Пружанский районный исполнительный комитет

Пружанский районный исполнительный комитет
burger
Главная // Новости

Адзёр (корь): прышчэпкі — абавязковыя

07/02/2024 16:28

У Беларусі з агульнага ліку захварэлых на адзёр (корь) 75% не былі прышчэплены і не ведаюць свайго прышчэпачнага статусу.

Цяпер на Брэстчыне, таксама як і ў Гомельскай, Мінскай абласцях і г. Мінску, рэгіструецца захворванне на адзёр. Сітуацыя па захворванні ацэньваецца як кантралюемая. Часцей хварэюць дзеці, якім не былі зроблены прышчэпкі супраць адру. Прычына — адмова бацькоў ад вакцынацыі. Сярод дарослых людзей захворванне таксама рэгіструецца. 75 % з агульнага ліку захварэлых не былі прышчэплены і не ведаюць свайго прышчэпачнага статусу.

Даведачна. Захворванне на адзёр, згодна з дадзенымі з адкрытых крыніц, распаўсюджваецца ў Расійскай Федэрацыі (рост захворвання ў 288 разоў у параўнанні з 2022 годам). А паводле дадзеных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя за дзевяць месяцаў 2023 года ў свеце зарэгістравана больш за 9 мільёнаў выпадкаў захворванняў, з якіх больш за 136 тысяч скончыліся смерцю).

Узбуджальнік адру — вірус. У навакольным асяроддзі ён няўстойлівы: гіне пры пакаёвай тэмпературы на працягу 5-6 гадзін. Адзіная крыніца заражэння — хворы чалавек. Распаўсюджанне віруса адбываецца пры чыханні, кашлі, нават гутарцы, калі кропелькі сліны могуць трапіць на суразмоўцу. Калі чалавек не хварэў на адзёр і не прышчэплены ад гэтай інфекцыі, то пасля кантакту з хворым заражэнне адбываецца практычна ў 100% выпадкаў. Вірус таксама можа распаўсюджвацца па вентыляцыйных трубах і шахтах ліфтаў дома, тады адначасова захворваюць дзеці, якія жывуць на розных паверхах.

Захворванне пачынаецца з павышэння тэмпературы цела, катаральных сімптомаў.

Спецыфічнымі сімптомамі для адру, якія з’яўляюцца праз некалькі дзён ад пачатку захворвання, з’яўляюцца:

  • кан’юнктывіт, высыпка ў выглядзе дробных белых плям на ўнутранай паверхні шчок,
  • высыпка ружовага колеру, якая з’яўляецца паступова на працягу 3-4 дзён (спачатку за вушамі, на твары, шыі, потым на тулаве, а на наступны дзень — на руках і нагах).

Прыкладна ў 40% выпадкаў адзёр можа прывесці да ўскладненняў (звычайна ў дзяцей да пяці гадоў і дарослых з аслабленым імунітэтам). Найболей частыя ўскладненні — інфекцыі дыхальных шляхоў, слепата, атыт, цяжкая дыярэя з абязводжваннем, паражэнні галаўнога мозгу.

Важна. Пры сімптомах захворвання, падобнага на адзёр, заставайцеся дома і выклічце ўрача дахаты. Гэта трэба для таго, каб не падвяргаць іншых людзей небяспецы захворвання.

Перанесены адзёр фарміруе трывалы пажыццёвы імунітэт.

Метадаў спецыфічнага лячэння адру не існуе, але захворвання можна пазбегчы з дапамогай вакцынацыі. Вакцыны супраць адру валодаюць высокай эфектыўнасцю. Пасля ўвядзення адной дозы вакцыны ў больш чым 95% прышчэпленых фарміруецца доўгачасовая імунная абарона арганізма, пасля другой дозы эфектыўнасць дасягае практычна 100%. Такім чынам, для забеспячэння працяглай абароны патрабуецца дзве прышчэпкі.

У Беларусі вакцынацыя супраць адру, эпідэмічнага паратыту і краснухі праводзіцца згодна з Нацыянальным календаром прафілактычных прышчэпак.

Планавая вакцынацыя дзяцей робіцца ва ўзросце 12 месяцаў і паўторная — у 6 гадоў.

Вакцынацыя таксама патрэбна ўсім асобам, якія кантактавалі з хворым на адзёр, і не маюць звестак пра зробленыя раней прышчэпкі ці перанесеную хваробу. Рэкамендавана таксама вакцынацыя асоб, якія не хварэлі і не прышчэплены або прышчэплены адной дозай дарослых і дзяцей.

За ўсімі асобамі, што кантактавалі з хворым на адзёр, устанаўліваецца медыцынскае назіранне тэрмінам на 21 каляндарны дзень.

Рэкамендуем усім жыхарам раёна ад 18 гадоў і старэйшым:

  • удакладніць свой прышчэпачны статус супраць адру ў тэрытарыяльнай арганізацыі аховы здароўя;
  • зрабіць прафілактычныя прышчэпкі супраць адру, калі адсутнічаюць дакументальныя звесткі пра вакцынацыю супраць адру, пра перанесены адзёр, пра вынікі сералагічнага даследавання крыві, што пацвярджае наяўнасць ахоўных узроўняў IgG-антыцелаў да віруса адру, ці калі ёсць дакументальныя звесткі толькі пра адну прафілактычную прышчэпку супраць адру.

Вакцыны супраць адру ствараюць надзейны імунітэт, які захоўваецца больш за 20 гадоў. Вакцынацыя папярэджвае развіццё адру, нават калі яна праведзена ў час пагаршэння эпідэмічнай сітуацыі.

Кацярына Папко, галоўны санітарны ўрач раёна

http://www.budni.by/adzyor-kor-pryshchepki-abavyazkovyya/

 

К списку новостей

Интернет-ресурсы

Полезные ссылки