Міхаіл Міхайлавіч адзначыў, што сёння наша краіна як ніколі мае патрэбу ў такіх людзях, якія ўмеюць пераадольваць цяжкасці, вырашаць самыя складаныя задачы. Міхаіл Грышкевіч пажадаў усім прысутным ніколі не зведаць цяжару вайны, болю ад страты родных і блізкіх, чыстага і мірнага неба.

Далей перад прысутнымі з пранікнённымі словамі выступілі: ваенны камісар Пружанскага раёна Кірыл Шаўчэнка, ветэран вайны ў Афганістане Аляксандр Мозераў, старшыня Баранавіцкай раённай арганізацыі РГА «Патрыёты Беларусі» Ігар Кошаў, другі сакратар Брэсцкага абласнога камітэта ГА «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі» Лізавета Чамармазовіч.

У рамках міжнароднага гісторыка-патрыятычнага праекта БРСМ «Лічбавая зорка» , праекта РГА «Патрыёты Беларусі» «Захаваем гісторыю» была адкрыта стылізаваная таблічка з QR-кодам. Зараз любы чалавек зможа навесці на код свой тэлефон і даведацца аб подзвігу нашых воінаў, якія змагаліся ў Афганістане.

Ганаровая права адкрыць знак было прадастаўлена Міхаілу Грышкевічу, Лізавеце Чамармазовіч і Ігару Кошаву.

Пасля мінуты маўчання да помніка былі ўскладзены кветкі і вянкі ад удзячных землякоў.

Паніхіда па загінулых і памерлых

Мерапрыемствы да Дня памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў былі працягнуты жалобнай паніхідай па тых, хто не вярнуўся з гарачага Афганістана, і тых, хто не дажыў да нашых дзён. Малебен прайшоў у Свята-Аляксандра-Неўскім храме горада Пружаны, адслужыў яго айцец Дыянісій Папоў.

Ярка гарэлі свечкі ў руках нашых ветэранаў вайны ў Афганістане. Нагадвалі яны гарачыя сэрцы іх сяброў-землякоў, каго зараз ужо няма з намі. А галасы пеўчых з кліраса супакойвалі, нібы анёлы-ахоўнікі, і зноў нагадвалі, што нашыя героі знаходзяцца ў палацах Гасподніх.

Няхай жа іх гераічныя душы спачываюць з мірам.

Юбілейныя медалі


Пашчасціла паўдзельнічаць яшчэ ў адной міссіі —уручэнні юбілейных медалёў «35 гадоў вываду савецкіх войскаў з Афганістана» ветэрану вайны ў Афганістане Юрыю Кунду і Соф’і Марыі Чарнак — маме малодшага сяржанта Уладзіміра Чарнака, які загінуў у Афганістане 22 снежня 1983 года. Фота і таблічка з імем Уладзіміра знаходзіцца на Алеі Славы ў скверы памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў па вуліцы Тармасава. Ганаровую місію ўручэння медалёў выканаў ваенны камісар Пружанскага раёна Кірыл Шаўчэнка і старшыня Пружанскай раённай арганізацыі РГА «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане» Валерый Гарахавіцкі.

Ведаеце, пабываўшы ў гасцях у Юрыя Кунды і Соф’і Марыі Чарнак, пранікнуўся павагай і зарадам упэўненасці ў тым, што з такімі людзьмі, нягледзячы на цяжкасці ў іх жыцці, хваробы, можна яшчэ многае зрабіць. Іх аптымізм усяляе надзею на заўтрашні дзень.

Віктар Ільюшчанка.

Фота аўтара

http://www.budni.by/pamyatnyya-merapryemstvy-z-nagody-35-j-gadaviny-vyvadu-saveckix-vojskaў-z-afganistana-adbylisya-ў-pruzhanax-mnoga-fota/

 

К списку новостей

Интернет-ресурсы

Полезные ссылки