Пружанский районный исполнительный комитет

Пружанский районный исполнительный комитет
burger
Главная // Год исторической памяти

Месца памяці, гонару, смутку

23/06/2022 07:23

Адным з самых буйных пахаванняў на Пружаншчыне з’яўляюцца вайсковыя могілкі ў вёсцы Слабудка – воінскае пахаванне № 172. Вядома, што яны ўзніклі ў пачатку ХХ ст. пры гарнізоне і выкарыстоўвалася ў перыяд Расійскай імперы, знаходжання ў складзе Польшчы і СССР. Аднак, надмагіллі тых часоў не захаваліся.

 

Масавыя пахаванні праводзіліся на могілках “на горцы” ў жніўні 1944 – верасні 1945 гг. Тут хавалі ваеннаслужачых, памерлых ў шпіталях, якіх на працягу гэтага часу ў Слабудцы змяшчалася не менш дзесяці. Кожная з медчасцей мела свой участак для пахавання.

Паводле ўспамінаў мясцовых жыхароў, параненых было вельмі многа. Іх прывозілі з фронту і дастаўлялі ў Слабудку з чыгуначнай станцыі Аранчыцы. Калі для падвозу не хапала ваеннага транспарту, для гэтай справы прыцягвалі сялян. У шпіталях месца ўсім не хапала, параненыя ляжалі на падлозе. Аперыраваць не паспявалі. Смяротнасць была высокая, памерлых хавалі кожны дзень у брацкіх магілах.

Спісы шпіталяў захаваліся часткова, таму дакладная колькасць пахаваных у Слабудцы невядома. У пашпарце вайсковых могілак пакуль узгаданы толькі 283 ваеннаслужачыя, 83 з іх – невядомы.

На могілках цэнтральнае месца займае брацкая магіла, на мемарыяльных плітах якой пазначана 194 прозвішчы. Існуюць таксама індывідуальныя пахаванні, большасць з якіх безымянныя.

Захаваўся помнік ураджэнцу Масквы лейтэнанту Уладзіміру Фрыдрыхавічу Зіфціну (15.08.1922 – 17.10.1944) – тройчы ордэнаносцу, камандзіру ўзвода і начальніку артразведкі дывізіёна 1046-га артпалка 399-й стралковай дывізіі. Цяжкае раненне ён атрамаў 5 верасня 1944 г. пад Варшавай, калі, знаходзячыся сярод наступаючай пяхоты, асабіста каардынаваў агонь артылерыі, выяўляючы агнявыя кропкі праціўніка. Зіфцін памёр ад ран ў эвакашпіталі № 3824.

Роднымі быў пастаўлены помнік жыхару в.Рудня Целяханскага р-на Пінскай вобласці Леаніду (у дакументах – Аляксандру) Яфімавічу Паўловічу (1924 – 11.03.1945) – радавому (санітару) 629-га стралковага палка 134-й стралковай дывізіі, прычынай смерці якога ў эвакашпіталі № 1762 стала хвароба.

Таксама захавалася індывідуальнае пахаванне ўраджэнца Харкаўскай вобласці Украіны чырвонаармейца 221-га стралковага палка Іларыёна Рыгоравіча Шаўчэнкі (1908 – 9.10.1944). Ён памёр ў эвакашпіталі № 276.

Нядаўна стала вядома яшчэ адно імя. Летам 2021 г. падчас рамонтных работ каля могілкавай агароджы была знойдзена металічная шыльда з надпісам: “Гв. рядовой Гармаш. Родился 1935. Умер 1955”.

Першае ўпарадкаванне могілак ў Слабудцы зрабілі адразу пасля вываду шпіталяў, аб чым сведчаць фотаздымкі другой паловы 1940-х гг. Драўляныя “пірамідкі” на пахаваннях былі зроблены вайскоўцамі мясцовага гарнізона. У сярэдзіне 1950-х гг. частку магіл эксгуміравалі і зрабілі вялікае брацкае пахаванне, на якім усталявалі пастамент з драўляным танкам. У 1965 г. гэты самаробны помнік замянілі на тыпавы бетонны абеліск. Сучасны выгляд галоўны мемарыял набыў у 2010 г.

Трэба адзначыць, што вайсковыя могілкі дзейнічалі да пачатку 1960-х гг. Тут хавалі не толькі ваеннаслужачых, але і членаў іх сем’яў.

Вакол цэнтральнага абеліску зараз знаходзіцца 6 брацкіх магіл, якія з’явіліся пасля 2005 г., калі па рашэнні Пружанскага райвыканкама тут сталі праводзіць перапахаванні савецкіх воінаў перыяду Вялікай Айчыннай вайны, астанкі якіх знаходзяць падчас палявых пошукавых работ.

У першай брацкай магіле пахаваны невядомыя чырвонаармейцы, якія загінулі каля в.Вяжное (13 чал.) і воз.Паперня (6 чал.). У другой, датаванай 2006 г., – воіны, чые астанкі знайшлі ў в.Куплін (15 чал.), пас.Інтэрнацыянальны (1 чал.) і в.Папялёва (2 чал.).

У брацкай магіле, якая з’явілася ў выніку перапахаванняў 2008 г. і 2011 г., знайшлі апошні прытулак 3 воіны, якія загінулі каля в.Заполле, адзін з іх – малодшы сяржант Міхаіл Сцяпанавіч Уткін, г.п.Ружаны (11 чал.) і в.Труханавічы (1 чал.). У гэтай брацкай магіле таксама перапахаваны невядомы ваеннаслужачы, астанкі якога пошукавы батальён выявіў у парку в.Каштанаўка.

У 2012 г. у асобнае пахаванне паклалі астанкі 21 чырвонаармейца з-пад Ружан, у тым ліку Уладзіміра Сяргеевіча Каменскага і сяржанта Асана Ісмаілава, і 4 невядомых салдат з кар’ера Вольскае.

Каля в.Блізная ў 2016 г. 52-гі пошукавы батальён знайшоў 7 воінаў, у тым ліку ваентэхніка Абрама Навумавіча Шацкага, якіх пахавалі ў Слабудцы.

Астанкі невядомага салдата, таксама знойдзеныя каля Блізной, пахавалі ў лістападзе 2018 г., а ў кастрычніку 2020 г. – чырвонаармейцаў з-пад Труханавічаў (5 чал.) і Блізной (3 чал.).

Штогод на вайсковых могілках праводзілася работы па добраўпарадкаванні. У 2021 г. з сродкаў, сабраных падчас абласнога суботніку, было выдзелена 20 тыс. бел. рублёў, за кошт якіх удалося зрабіць новую могілкавую агароджу і ўваходныя вароты. Таксама было адрамантавана надмагілле аднай з папярэдніх магіл і ўсталяваны мемарыяльны знак на пахаваннях 2018 – 2020 гг., выдалены аварыйныя дрэвы. Каля воінскага пахавання з’явілася інфармацыйная шыльда з апісаннем аб’екта.

Работы па добраўпарадкаванні могілак у Слабудцы і пошукі інфармацыі аб пахаваных працягваюцца.

Крыніца: http://kultura.pruzhany.by/mesca-pamyaci-gonaru-smutku/

Месца памяці, гонару, смутку

К списку новостей

Интернет-ресурсы

Полезные ссылки