Пружанский районный исполнительный комитет

Пружанский районный исполнительный комитет
burger
Главная // Новости

Да вас едзе перасоўны медкомплекс! Расказваем, як працуе, чым аснашчаны і калі чакаць яго ў вашай вёсцы

07/09/2023 07:59

Перасоўны медыцынскі комплекс на мінулым тыдні пачаў работу ў Пружанскім раёне. У перавагах падобнага абслугоўвання першымі ўпэўніліся жыхары вёскі Жабін Шаняўскога сельсавета.

Адна з першых пацыентак у Жабіне — Ніна Паўлаўна Пукіта.

— Наша вёска знаходзіцца непадалёку ад Гарадзечна, дзе ёсць ФАП. Адтуль наш фельчар Алена Іванаўна заўсёды прыязджае, калі патрэбна, — кажа адна з першых пацыентак Ніна Паўлаўна Пукіта. — Ды звычайна на веласіпедзе. А тут глядзіце, на якім аўтамабілі прыехала!

Сапраўды, у спецыяльным «памяшканні» — гінекалагічнае крэсла і кушэтка для агляду жанчын. Устаноўлены рукамыйнікі, ёсць халадзільнае абсталяванне.

— Думаю, што вельмі зручным перасоўны комплекс будзе падчас прышчэпачнай кампаніі, — разважае загадчыца Гарадзечненскага ФАПа Алена Мазан, якая вядзе агляд пацыентаў у Жабіне. — Ды і наогул тут ёсць усе ўмовы для паўнацэннага пярвічнага медагляду, можна ўзяць аналізы крыві на біяхімію, зрабіць кардыяграму.

Загадчыца Гарадзечненскага ФАПа Алена Мазан разам з маладым спецыялістам Кацярынай Дубчук гатовы прымаць пацыентаў.

Пакуль мы размаўляем, памочнік урача Кацярына Дубчук рыхтуе да прыёму наступную пацыентку. Соф’і Міхайлаўне Качан напярэдадні споўнілася 85 гадоў. Узрост шаноўны, адпаведны і букет праблем са здароўем. Жанчына выслухоўвае рэкамендацыі па прыёме лекаў, а фельчар радуецца, што артэрыяльны ціск у яе — у норме.

На прыёме — Соф’я Міхайлаўна Качан.

— Гэта ў мяне настрой сёння такі выдатны, што і ціск нармалізаваўся, — жартуе бабуля. — Раней толькі аўталаўка да мяне пад самую хату прыязджала, а цяпер — цэлая паліклініка на колах, усе зручнасці! Сама так разважаю і моладзі скажу: варта цаніць гэта, дзякаваць нашай краіне і нашаму Прэзідэнту за тое, што жыццё пенсіянераў імкнуцца зрабіць лепшым!

Галоўны ўрач УАЗ «Пружанская ЦРБ» Юрый Юзько.

— Мы атрымалі перасоўны медыцынскі комплекс ад галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя Брэсцкага аблвыканкама. Ён быў закуплены за сродкі абласнога бюджэту, — тлумачыць галоўны ўрач УАЗ «Пружанская ЦРБ» Юрый Юзько. — Фельчара ФАПа сёння задзейнічалі часова. Пакуль комплекс функцыянуе ў рэжыме тэсціравання. Два тыдні нам патрэбна, каб вызначыцца, наколькі дакладна працуюць усе агрэгаты, ці трымаюць патрэбную тэмпературу халадзільнікі. А ўжо з сярэдзіны верасня тут з‘явіцца пастаянны работнік, складзем графік выездаў па населеных пунктах раёна. Адначасова магчыма будзе наладзіць і продаж лекаў.

Унутры перасоўнага медкомплексу.

— Думаю, што комплекс стане добрай альтэрнатывай стацыянарнаму медыцынскаму абслугоўванню, асабліва для жыхароў маланаселеных і аддаленых вёсак, — адзначыў Юрый Віктаравіч. — Ён можа працаваць як аўтаномна, так і сумесна з ФАПам. Медыкі цяпер змогуць у літаральным сэнсе слова ўвайсці ў кожны дом, зрабіць неабходныя абследаванні, правесці дыспансерызацыю людзей, якім складана дабрацца ў паліклініку.

Ірына Сядова. Фота аўтара

http://www.budni.by/da-vas-edze-perasoўny-medkompleks-raskazvaem-yak-pracue-chym-asnashchany-i-kali-chakac-yago-ў-vashaj-vyoscy/

 

К списку новостей

Интернет-ресурсы

Полезные ссылки