Пружанский районный исполнительный комитет

Пружанский районный исполнительный комитет
burger
Главная // 2024 - Год качества

Мэбля з Ружан зноў заваёўвае свет

20/04/2024 10:11

На пачатку 2000-х гадоў Ружанская мэблевая фабрыка лічылася горадаўтваральным прадпрыемствам. Але з цягам часу, у выніку змянення эканамічных падыходаў, вытворчасць мэблі стала губляць рэнтабельнасць, а з ёй — і попыт. Сітуацыя дайшла да таго, што пасялковая фабрыка адчула фінансавыя цяжкасці, якія адмоўна адбіліся на набыцці сыравіны, выплаце заработнай платы, а гэта, у сваю чаргу, прывяло да адтоку кадраў, замаруджвання вытворчасці і зніжэння аб’ёмаў выпускаемай прадукцыі.

Прадукцыю дэманструюць дырэктар РМК Валерый Закшэўскі і яго намеснік Генадзь Лазар.

У 2018 годзе быў знойдзены зацікаўлены інвестар — ААТ «Навітамэбля», які вырашыў аднавіць вытворчасць, удасканаліць маркетынгавую палітыку, а значыць, надаць брэнду «Зроблена ў Ружанах» новае дыханне. І сёння, праз пяць гадоў напружанай працы, можна сказаць, што задумкі здзейсніліся.

На жаль, сцвярджаць, што Ружанская мэблевая фабрыка, а дакладней, зараз Ружанская мэблевая кампанія зноў вярнула горадаўтваральны статус, нельга. За мінулы час па маштабе мясцовае сельгаставарыства настолькі нарасціла сваю магутнасць, што апярэджвае прадпрыемства па вытворчасці мэблі на парадак: і па кадравым патэнцыяле, і па аб’ёмах прадукцыі. Аднак і РМК штогод набірае абароты: сёлета працоўны персанал тут складаецца з 220 работнікаў. Як зазначае дырэктар Валерый Закшэўскі, фарміраванне кадравага напаўнення ішло не адзін год.

— Спачатку прыходзілася вазіць аўтобусам спецыялістаў са Слоніма, — успамінае Валерый Эдуардавіч. — Паступова прымалі мясцовых жыхароў, адначасова, літаральна на працоўным месцы, праводзілі навучанне. І амаль 100% персаналу — ружанцы.

Кантроль функцыяналу станка з праграмным кіраваннем вядуць галоўны энергетык Яўген Герашчанка і аператар Валерый Ганчарэвіч.

Паралельна праводзілася маштабная рэканструкцыя вытворчасці, якая закранула не толькі само абсталяванне, у належны выгляд прыводзіліся памяшканні фабрыкі, аптымізавалася вытворчая інфраструктура. Прадпрыемства за няпоўныя два гады змянілася кардынальна.

Аднак на гэты перыяд фабрыка не спыняла сваю дзейнасць, лініі па выпуску мэблі часткова працавалі, паступова замяняючыся новымі станкамі з праграмным кіраваннем. І напрыканцы 2019 года РМК выйшла на запланаваныя аб’ёмы: тысячу камплектаў мэблі ў месяц. У якасці арыенціра пакінулі былі сегмент пакаёвых гарнітураў — спальні, тым больш што былы брэнд «РМФ» займеў пэўны аўтарытэт не толькі ў рэспубліцы, але і за яе межамі. Да слова, геаграфію паставак не толькі захавалі, але і пашырылі. Сёння спальні, «зробленыя ў Ружанах», актыўна рэалізуюцца ў Расіі, Казахстане, Азербайджане, Арменіі, Кіргізіі, Таджыкістане. Продажы ў некаторай ступені рэгулююцца сезоннымі ваганнямі, вясной попыт крыху змяншаецца. Аднак гэта не зніжае тэмпы вытворчасці, у «міжсезонне» ідзе назапашванне прадукцыі, якая ў іншы час будзе разыходзіцца літаральна ад станкоў.

Напрыканцы канвеера працуюць упакоўшчыкі-укладчыкі Андрэй Шалкоўскі і Уладзімір Лучко.

Каталог РМК цяпер уключае амаль два дзясяткі найменняў, асартымент не канчатковы, і ў перспектыве дапускаецца яго пашырэнне. Тым больш што станочнае абсталяванне гэта дазваляе зрабіць вельмі хутка: амаль 99% аперацый аўтаматызавана. Хаця ёсць і некаторая частка ручной работы, напрыклад, у мастакоў, дзякуючы чаму можна смела сцвярджаць, што кожная спальня РМК — непаўторны эксклюзіў. Сустрэць яго можна і ў беларускіх магазінах, у прыватнасці, мінскія гандлёвыя дамы ахвотна адводзяць куткі пад ружанскую мэблю.

Як жа нараджаюцца ружанскія спальні? Вытворчы працэс на фабрыцы наладжаны з поўным цыклам — ад паступлення сыравіны, якая таксама набываецца ў беларускіх вытворцаў, да упакоўкі камплекта, пры гэтым выкарыстоўваецца нават уласнабрэндавая тара, каб пакупнік адразу бачыў, хто нясе адказнасць за яго пакупку. На ўсіх этапах уводзіцца строгі кантроль якасці, не дапускаецца ніякага захламлення працоўнага месца. Увогуле вытворчыя цэхі прадпрыемства сваёй чысцінёй, акуратнасцю і захаваннем умоў бяспекі працы нагадваюць бальнічныя палаты. І гэта ўсё — нягледзячы на асаблівасці выконваемага працэсу — ад раздзелкі пліт да іх афарбоўкі. Зацікаўлены ў захаванні такіх падыходаў і самі работнікі, з улікам таго, што сярэдняя заработная плата ў Ружанскай мэблевай кампаніі на сённяшні дзень складае больш за 1500 рублёў.

Свой непаўторны выгляд ружанскія спальні набываюць у руках аддзелачніц Таццяны Макарэвіч і Наталіі Валнышавай.

У бягучым годзе прадпрыемству па вытворчасці мэблі ў Ружанах спаўняецца 80 гадоў. У першыя пасляваенныя гады фабрыка арыентавалася на хуткае задавальненне попыту аднаўляемай разбуранай падчас акупацыі народнай гаспадаркі. Сёння яе прадукцыя ідзе па разрадзе «раскошы»: калі пражыць без яе можна, але пры наяўнасці ў пакоі такой спальні можна адчуваць велізарнае задавальненне. І, што самае галоўнае, — у нашай краіне ёсць магчымасць арганізаваць падобную вытворчасць, каб задавольваць жаданне беларусаў жыць яшчэ лепш.

Алег Сідарэнка.

Фота Кацярыны Масік

http://www.budni.by/68312-2/

 

К списку новостей

Интернет-ресурсы

Полезные ссылки